Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА МЕНЧУКІ ДА МАГЧЫМАЙ ВАЙНЫ Ў ІРАКУ?


Ганна Соусь, Менск

Ці павінныя Злучаныя Штаты Амэрыкі распачынаць вайсковыя дзеяньні супраць Іраку, не атрымаўшы падтрымкі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый? Меркаваньні на гэты конт апытаных мной выпадковых мінакоў падзяліліся.

(Спадарыня: ) “Трэба караць тых, хто спрычыніўся да масавых забойстваў. Я лічу, што трэба абавязкова”.

(Другая спадарыня: ) “А я лічу, што вайна не павінная быць”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Вайна ў наш напружаны час — вельмі канфліктнае пытаньне. Яшчэ калі мы ведаем пра Карэю... Здаецца, спачатку трэба вырашыць пытаньні там, а потым ужо брацца за Ірак”.

(Чацьвертая спадарыня: ) “ЗША ўвогуле ня мусяць распачынаць вайсковыя дзеяньні ў Іраку, бо там зноўку ж людзі, шкода навакольнаму асяродзьдзю, эканоміцы... Пацерпіць і Эўропа, і нейкія рэшткі дакацяцца і да нас”.

(Спадар: ) “Зло мусіць быць пакаранае, незалежна ад таго, якія тыя ці іншыя падставы ўзьнікаюць у той ці іншай сытуацыі. Сёняшняя сытуацыя вакол дыктатара Хусэйна, як ні парадаксальна, вельмі завязана на сытуацыі ў Беларусі. Як да Іраку многія краіны рэалізуюць стратэгію падвойнага стаўленьня да правоў чалавека, так і да аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі сёньня Эўропа прыстасавала палітыку падвойных стандартаў”.

(Другі спадар: ) “Тэрарызм павінен быць зьнішчаны пад корань. Усе ведаюць, якую пагрозу стварае Садам Хусэйн і ягоны рэжым для міжнароднага грамадзтва, асабліва, што тычыцца тэрарыстычных актаў”.

(Трэці спадар: ) “Я лічу, што ЗША не павінныя распачынаць вайну супраць Іраку. Я лічу, што на зямлі павінен быць мір”.

У выпадку, калі Злучаныя Штаты Амэрыкі ўсё ж распачнуць вайсковую апэрацыю супраць Іраку бяз згоды ААН, што стане з самой Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, якім чынам гэта паўплывае на яе дзейнасьць і аўтарытэт у сьвеце? Адказы на гэтае пытаньне былі наступныя...

(Спадарыня: ) “Калі вайсковыя дзеяньні распачнуцца безь яе згоды, то навошта яна існуе? Яна ж створаная з мэтаю, каб пазьбегнуць вайны ў сьвеце”.

(Спадар: ) “ААН будзе вымушаная ў рэшце рэшт пагадзіцца з пазыцыяй ЗША і падтрымаць гэтую акцыю”.

(Другі спадар: ) “Я не лічу, што яна распадзецца, а наадварот, у яе войдуць яшчэ больш краінаў, якія аб’яднаюцца ў кааліцыю, якая будзе супраць вайны”.

(Трэці спадар: ) “Краіны будуць выходзіць з ААН. Праз 5 гадоў гэтай арганізацыі ўжо ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што пачнецца нейкі вэрхал у сьвеце, таму што ААН — гэта вельмі паважаная структура, і ЗША ня мусяць абыходзіць яе”.

Якім чынам магчыма ўтаймаваць ірацкага дыктатара Садама Хусэйна? Як стабілізаваць сытуацыю ў гэтай краіне і на Блізкім Усходзе?..

(Спадарыня: ) “Я лічу, што патрэбная нейкая справядлівасьць, і вінаватых патрэбна пакараць”.

(Спадар: ) “Трэба ўвесьці ААН-аўскія войскі”.

(Другі спадар: ) “Калі не вайсковыя дзеяньні, то, я мяркую, што ізноў жа сіла нараджае сілу”.

(Трэці спадар: ) “Гэта напэўна зараз немагчыма, таму што яго падтрымлівае народ. Народ слаба інфармаваны, але вельмі патрыятычны”.

(Чацьверты спадар: ) “Я лічу, што трэба працягваць перамовы”.

(Пяты спадар: ) “Я лічу, што Хусэйн — гэта такі палітык, які разумее толькі мову сілы, і таму зь ім трэба змагацца толькі ягонымі мэтадамі”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцаў наконт магчымай вайсковай апэрацыі супраць ірацкага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG