Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФКАМЫ “БЕЛШЫНЫ” І “ХІМВАЛАКНА” ЗЬВЯРТАЮЦЦА Ў КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Рашэньне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд было прынятае на пашыраных паседжаньнях прафсаюзных камітэтаў “Белшыны” і “Магілёўхімвалакна”. Зьвесткі пра тое, што працоўныя калектывы пазбаўленыя права набываць акцыі сваіх прадпрыемстваў за чэкі “Маёмасьць”, выклікала хвалю незадаволенасьці людзей.

Калі на двух буйных хімічных прадпрыемствах Магілёўскай вобласьці ствараліся акцыянэрныя таварыствы, на ўстаноўчых канфэрэнцыях рабочыя казалі пра тое, што набываць акцыі жадаюць за чэкі “Маёмасьць”, і на тым этапе ім ніхто не пярэчыў. Былі складзеныя асобныя сьпісы тых, хто мае намер абмяняць чэкі на акцыі.

Аднак 70-ы ўказ прэзыдэнта ад 13 лютага дазволіў работнікам прадпрыемстваў і асобам, якія прыроўненыя да іх, набыць акцыі толькі за грошы, хоць і на 20% ніжэй за іхны намінальны кошт.

Шматлікія звароты ў дзяржаўныя ворганы і да кіраўніцтва краіны плёну не далі. Таму й былі дасланыя ў Канстытуцыйны суд два дакуманты, падпісаныя старшынямі прафкамаў бабруйскай “Белшыны” і магілёўскага “Хімвалакна”.

Прафсаюзныя камітэты, якія прадстаўляюць інтарэсы вялікіх працоўных калектываў (на “Хімвалакне” працуе 13 тысячаў чалавек, на “Белшыне” – больш за 12 тысячаў), падмацоўваюць сваю пазыцыю лічбамі. На абодвух прадпрыемствах на чэкі меркавалася абмяняць вельмі нязначны адсотак акцыяў: на “Белшыне” – крыху больш за 1% ад агульнай колькасьці акцыяў, на “Хімвалакне” – і таго меней.

Прафкам “Хімвалакна” лічыць, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі пазбавіў работнікаў законнага права на атрыманьне такой мізэрнай часткі дзяржаўнае маёмасьці, якая ніяк ня можа паўплываць на прыцягненьне інвэстыцыяў для развіцьця акцыянэрнага таварыства.

А прафсаюзныя акітывісты “Белшыны” мяркуюць, што сёньняшняя сытуацыя, калі яе не выправіць, – цытую – “безумоўна адаб’ецца як на даверы народу, гэтак і на даверы інвэстараў да дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG