Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ЗНОЎ ПАДАРАЖЭЎ БЭНЗЫН


Галіна Абакунчык, Менск

У адпаведнасьці з урадавай пастановаю, цяпер на розьнічны продаж бэнзыну і дызэльнага паліва распаўсюджваецца 10%-вы падатак, чаго раней не было. Гэткім чынам, кошт аднаго літра паліва ўсіх відаў павялічыўся ў сярэднім на 11% і стаў значна вышэйшым, чым у Расеі, — кажа дарадца сакратарыяту канцэрну “Белнафтафім” Віктар Азараў.

(Азараў: ) “З-за таго, што выключылі зь пераліку сацыяльна-значных тавараў, 10% распаўсюдзілі аўтаматычна. А мы нічога не плянавалі й канцэрну прыбытку ніякага няма. У нас цяпер даражэй, чым у Расеі. Але рэч у тым, што ў нас падаткі на продаж нафтапрадуктаў да сёняшняга дня складалі 50%, а там толькі 30%. То бок, у нас даражэй ізноў жа за кошт падаткаў, якія дзяржава бярэ”.

Пастанову пра падатак на розьнічны продаж прадуктаў нафтахіміі урад краіны прыняў 3 сакавіка, а ўжо ад 10 сакавіка прадпрыемствы, якія гандлююць палівам, гэты падатак мусяць сплочваць. Таму для многіх кампаніяў гэтая навіна стала непрыемнай неспадзяванкай, — кажа галоўны эканаміст “Слаўнафты” Сьвятлана Маліноўская.

(Маліноўская: ) “Гэта мы выпадкова даведаліся, можна сказаць. Таму тут шокавы стан быў, што пастанова ёсьць, а камэнтару да яе ніякага — што ў нас звычайна адбываецца”.

Цяпер адзін літар бэнзыну А-95 каштуе прыкладна 1 тысячу 135 рублёў, а самага таннага А-76 — 795 рублёў. Такім чынам, літар паліва падаражэў у сярэднім ад 65 да 115 рублёў. Вось што пра гэта кажуць самі аўтаўладальнікі.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы скажаце пра рост коштаў на бэнзын: часта растуць ці не?”

(Спадар: ) “Вельмі часта”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы неяк адчуваеце гэта на сваім сямейным бюджэце?”

(Спадар: ) “І нават вельмі, калі ўлічыць, што мне шмат па працы даводзіцца езьдзіць”.

(Спадар: ) “Якія ў людзей заробкі, і як падымаюць кошт бэнзыну — у вёску немагчыма зьезьдзіць”.

(Спадар: ) “Менш стаў езьдзіць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ёсьць патрэба езьдзіць?”

(Спадар: ) “Канечне, ёсьць маці хворая ў дзярэўні”.

(Спадар: ) “Калі б нашыя чыноўнікі езьдзілі на ўласных машынах і за свой кошт, то кошты на бэнзын расьлі бы значна менш”.

Папярэдні раз кошты на палівы ў Беларусі падвышаліся 10 студзеня й гэтаксама ў зьвязку з новымі падаткамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG