Усебеларускі сход інтэлігенцыі пройдзе ў Менску 16 сакавіка. Сустаршыня аргкамітэту вядомы мастак Аляксей Марачкін распавёў пра тое, як вядзецца падрыхтоўка.
(Марачкін: ) “Падрыхтоўка ідзе, як кажуць, поўным ходам. Па-першае, амаль кожны дзень засядае адмысловая камісія нашага аргкамітэту, якая адказная за праект рэзалюцыі сходу. Гэты вельмі істотны дакумэнт датычыць прытаньняў незалежнасьці, захаваньня мовы, культурнае спадчыны, свабоды друку. І канечне, у ім будзе выказаная пазыцыя што да выбараў. Апошніх — у мясцовыя саветы і будучых — у парлямэнт, і прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта самыя балючыя кропкі, якія нас хвалююць”.
Паводле словаў Аляксея Марачкіна, актыўна ідзе вылучэньне дэлегатаў на сход. У Менску яно ўжо завершанае — тут вылучаныя 400 прадстаўнікоў калектываў і арганізацыяў, а другая палова будзе сфармаваная ў рэгіёнах. Гэта прыкладна ад 50 да 100 дэлегатаў ад кожнай вобласьці. Паводле Аляксея Марачкіна, няроўнасьць прадстаўніцтва тлумачыцца выключна праблемамі, якія ствараюць мясцовыя ўлады.
(Марачкін: ) “Зь Менскай вобласьцю праблемаў ня будзе, як мне здаецца, але ў некаторых абласьцях цяжкасьці ёсьць. Прыкладам, у Віцебскай, прычым не ў раёнах, а менавіта ў самім Віцебску. Ідзе прэсынг на сяброў ініцыятыўных групаў, проста на кватэрах ці на вуліцах даводзіцца зьбірацца. Тое самае і ў Гомлі, там сход па вылучэньні дэлегатаў давялося праводзіць на вуліцы”.
Тым ня менш, паводле дадзеных аркамітэту, ужо вылучана больш як 70% дэлегатаў. Зьбяруцца яны раніцай у нядзелю ў менскім Палацы тонкасуконнага камбіната на вуліцы Матусевіча. Нагадаю, ад пачатку сход меркавалася правесьці ў Палацы Рэспублікі, але ягонае кіраўніцтва адмовіла ў гэтым, спаслаўшыся на тое, што заля нібыта ўжо арандаваная. Аляксей Марачкін паведаміў і пра крыніцы, зь якіх будзе аплочаная арэнда:
(Марачкін: ) “Так мяркуем, што некаторыя фінансавыя пытаньні вырашаныя. Мы па дамапогу ні да кога не зьвярталіся, ані да амбасадаў, ані да замежнікаў. Па магчымасьці самі зьбіраем грошы, хто колькі можа”.
Сабраных грошай, аднак, ня хопіць на транспартныя выдаткі іншагародніх дэлегатаў,— прызнаўся Аляксей Марачкін. Паводле яго словаў, ня вырашанае пакуль і пытаньне з харчаваньнем дэлегатаў сходу, але аргамітэт прыкладае ўсе намаганьні, каб зьняць гэтую праблему. Сход адбудзецца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, — лічыць сустаршыня аргкамітэту Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі Аляксей Марачкін.