Цалкам бязьлюдным сёньня быў адзін з найбуйнейшых менскіх рынкаў “Дынама”, пустымі заставаліся “Ждановічы”, рынак “Трактар”, а таксама іншыя, больш дробныя пляцоўкі. Усяго на працу ня выйшла каля 12 тысяч чалавек, а гэта каля паловы ад агульнай колькасьці дробных бізнэсоўцаў. Некаторыя прадпрымальнікі “Чэрвеньскага рынку” да сваіх працоўных месцаў прыйшлі, але не гандляваць, а каб абмеркаваць цяперашняе становішча ды патлумачыць прычыны страйку пакупнікам, якія сюды ішлі.
(Прадпрымальніца: ) “Як бачыце, рынак у нас пусты. Таму што душаць нас падаткамі — і людзі ня выйшлі на працу”.
(Прадпрымальніца: ) “Я працую й ніколі ня думала, што буду жыць у такой галечы. Гэта жах”.
Адметна, што пакупнікі, якія ў гэты дзень не змаглі зрабіць патрэбныя набыткі, з разуменьнем ставіліся да пратэсту гандляроў.
(Пакупніца: ) “Людзі ж ня проста так страйкуюць. Значыць, ёсьць на тое падставы. Колькі можна сядзець і чакаць? Трэба ж нешта рабіць”.
(Пакупнік: ) “У іх падаткі вялікія, вось яны й патрабуюць, каб гэта ўсё зьменшыць”.
(Пакупніца: ) “А ўрад ці сам ня ведае, што цяжка? Што гэта робіцца? Гэта такі мінус нашаму ўраду, гэта сорам, сорам. Жыць ня хочацца, жыць проста страшна”.
Прадпрымальнікі заявілі, што салідарныя з арганізатарамі маршу “За лепшае жыцьцё” і возьмуць удзел у акцыі. Але выказалі незадавальненьне арганізацыяй прадпрымальніцкага страйку. Паводле іх, эканамічныя патрабаваньні даўно трэба зьмяняць на палітычныя.
(Прадпрымальнік: ) “Тэба ісьці з плякатамі й транспарантамі. А гэта — гэта ня страйк”.
(Прадпрымальніца: ) “Усім арганізавана не заплаціць падаткі, тады б можа й адчулі бы ўсё гэта. А так гэта пусты звон. Ня выйшлі і ня выйшлі. А заўтра прыйшлі, ізноў заплацілі падаткі, ізноў працуем задарма”.
Адзін з арганізатараў страйку Анатоль Шумчанка, тым ня менш, задаволены вынікам акцыі й перакананы, што ў прадпрымальнікага руху ўсё яшчэ наперадзе. Гаворыць Анатоль Шумчанка:
(Шумчанка: ) “Прадпрымальнікі сёньня — апошні фарпост дэмакратыі ў нашай краіне. Хто змагаецца з гэтым рэжымам, хто змагаецца супраць гэтай несправядлівасьці й эканамічнага бяспраўя, мы ўсіх будзем падтрымліваць. І галоўны момант ісьціны яшчэ наперадзе”.
Паводле арганізатараў, страйк гандляроў 12 сакавіка адбыўся на знак салідарнасьці з удзельнікамі маршу “За лепшае жыцьцё.” Гэта першая супольная акцыя прадпрымальнікаў, грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, якая, магчыма, стане пачаткам далейшай супольнай палітычнай дзейнасьці.