Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДАМ ХУСЭЙН ВЕЛЬМІ ЦІКАВІЦЦА БУДАЎНІЦТВАМ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Генадзь Селязьнёў прыляцеў у Менск адразу з Багдаду, дзе ён меў трохгадзінную гутарку з Садамам Хусэйнам. Спадар Селязьнёў запэўніў апошняга ад імя прэзыдэнта Пуціна, што Расея накладзе вэта на новыя рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якія б маглі дазволіць ЗША і Вялікай Брытаніі пачаць вайну супраць Іраку. Абмяркоўваў Селязьнёў ірацкую тэму і з Аляксандрам Лукашэнкам.

(Селязьнёў: ) “Садам Хусэйн прасіў пераказаць прывітаньне беларускаму прэзыдэнту, ён вельмі жыва цікавіцца, як ідзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, у цэлым ён сочыць, якая абстаноўка ў краінах СНД. І хаця ён ня бываў у сучаснай Беларусі й Расеі, ён нядрэнна ведае і палітычную, і эканамічную сытуацыю і ведае пра тыя інтэграцыйныя працэсы, якімі мы займаемся”.

Генадзь Селязьнёў і Вадзім Папоў зрабілі чарговы крок да прыняцьця Канстытуцыйнага акту. Як паведаміў Вадзім Папоў пасьля паседжаньня камісіі, праект гэтага дакуманта складаецца з 66 артыкулаў, і сёньня ён быў прыняты за аснову. Пасьля наступнага разгляду ў двухбаковай камісіі 31 сакавіка ён будзе накіраваны на зацьверджаньне А.Лукашэнкі і Ў.Пуціна. Гаворыць сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў:

(Папоў: ) “Сувэрэнітэт і Беларусі, і Расеі захоўваецца. Пакуль у Канстытуцыйным акце не прадугледжанае ўшчамленьне інтарэсаў расейскага ці беларускага народаў на тэрыторыі дзьвюх нашых кріанаў”.

Генадзь Селязьнёў паабяцаў што гэты праект будзе апублікаваны толькі з дазволу кіраўнікоў краінаў. Ён заўважыў, што не пабойваецца элемэнтаў канфэдэрацыі, якія прысутнічаюць у праекце, што ў цяперашнім варыянце Канстытуцыйны акт не прадугледжвае пасады прэзыдэнта, затое прадугледжанае стварэньне “невялікага саюзнага ўраду, які будзе ўзаемадзейнічаць з нацыянальнымі ўрадамі”. Генадзь Селязьнёў падкрэсьліў, што адзінай валютаю будзе выключна расейскі рубель, і запрасіў у гэтую саюзную дзяржаву іншыя краіны СНД, асабліва Ўкраіну.

Дарэчы, ніякай асобнай назвы для гэтак званае Саюзнае дзяржавы камісія пад кіраўніцтвам Вадзіма Папова і Генадзя Селязьнёва так і не прыдумала.

Саюзная дзяржава і яе Канстытуцыйны акт нясуць Беларусі пагрозу яе сувэрэнітэту, — упэўнены незалежны палітык Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) “Я ўвогуле абражаны тым, як гэты Канстытуцыйны акт распрацоўваецца, яго ўвесь час у нейкай таямніцы ствараюць, хаваюць да апошняга моманту, потым як чорта з табакеркі дастануць і нешта нам прадэманструюць — ужо гатовае, адпрацаванае, стыкаванае з расейскімі інтарэсамі. Мяне гэта абражае, што грамадзкасьць ніяк ня ўдзельнічае ў стварэньні гэтага акта.

Няўжо ня думаюць тыя людзі з Палаты прадстаўнікоў, якія нягледзячы ні на што гэта падтрымліваюць, што калісьці давядзецца за гэта адказваць? Такое ўражаньне, што гэтыя людзі даўно не-беларусы і не яе грамадзяне, а маюць тры ці чатыры пашпарты — каб можна было ўцячы, калі давядзецца адказваць. У любой форме стварэньне саюзу — гэта легітымізацыя рэалізацыі інтарэсаў расейскіх алігархаў на беларускай зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG