Марш парожніх рондляў доўжыўся дзьве гадзіны. Замест дазволенага ўладамі мітынгу на гарадзкой ускраіне – плошчы Бангалор – дэманстранты правялі несанкцыяваны мітынг на плошчы Якуба Коласа і шэсьце па праезнай частцы праспэкта Скарыны. Гавораць удзельніцы маршу “За лепшае жыццьцё”:
(Галасы: ) “Таму што галодныя, таму й прыйшлі… Есьці хочам, пагэтаму й прыйшлі, паглядзіце, у чым мы ўжо ходзім, абарваліся, і нават шкадую лішні раз памыць сваю вопратку, у мяне не хапае грошай, на мыла на парашок не хапае, вось і прыйшлі сюды. У мяне пэнсія 90 тысячаў, а квартплата – 70 тысячаў”.
Сярод дэманстрантаў было шмат пэнсіянэраў, моладзі, актывістаў жаночых арганізацыяў. Прыйшлі палітычныя лідэры: Вінцук Вячорка, Юры Хадыка, Андрэй Саньнікаў, за акцыяй назіралі замежныя дыпляматы. Прыйшоў на мітынг і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў:
(Фралоў: ) “Гэта проста нармальная акцыя людзей. З майго пункту гледжаньня, не зьвязаная зь ніякімі палітычнымі лёзунгамі, а ў першую чаргу людзей цікавяць сацыяльныя і пабытовыя пытаньні”.
Асобнай калонай на марш пратэсту прыйшлі індывідуальныя прадпрымальнікі на чале з Валерыем Леванеўскім. Яны ж прынесьлі гукаўзмацняльную апаратуру для правядзеньня мітынга. Гаворыць адзін з іх:
(Прадпрымальнік: ) “Тут каля тысячы чалавек толькі прадпрымальнікаў, якія збіраліся прыйсьці падтрымаць тых, якія ня хочуць на самой справе застацца ў баку, хочуць падтрымаць саміх сябе ў першую чаргу. У нас забіраюць апошняе. Мы не аддамо”.
Валянцін Голубеў зачытаў рэзалюцыю мітынгу, якая была адзінагалосна ўхваленая:
(Голубеў: ) “Мы, удзельнікі Народнага маршу “За лепшае жыцьцё”, разумеем, што дасягнуць усяго гэтага можна толькі ў дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Таму мы выказваемся супраць антынароднай і антынацыянальнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і патрабуем ягонай адстаўкі”.
Пасьля мітынгу ўдзельнікі маршу зрабілі спробу прайсьці ў цэнтар гораду, але іх спынілі шыхты АМОНу. Пазьней, калі дэманстанты павярнулі з плошчы Якуба Коласа ў бок Акадэміі навук, АМОН пачаў выціскаць іх з праезнай часткі, і ў вельмі напружанай абстаноўцы Зьміцер Бандарэнка заклікаў усіх сысьці, каб не дапусьціць паўтарэньня няміскай трагедыі. Да цісканіны сапраўды было блізка. Але марш завяршыўся мірна, міліцыя не ўжывала гвалту, але была гатовая да горшага развіцьця сытуацыі: у дварах стаялі аўтобусы з дадатковымі сіламі, а патрулі ў падземных пераходах стаялі з сабакамі. Скончыўся марш на сходах Акадэміі навук, дзе дэманстранты са скандаваньнем “Ён мусіць сысьці!” спалілі патрэт А. Лукашэнкі.
Арганізатары акцыі лічаць, што марш ўдаўся – людзі ўсталі з каленяў, як заявіла Людміла Гразнова. Яе, як і іншых арганізатараў Народнага маршу – Андрэя Саньнікава, Змітра Бандарэнку і Цімафея Дранчука – міліцыя затрымала адразу пасьля заканчэньня маршу.