Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІЦТВА ААН У БЕЛАРУСІ РАСПАЧАЛО ПРАЦУ НАД ЧАРГОВАЙ ГАДАВОЙ СПРАВАЗДАЧАЙ ПРА ЧАЛАВЕЧАЕ РАЗЬВІЦЬЦЁ


Ганна Соусь, Менск

Паводле вынікаў студзеня 2003 году, беларуская прамысловасьць і сельская гаспадарка забясьпечылі ўласным харчаваньнем кожнага жыхара Беларусі толькі на 30 тысяч рублёў на месяц — паўдаляра на дзень. І прыкладана на такую ж суму — прамысловымі таварамі. Адзін даляр на чалавека ў дзень, паводле міжнародных стандартаў, ёсьць мяжой беднасьці. Гэтыя ды іншыя лічбы будуць прыведзеныя ў новай справаздачы пра чалавечае разьвіцьцё ў Беларусі, працу над якой распачало Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў разам з групай беларускіх адмыслоўцаў і экспэртаў.

Папэрэдняя нацыянальная справаздача была прэзэнтаваная ў студзені 2001 году. Такі перапынак у гэтай справе прадстаўнік ААН у Беларусі Ніл Бунэ тлумачыць тым, што зьмяніліся міжнародныя патрабаваньні да нацыянальных справаздачаў.

(Бунэ: ) “Асноўнае адрозьненьне ў працэсе стварэньня новай справаздачы ў тым, што мы паспрабуем прыцягнуць да падрыхтоўкі больш розных бакоў і заснаваць канчатковы дакумэнт на кансультацыях розных бакоў. Прыкладам, асноўным арганізатарам і выканаўцам будзе інстытут эканомікі, але ён павінен працаваць супольна з прадстаўнікімі ўнівэрсытэтаў, незалежных аналітычных цэнтраў, урадавымі чыноўнікамі. У беларусаў ёсьць патэнцыял дасягнуць большага, чым яны дасягнулі на дадзены момант. Аднак існуюць аб’ектыўныя прычыны, якія супярэчаць разьвіцьцю гэтага патэнцыялу”.

Прадстаўніцтва ААН стварыла Кансультацыйную раду, у якую ўваходзяць навукоўцы-эканамісты, адмыслоўцы ў розных сэгмэнтах эканомікі. Сярод іх былы міністар эканомікі, а цяпер рэктар эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Шымаў і кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Апошні называе будучую справаздачу пэўнага кшталту выклікам беларускаму ўраду:

(Заіка: ) “Будучая нацыянальная справаздача павінна стаць своеасаблівым пасланьнем адмыслоўцаў і навукоўцаў беларускаму грамадзтву й розным ягоным структурам. Эканамічныя выклікі, якія стаяць перад Беларусьсю, вельмі сур’ёзныя. Перш за ўсё гэта міжнародная канкурэнтаздольнасьць. Наколькі мы канкурэнтаздольныя? І як грамадзтва на гэта адклікаецца? Адзін зь цікавых момантаў, які будзем разглядаць, гэта праблема свабоды эканамічнага выбару. Гэта свабода і спажывецкага выбару, свабода выбару працоўных месцаў, свабода руху капіталу й гэтак далей. Ці здольныя мы карыстацца гэтай свабодай?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG