Паводле супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, бандыты мелі прынамсі сорак адзінак агнястрэльнай зброі, дзясяткі тысячаў патронаў і шмат мінаў. Польскія праваахоўчыя органы ўпершыню мелі дачыненьне з так добра ўзброенымі злачынцамі.
Нагадаю, што на мінулым тыдні ўначы зь серады на чацьвер польская паліцыя распачала апэрацыю ў справе затрыманьня двух небясьпечных злачынцаў, якія ўкрываліся ў катэджы ў мястэчку Магдаленка каля Варшавы.
Паліцыянты, аднак, сустрэлі неспадзяваны супраціў крымінальнікаў, якія ўжылі мноства гранатаў і аўтаматычную зброю, а таксама замінавалі падворак. У часе штурму бандыты здэтанавалі адмысловую бомбу, наладаваную цьвікамі і шурупамі, якая параніла шмат супрацоўнікаў паліцыі. Паведамлялася, што гэткія бомбы выкарыстоўваюць тэрарысты, а зрабіў яе хутчэй за ўсё адзін з бандытаў, беларус Ігар П. – былы супрацоўнік КГБ, што служыў у колішняй Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы.
У выніку беспрэцэдэнтнай у гісторыі польскай паліцыі сутычкі са злачынцамі, у часе якой быў ужыты нават бронетранспарцёр, загінуў адзін паліцыянт, а 15 былі параненыя.
Ніякіх новых зьвестак што да асобаў крымінальнікаў пакуль няма. Высьвятлілася, аднак, што яны загінулі не ад паліцэйскіх куляў, а ад выбухаў уласных гранатаў, што захоўваліся ў доме.
Паведамляецца, што Ігар П., які ўжо даўно знаходзіўся ў міжнародным вышуку, магчыма, быў кіраўнікоў небясьпечнай злачыннай групы, якая летась напала на паліцыянтаў, якія хацелі канфіскаваць скрадзены злачынцамі груз. Тады ў часе страляніны адзін паліцыянт загінуў.
Пакуль абсалютна дакладана невядома, ці быў усё ж Ігар П. супрацоўнікам КГБ. На мінулым тыдні, міністар унутраных справаў Польшчы назваў Ігара П. “хлопцам з КГБ”. У польскіх мэдыях, аднак, часьцей ужывалася словазлучэньне “жаўнер КГБ”, а гэта можа значыць, што злачынец калісьці папросту праходзіў тэрміновую службу у гэтага тыпу войсках.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад аднаго з супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Варшаве, Ігар П. нават ня меў скончанай сярэдняй адукацыі, таму ня мог быць афіцэрам КГБ.
Сьледзтва, у гэтай справе, якое праводзяць цяпер найлепшыя польскія адмыслоўцы, магчыма, дасьць адказ на пытаньне, адкуль тады грамадзянін Беларусі ведаў тэхналёгію вырабленьня тэрарыстычных бомбаў.