Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР МЕЛЬНІКАЎ І ЎЛАДЗІМЕР НАВАСЯД ВЫКРЫЛІ МЭХАНІЗМ ФАЛЬШАВАНЬНЯЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Мельнікаў зьвярнуўся са скаргаю ў Цэнтравыбаркам і пракуратуру з-за фальшаваньняў вынікаў выбараў у Малінаўскай акрузе. Спадар Мельнікаў, які працуе памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Навасяда, заяўляе, што ў яго скралі перамогу.

Паводле пратаколаў участковых камісіяў, копіі якіх атрымалі ягоныя назіральнікі адразу пасьля падліку галасоў, ён сапраўды перамагаў. Аднак пазьней чатыры ўчастковыя камісіі — нумары 3, 8, 9 і 10 — памянялі свае пратаколы, адняўшы з рахунку спадара Мельнікава роўна 600 галасоў, у выніку ён атрымаў толькі 49,5% галасоў і дэпутатам ня стаў.

Сёньня ў памяшканьні Ленінскага раённага выканкаму гарадзкая выбарчая камісія Менску паводле распараджэньньня ЦВК праводзіла пералік галасоў гэтых чатырох спрэчных участкаў. Тут жа ў раённым выканкаме захоўваліся і самі бюлетэні, запакаваныя ў шэрую паперу і апячатаныя пластылінам.

За тры гадзіны працы гарадзкая камісія знайшла некалькі памылак у падліку ўчастковых камісіяў, аднак сьлядоў буйных фальшаваньняў выяўлена не было. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што ня лічыць памылкі істотнымі, але гэтыя вынікі будуць разгледжаныя ягонай камісіяй, і на працягу бліжэйшых дзён прынятае рашэньне. Мікалай Лазавік успрымае прызначэньне пераліку галасоў як шараговую зьяву:

(Лазавік: ) “Не, не ўнікальны гэты выпадак, у нас ужо былі такія выпадкі, калі давялося пералічваць галасы. Напрыклад, пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Тады мы ў Барысаве парводзілі пералік на адным з участкаў. І гэта, я сказаў бы, нармальная практыка, якая прадугледжаная заканадаўствам і накіраваная на тое, каб падвысіць давер да выбарчага працэсу”.

А кандыдат Аляксандар Мельнікаў лічыць пералік галасоў ужо пэўнай перамогаю над сыстэмаю фальшаваньняў, бо ўдалося парушальнікаў схапіць за руку і стварыць прэцэдэнт.

(Мельнікаў: ) “Асаблівых ілюзіяў я ўжо ня меў, бо ў пакоі, дзе захоўваліся бюлетэні, 4 сакавіка была сарваная пячатка. І паводле гэтага факту пракурор раёну склаў акт. І цяпер ужо пракуратура мусіць разабрацца, чаму існуюць па два пратаколы, падпісаныя аднымі й тымі ж людзьмі. Мы ж пойдзем да канца, калі за цябе галасуе каля сямі тысячаў чалавек, то трэба адстойваць свае інтарэсы да канца”.

Старшыні участковых камісіяў, якія падпісалі спачатку адныя пратаколы, а потым іншыя, не маглі ясна патлумачыць, як гэта сталася. Толькі кіраўнік камісіі №9 настаўніца Натальля Сярова паведаміла, што памылку знайшлі ўжо пасьля таго, як прывезьлі бюлетэні ў Ленінскі раённы выканкам:

“Я зараз ужо не магу дакладна патлумачыць, але памылка была дапушчаная, таму што мы стаміліся за цэлы тыдзень такой працы. Таму давялося пералічваць зноў, вяртацца й пералічваць”,– сказала Натальля Сярова, яна запэўніла, што не працавала ні на чыю карысьць.

Старшыня менскае гарадзкое камісіі Тацяна Краўчанка таксама не змагла патлумачыць прычыну гэтае калізіі, але факт фальшаваньняў пацьвердзіць ці абвергнуць ня можа, бо не прысутнічала пры першапачатковым падліку галасоў.

А дэпутат Уладзімер Навасяд упэўнены, што тут адбыліся грубыя фальшаваньні ды шкадуе, што ўдалося злавіць за руку вінаватых толькі ў адной менскай акрузе. Ён лічыць гэта вельмі важным прэцэдэнтам незадоўга да парляманцкіх выбараў.

(Навасяд: ) “Проста вельмі сумна робіцца ад таго, колькі людзей у гэта ўсё замешаныя, і галоўнае, што найбольш гэта пэдагогі, якія павінныя сеяць сьветлае і разумнае… Я ня ведаю, якое пустазельле яны саджаюць у сваіх школах. Проста дзіўна, што гэта адбываецца з народам, які абсалютна бескарысна перакідвае туды-сюды гэтыя бюлетэні. Як мне падаецца, спачатку народ ідзе абірае, а потым камісія выбірае з тых, каго народ абраў”.

Уладзімер Навасяд таксама мяркуе, што цяпер пракуратура і суд мусяць даць канчатковы адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG