Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАГАВАРЫЎШЫ З ХУСЭЙНАМ, СЕЛЯЗЬНЁЎ ПРЫЛЯЦЕЎ ДА ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Генадзь Селязьнёў учора ў Багдадзе тры гадзіны размаўляў з Садамам Хусэйнам, віцэ-прэм’ерам Тарыкам Азізам і старшынём парлямэнту Іраку. Спадар Селязьнёў вазіў Садаму Хусэйну асабістае пасланьне ад Уладзімера Пуціна, сэнс якога ў тым, што Расея гатовая накласьці “вэта” на магчымыя новыя рэзалюцыі ААН у справе Іраку.

“Мы пацьвердзілі, што ня будзем санкцыянаваць ніякіх рэзалюцыяў, якія дазволяць амэрыканцам і ангельцам уварвацца на тэрыторыю Іраку. А калі будзе патрэбна, Расея накладзе вэта на гэтыя дакуманты”, – заявіў Генадзь Селязьнёў.

Паводле яго, Садам Хусэйн паабяцаў выконваць рэзалюцыю Рады Бсьпекі ААН №1441, забясьпечваць умовы працы міжнародных інспэктараў, але Ірак рыхтуецца і “да самага горшага варыянту”. “Слаба амэрыканцам не падасца”, – заявіў Г.Селязьнёў,– у выпадку нападу іх будуць абстрэльваць сем мільёнаў аўтаматаў”. І гэтым нападам, лічыць Селязьнёў, ЗША разбураць міжнародны парадак, маўляў, “потым ім захочацца яшчэ каго-небудзь правучыць, на чарзе могуць быць Сірыя, Іран ці любая іншая краіна”, сказаў спадар Селязьнёў.

Гаворачы пра фармальную мэту свайго візыту ў Менск – перамовы пра Канстытуцыйны акт са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Вадзімам Паповым і Аляксандрам Лукашэнкам, спадар Селязьнёў зазначыў, што ў сумеснай камісіі сёньня ёсьць магчымасьць прыняць гэты дакумант “за аснову”.

(Селязьнёў: ) “Па сутнасьці, усё ўзгоднена. Ёсьць проста жаданьне або ўзмацніць некаторыя артыкулы Канстытуцыйнага акту, або зрабіць іх больш агульнымі. Хтосьці прапануе больш дэталёва расьпісаць, іншыя ў больш агульным варыянце… А ў прынцыповых пытаньнях у нас поўнае разуменьне”.

Генадзь Селязьнёў разам з Вадзімам Паповым хадзілі са справаздачаю наконт праекту Канстытуцыйнага акту да А.Лукашэнкі. Спадар Сёлязьнёў сказаў, што спатрэбіцца яшчэ адно паседжаньне рабочае групы ў Маскве парад тым, як канчатковы праект дакуманту будзе перададзены Вышэйшай дзяржаўнай радзе.

Дагэтуль не ўрэгуляванымі ў Канстытуцыйным акце застаюцца пытаньні разьмежаваньня паўнамоцтваў саюзнай дзяржавы і яе ўдзельніцаў, і хто будзе фармальна кіраваць ёю – Вышэйшая дзяржаўная рада, як цяпер, ці прэзыдэнт, функцыі якога мусяць выконваць У.Пуцін і А.Лукашэнка на ратацыйнай аснове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG