Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ КІРАЎНІК ГАРАДЗЕНСКАЕ МЫТНІ ЦЯПЕР ПРАЦУЕ НА ТУРБАЗЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Віктара Пракопчыка арыштавалі і судзілі за крадзеж маёмасьці і захоўваньне боепрыпасаў. Суд адбыўся мінулым летам: тры гады папраўчых работаў з канфіскацыяй маёмасьці. Але з-за амністыі ён адразу апынуўся на волі.

Віктар Пракопчык пачынаў кіроўцам Аляксандра Дубко — тады старшыні калгаса-мільянэра “Прагрэс”. Пазьней узначаліў Ашмянскі раённы выканкам, а потым — Гарадзенскую рэгіянальную мытню. Неўзабаве — было гэта 2 гады таму — памёр старшыня аблвыканкаму Аляксандар Дубко. А празь некаторы час арыштавалі сп-ра Пракопчыка.

Тады пагаворвалі пра канфіскаваную на мяжы дарагую замежную мэблю, якую вялікія начальнікі выкупілі за бесцань, ды пра іншыя падобныя рэчы. Але суд цікавіў час, калі ён кіраваў раённым выканкамам.

Спадара Пракопчыка абвінавацілі ў тым, што ён скраў “адзін унітаз, бачок да яго, умывальнік, п’едэстал да яго”. У судовай справе фігураваў яшчэ міні-трактар “Беларусь” коштам 1 мільён 697 тысячаў і паляўнічыя набоі (разам зь іншым начальствам падсудны любіў паляваць).

Суд не пазбавіў спадара Пракопчыка права займаць пасады. Гэтак ён зьявіўся нядаўна на турбазе, у дырэктара якой раней намесьнікаў не было. Прадставіў спадара Пракопчыка сам кіраўнік “Беларустурысту” Руслан Малік. Дарэчы, ён калісьці кіраваў Ашмянскай мытняй.

Апошнім часам пад суд нярэдка трапляюць розныя начальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў. Апошні прыклад — дырэктар слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Віктар Галіч. Суд палічыў, што ён нанес прадпрыемству страты на 414 мільёнаў рублёў — адгружаў у Расею прадукцыю без папярэдняй аплаты. У выніку — 2 гады папраўчых работаў на месцы працы — з утрыманьнем 20% заробку.
XS
SM
MD
LG