Яшчэ ніводная ракета ня ўпала на Ірак, а Злучаныя Штаты ўжо думаюць пра адбудову краіны пасьля вайны. Бюро Замежнай дапамогі, Агенцтва міжнароднага разьвіцьця (USAID) ужо прапанавала шэрагу амэрыканскіх кампаніяў кантракты на адбудову ірацкіх портаў, лётнішчаў, школаў і шпіталёў. Прадстаўніца Агенцтва не пацьвердзіла, што, як напісала газэта “New York Times”, адбудова Іраку будзе каштаваць 900 мільёнаў даляраў і што ў ёй будзе ўдзельнічаць фірма Halliburton Company, выканаўчым дырэктарам якой да 2000 году быў цяперашні віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні.
За апошняе паўстагодзьдзе Злучаныя Штаты ня раз дапамагалі ў адбудове краінаў, у якіх праводзілі ваенныя апэрацыі. Пасьля другой усясьветнай вайны яны, у прыватнасьці, дапамаглі ў адбудове Нямеччыне і Японіі. Пачынаючы з 1980-х гадоў, ЗША накіроўвалі свае войскі і амаль адначасова эканамічную дапамогу ў Грэнаду і Гаіты, затым у Панаму, на Балканы і зусім нядаўна, пры канцы 2001 году, у Афганістан. Аднак некаторыя аналітыкі падкрэсьліваюць, што, за выняткам Нямеччыны і Японіі, амэрыканская дапамога пераможаным краінам мала калі была адэкватнай да патрэбаў. Дырэктар дасьледчага Цэнтру вайны і кафліктаў зь Нью-Ёрку Артур Гелтан лічыць, што дапамога Косаву была неадпаведнай, а таксама дапамога Афганістану пакуль не дала адчувальных вынікаў.
(Гелтан: ) “Для адміністрацыі надзвычай важна выразна выйграць мір, намагаючыся выйграць вайну. Я спадзяюся, што адміністрацыя і вайсковыя стратэгі падзяляюць гэты пункт погляду і гатовыя лепш выканаць сваю працу, чым яны гэта зрабілі ў Афганістане, Косаве, ды ў іншых месцах”
Прадстаўнік Вашынгтонскага інстытуту Карнэгі Томас Каротэрс згодны з гэтым. Ён кажа, што Злучаныя Штаты заўсёды разумелі сваю гістарычную адказнасьць за адбудову краінаў, пераможаных у вайне. На жаль, зацікаўленасьць у рэальнай дапамозе хутка выпарвалася, аднак у выпадку Іраку мусіць быць інакш.
(Каротэрс: ) “Мы заўсёды абяцаем, але толькі зрэдку нешта робім. Я думаю, што Ірак для нас выключна важны, бо ён займае цэнтральнае месца на Блізкім Усходзе. З прычыны ірацкай нафты ў нас большы стымул займацца гэтым раёнам, чым менш важнымі месцамі, як Панама і Гаіты”.
Томас Каротэрс і Артур Гелтан лічаць, што ў выпадку Іраку прэзыдэнт Буш ня можа абмежавацца толькі фразай, што ён жадае дабра ірацкаму народу. Пасьляваенная дапамога Іраку павінна прадэманстраваць сьвету і амэрыканскім выбаршчыкам, што Буш ня проста зацікаўлены ў расправе над Садамам Хусэйнам або ў кантролі над ірацкай нафтай. Паводле аналітыкаў, Белы Дом павінен запэўніць ўжо цяпер, што ў яго дальнабачныя пляны і добрыя намеры ў дачыненьні да ірацкага народу, што гэта “вызваленчая вайна”, а пасьля вайны ён сапраўды зьбіраецца дапамагчы ірацкаму народу. А гэта ў сваю чаргу, павінна пераканаць і амэрыканскі народ, і тых сябраў Рады Бясьпекі ААН, як Нямеччына і Францыя, якія супраціўляюцца вайне.