Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАБЛЕМЫ РОЎНАСЬЦІ ЖАНЧЫНАЎ І МУЖЧЫНАЎ У БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пачынаючы размову, Сьвятлана Курс адразу заявіла, што асабіста яна ня лічыць 8 сакавіка сьвятам.

(Курс: ) “Адзін дзень нас носяць на руках. Але носяць на руках нейкім дзіўным чынам, зусім не гаворыцца пра нашыя праблемы. Мяне, прыкладам, 8 сакавіка нават прыніжае, мяркую, даўно страчаны патэнцыял гэтага сьвята”.

Рэдактарка праваабарончага часопісу “Чалавек” Сьвятлана Курс ня першы год дасьледуе праблемы роўнасьці жанчынаў і мужчынаў. Сьвятлана прызнаецца, што паводле асабістай пазыцыі яна заўзятая фэміністка. Яна лічыць, што ў беларускім грамадзтве татальна парушаюцца правы жанчынаў, прычым зьменаў да лепшага чакаць ня варта, пакуль няроўнасьць культывуецца зь дзяцінства.

(Курс: ) “Зараз мая сяброўка дасьледуе буквары й чытанкі, зь якімі дзеці сустракаюцца ў першай клясе, дык там на кожнай старонцы — гендэрныя стэрэатыпы. Вось тата чытае газэту. Ці ён сядзіць за клеркаўскім сталом, а мама — з палоўнікам, налівае суп. Такім чынам, тата заўсёды мае прэстыжную прафэсію... Або хлопчык намаляваны, які паглядае на выяву Францішка Скарыны. Напісана “Мая краіна — Беларусь”. Зразумела, гэта ягоная краіна, ён тут нарадзіўся, ён беларус. Але як толькі справа заходзіць пра сямейную ўтульнасьць, пра гульню зь лялечкамі, дык адразу малюецца дзяўчынка”.

(Грузьдзіловіч: ) “Паводле словаў Сьвятланы, закладзеныя ў дзяцінстве стэрэатыпы няроўнасьці сацыяльных роляў жанчынаў і мужчынаў прыводзяць да таго, што беларускія жанчыны пагаджаюцца з падвойнай эксплюатацыяй. Спачатку на працы, дзе жанчынам дастаюцца менш прэстыжныя і горш аплочваемыя месцы, потым і ў сям’і, дзе часьцей за ўсё жанчыны паасобку цягнуць весь воз хатніх абавязкаў. Сьвятлана прыводзіць статыстычныя прыклады гэтай няроўнасьці. Паводле яе зьвестак, фактычна жанчыны атрымоўваюць на траціну менш за мужчын за аднолькавую працу. Сярод беспрацоўных у розных рэгіёнах Беларусі ад 58 да 75% — жанчыны. Яны ж найбольш пакутуюць і ад частковага беспрацоўя.

Гэта дэманструе сюжэт, які падрыхтаваў наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі на прыкладзе працаўніцаў Салігорскае фабрыкі “Купалінка”. Ад мінулай восені амаль тысяча жанчынаў “Купалінкі” не працуюць, атрымліваюць мізэрную кампэнсацыю, спачатку 17 тысячаў, цяпер 26 тысячаў рублёў. Ці гарантуе дзяржава выйсьце з гэтага становішча? Распавядае Севярын Квяткоўскі...”

(Квяткоўскі: ) “Прыклад Марыі Абакуновіч тыповы...”

(Абакуновіч: ) “Муж на другой групе інваліднасьці. Пэнсіі не хапае, у мінулым месяцы мы нават не заплацілі за кватэру. Не кажучы пра хлеб, аздараўленьне, лячэньне”.

(Квяткоўскі: ) “Марыі Абакуновіч 51 год. У такім далёка не старым веку яна ня можа выконваць любую працу, розныя варыянты якой прапаноўвалі ў Салігорскім раённым выканкаме. Замінаюць шматлікія хваробы”.

(Абакуновіч: ) “Па-першае, гіпэртанія, язьвеная хвароба — ані цяжкасьцяў не падымеш, анічога. Алергія на “хлорку”, я нават прыбіральшчыцаю не змагу ісьці працаваць”.

(Квяткоўскі: ) “Купалінкаўцы” зьвярталіся ва ўсе магчымыя ўладныя й праваабарончыя інстанцыі. З пытаньнем як жыць, і як дзейнічаць Марыі Абакуновіч і тысячам ёй падобным па ўсёй Беларусі мы зьвярнуліся да праваабаронцы Алега Гулака, які ў 90-х працаваў юрыстам на прадпрыемстве, з пытаньнем, ці мае права адміністрацыя ўзяць і звольніць працаўніка?”

(Гулак: ) “Натуральна мае права, таму што няма рэалізацыі, фірма банкрутуе. У такіх выпадках рабочых трэба нейкім чынам вызваляць і скарачаць. І такім чынам, застаецца шлях ісьці на біржу працы — хаця б з той мізэрнай дапамогаю, якую там прапануюць”.

(Квяткоўскі: ) “Алег Гулак бачыць выйсьце толькі ў праграмах стварэньня працоўных месцаў шляхам лібэралізацыі прыватнага прадпрымальніцтва. Але Марыя Абакуновіч ужо ні на што не спадзяецца”.

(Абакуновіч: ) “За працоўнай кніжкай ісьці на фабрыку — трэба браць вяроўку ў кішэню. Гэта, напэўна, і будзе. Таму што я не змагу туды пайсьці без вяроўкі”.

(Квяткоўскі: ) “Кожная другая работніца “Купалінкі”, зь якой я размаўляў, гаворыць пра самагубства як варыянт. Неабходнасьць самастойна адстойваць свае правы сталася для іх шокам. Яны знаходзяццца ў стане між паняверкаю і надзеяй на высокіх кіраўнікоў”.

(Грузьдзіловіч: ) “А сапраўды, як падвысіць сацыяльную абароненасьць жанчынаў? Што ў гэтай справе першаснае — зьмены ў сьветапоглядзе грамадзтва, у заканадаўстве? Ці мяняць трэба палітычны стыль? У Сьвятланы Курс свой адказ на гэтае пытаньне...”

(Курс: ) “Найперш грамадзтва павінна адукоўвацца і глядзець на сьвет па сучаснаму. Тады будзе рэалізаваны патэнцыял і мужчынаў, і жанчынаў. Ня будзе такіх выпадкаў, як з адной маёй знаёмай, якой забаранілі мець дзяцей і выходзіць замуж цягам трох гадоў, інакш давядзецца плаціць ёй розныя дапамогі. Начальнік узяў зь яе такую расьпіску. Я не заканадаўца, але на маю думку фірмам, якія бяруць на працу цяжарных жанчынаў, маглі б даць нейкія падатковыя ільготы. А то атрымліваецца, што грамадзтва адной рукою заклікае жанчынаў нараджаць, а другой робіць з жанчынаў інвалідаў”.

(Грузьдзіловіч: ) “Што да адмысловай увагі заканадаўцаў да сацыяльных праблемаў жанчынаў, тут Сьвятлана ў прыклад прыводзіць Эўропу, асабліва Швэцыю. Паводле яе словаў, у пытаньнях роўнасьці жанчынаў з мужчынамі ня ўсё вырашаецца наяўнасьцю вялікіх грошай, ня менш істотнымі ёсьць палітычнай воля і асабісты прыклад кіраўніцтва. Тут, на думку Сьвятланы Курс, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не адпавядае патрэбам дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG