У адпаведнасьці з пастановай беларускага ўраду, з 1 сакавіка і да канца 2003 году для ўвозу ў Беларусь хлебных выбараў патрабуецца ліцэнзія, якую будзе выдаваць Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня. Прыкладам, ліцэнзія на набыцьцё хлебных вырабаў небеларускай вытворчасьці будзе каштаваць цяпер індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычным асобам 500 тысяч рублёў за тону.
Без часовай ліцэнзіі на набыцьцё хлеба забаронена яго і прадаваць. Розьнічныя цэны на хлеб у Беларусі цяпер вышэй за расейскія й украінскія на 4–50%. Прыкладам, жытні й жытне-пшанічны хлеб у Беларусі на 42% даражэйшы, чым у Бранскай вобласьці.
Як зазначыў для Радыё Свабода экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук, рашэньне ўраду абмежаваць увоз расейскага хлеба сьведчыць пра тое, што рэальнай інтэграцыі й рэальнага саюзу Расеі й Беларусі няма й ніколі не было.
(Раманчук: ) “Калі толькі беларускі ўрад сутыкаецца з сытуацыяй, калі беларускія тавары неканкурэнтаздольныя ў параўнаньні з расейскімі, то яны адразу прымаюць меры пратэкцыянісцкага характару, каб абараніць унутраны рынак, і абараніць тыя прадпрыемствы, якія ня могуць канкураваць паводле розных прычынаў з расейскімі фірмамі.
Калі ўжо гаварыць пра адзіную эканамічную прастору, то мы бачым, што хлеб і мука — гэта такія індыкатары сацыяльнай накіраванасьці палітыкі Расеі й Беларусі. Калі бы ўрад Беларусі хацеў на самой справе ажыцьцяўляць сацыяльна арыентаваную палітыку, то ён бы абедзьвюма рукамі стымуляваў імпарт з Расеі мукі, якая ў два разы таньней за беларускую. І ён жа робіць наадварот, каб хлеб, які мы купляем у нашых крамах, быў значна даражэйшы за расейскі, і значна горшай якасьці”.
Паводле Яраслава Раманчука, гэтая ўрадавая пастанова супярэчаць палітыцы й Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, й Мытнага зьвязу з Расеяй
(Раманчук: ) “Гэта крызыс жанру, гэта крызыс палітыкі. Я мяркую, што расейскі лабісты, якія паводле сваёй моцы значна больш уплывовыя за беларускіх, безумоўна, будуць зьвяртацца да ўраду Расеі, да Касьянава, да Пуціна, каб увесьці адпаведныя абмежаваньні на экспарт беларускіх тавараў у Расею. І ў гэтай гандлёвай вайне ўрад Беларусі безумоўна ня выйдзе пераможцам. Нагадаю, што нават з такімі пратэкцыянісцкімі мерамі ў 2002 годзе імпарт гатовага харчаваньня ў Беларусь склаў амаль 700 мільёнаў даляраў, вырасшы за тры апошнія гады амаль на сто адсоткаў”.
Паводле экспэрта аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслава Раманчука, гэтая лічба ёсьць прысудам той эканамічнай палітыцы, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка й ягоны ўрад.