Ідэя “Пагадненьня аб партнэрстве і сяброўстве” з найбліжэйшымі суседзямі Эўразьвязу ўзьнікла летась у лістападазе. Тады міністры замежных справаў пятнаццаткі выступілі зь ініцыятывай больш цеснага супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Расея, Украіна, Малдова і Беларусь. Стасункі з Расеяй разглядаюцца асобна. У часе сьнежанскага саміту ў Капэнгагене сьпіс усходнеэўрапейскіх краінаў папоўніўся краінамі міжземнаморскага рэгіёну, за выняткам тых, якія маюць рэальны шанец хутка стаць поўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу. Зь некаторымі іншымі краінамі Эўразьвяз ўжо падпісаў дамовы аб свабодным гандлі і абмяркоўвае шляхі далейшай інтэграцыі. Па-за “краінамі-суседзямі” з прычыны геаграфічнай аддаленасьці апынуліся Армэнія, Грузія і Азэрбэйджан.
Новая стратэгія Эўразьвязу ў дычыненьні да суседзяў прадугледжаная на 10 гадоў, у часе якіх некаторыя краіны могуць поўнасьцю далучыцца да Эўразьвязу. Пакуль яна азначае пашырэньне зоны стабільнасьці, бясьпекі і дабрабыту ў Эўропе. Палітычныя і эканамічныя рэформы ў суседніх краінах маюць падрыхтаваць іх да магчымага сяброўства ў Эўразьвязе ў будучыні, бо, як гаворыцца ў дакумэнце, “рамкі Эўропы ня вызначаныя”. У тэксьце згадваецца шэраг дзялянак двухбаковага супрацоўніцтва. Эўразьвяз найперш хоча паступова ліквідаваць усе гандлёвыя бар’еры, а таксама зьмякчыць візавы рэжым. Брусэль гатовы аказваць суседзям фінансавую дапамогу дзеля ажыцьцяўленьня гуманітарных і сацыяльных праграмаў. Гэта можа быць праводжанае ў рамках праграмаў накштал цяперашніх дапаможных фондаў для краінаў-кандыдатаў, як PHARE і TACIS. Эўразьвяз хоча спрыяць палітычнай стабільнасьці, вяршэнству закону ў краінах-суседзях і дапамагаць ім ў разьвязаньні рэгіянальных канфліктаў, такіх як у Прыднястроўі. Іншыя галіны супрацоўнітва – гэта інтэграцыя транспартнай і тэлекамунікацыйнай сеткаў, барацьба з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю, гандлем жывым таварам, фінансавымі махінацыямі, адмываньнем брудных грошай і карпупцыяй.
Паводле Эўразьвязу, наладжваньне больш цесных адносінаў з суседзямі будзе працяглым пакрокавым працэсам. Што тычыцца Беларусі, дык дзеяньне дамоўленасьці “Аб партнэрстве і супрацоўніцтве” было прыпыненае. Зараз Эўразьвяз стаіць перад выбарам: або пакінуць адносіны ў такім падвешаным стане, або пайсьці на больш шчыльнае супрацоўніцтва зь Менскам, не азіраючыся на тое, што гэта можа быць успрынятае як падтрымка палітыкі, якая не адпавядае эўрапейскім каштоўнасьцям.