Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“САМ НАСАМ З ГІТАРАЙ”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Падбярэскі: ) “Добры дзень! Гэта не маё і ня сьвежае назіраньне: музыка інструмэнтальная ў параўнаньні з той, у якой гучыць тэкст, звычайна карыстаецца куды меншай папулярнасьцю. Прычыны гэтаму можна адшукаць розныя. Адной зь іх можа быць тое, што ў песьні тэкст сам па сабе нясе сэнс, і ў слухача няма праблемы зразумець, што ж хацеў сказаць той кампазыцыяй выканаўца. А вось калі тэкставой падказкі няма, у слухача аўтаматычна ўзьнікаюць праблемы з разуменьнем сэнсу музыкі. Відаць, гэта і ёсьць галоўная прычына таго, што аўдыторыя інструмэнтальнай музыкі значна меншая, чым, да прыкладу, песеннай.

Ды й выканаўцаў такой музыкі, трэба прызнацца, таксама куды менш. Адзін зь іх — менскі гітарыст Сяргей Трухановіч, якога добра ведаюць як удзельніка групы “Крама”. Куды менш ведаюць яго як аўтара самастойнага інструмэнтальнага праекту. У 1999 годзе ён выдаў праграму “Кропка невяртаньня”, 9 сакавіка Сяргей разам з калегамі прэзэнтуе ў канцэртнай зале “Менск” новую работу — матэрыял толькі што выдадзенага альбому “Нараджэньне таямніцы”, які таксама цалкам складаецца толькі з інструмэнтальных кампазыцыяў.

Згадзіцеся, такая вернасьць жанру выклікае толькі павагу. І адначасова — жаданьне распытаць Сяргея адносна таго, што ж зьвязала яго з інструмэнтальным жанрам, як нараджалася гэтая праграма. Гітарыст Сяргей Трухановіч — госьць нашай студыі, шчыра вітаю спадара гітарыста!

Сяргей! Калі можна, адразу пачну з нетактоўнага пытаньня. Ты выдаў другую ўжо праграму, і зноў не запісаў ніводнай песьні. Гэта што — сьвядомая пазыцыя ці ты проста сьпяваць ня ўмееш?”

(Трухановіч: ) “Лічу, што трэба рабіць тое, што ў цябе лепш атрымліваецца. Сьпяваць я на самой справе добра ня ўмею, а таму і ня лезу ў тое, чаго ня ўмею. Вось і ўсё!”

(Падбярэскі: ) “У інструмэнтальнай музыцы, калі тэкст адсутнічае, сэнс п’есы раскрываецца толькі праз музыку і назвы гэтых кампазыцыяў. Які ж сэнс ты заклаў у альбом, калі назваў яго “Нараджэньне таямніцы”?”

(Трухановіч: ) “Гэта — нараджэньне нечага такога цікавага, што заўсёды прысутнічае ў творчасьці ўсіх творчых людзей — і мастакоў, і паэтаў, і музыкаў таксама. Калі мы запісвалі альбом ужо з музыкамі — Аляксандрам Сапегам, Ігарам Сацэвічам, то яны дабаўлялі нешта сваё і таксама дабаўлялі ад сябе”.

(Падбярэскі: ) “Гэта зразумела, бо выступаць, запісвацца з такімі музыкантамі вельмі зручна”.

(Трухановіч: ) “Вось гэты працэс я і называю тым самым нараджэньнем”.

(Падбярэзскі: ) “Нараджэньнем таямніцы творчасьці — так можна сказаць?”

(Трухановіч: ) “Ну так! Канешне ж, маецца на ўвазе творчасьць”.

(Падбярэскі: ) “Па жанрах і гучаньню п’есы гэтага альбому вельмі розныя. А што нараджаецца раней: тэма ці яе гукавое ўвасабленьне? Раскрой вось і гэтую таямніцу, калі ласка”.

(Трухановіч: ) “Калі няма тэмы, калі будуць голыя рытм ці рыф, таксама ў канцы можа нешта атрымацца. Але ўсё ж павінна пераважаць тэма. Бывае, канешне, і наадварот, аднак усё залежыць ад настрою, у якім магу, напрыклад, я быць ці ад настрою музыкаў, якія дапамагаюць мне”.

(Падбярэскі: ) “А сапраўды можа быць такое, што ў цябе спачатку нараджаецца проста гук, які цягне за сабой настрой, а з настрою ўжо нараджаецца сама тэма?”

(Трухановіч: ) “Можна, можна сказаць і так”.

(Падбярэскі: ) “На прэзэнтацыю альбому запрошаны такія аўтарытэтныя музыканты, як Уладзімер Угольнік, музыканты джаз-групы “Apple Tea”. Нехта можа ўспрыняць тое як рэклямную прыманку. А як растлумачыш гэта ты сам?”

(Трухановіч: ) “Гэта ж ня мой сольны канцэрт. Прэзэнтацыя — гэта калі паказваецца ня ўвесь свой матэрыял, а толькі ягоная палова, каб у слухачоў узьнікла жаданьне пайсьці й набыць твой дыск. А на прэзэнтацыю заўсёды, як я лічу, трэба запрашаць славутых гасьцей”.

(Падбярэскі: ) “А ўвогуле ня страшна табе выходзіць на сцэну такой вялікай залі з музыкай няпростай, якая вымагае ўвагі й нават напружаньня ад гледачоў?”

(Трухановіч: ) “Я ня ведаю такога музыканта, які б не хваляваўся перад якім-небудзь такім велізарным канцэртам. Таксама і я хвалююся. Хто не рызыкуе, той ня п’е… што?”

(Падбярэскі: ) “А што ты п’еш, дарэчы?”

(Трухановіч: ) “Той ня п’е …піва! Але ж будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе добра. Я не аднойчы стаяў на той пляцоўцы, але ж тут я ўжо атрымліваюся ў крышачку іншай пазыцыі, я буду першы, а музыкі ўжо будуць стаяць за мной. Гэта таксама накладае нейкую такую адказнасьць”.

(Падбярэскі: ) “Вось менавіта пра гэта я і хацеў спытацца, бо ў “Краме”, у “Палацы” ты ўсяго толькі адзін з музыкаў. У гэтай праграме — безумоўны лідэр. У чым розьніца?”

(Трухановіч: ) “Я пачынаю ўжо вырастаць зь нейкіх гэтых дзіцячых шорцікаў, штанішак, мне ўжо не хапае проста выйсьці й зграць сола ў нейкай там песьні. Мне ўжо хочацца быць, магчыма, і першым. Так павінна быць заўсёды. Я лічу, што музыкант мусіць ісьці наперад”.

(Падбярэскі: ) “Здаровыя амбіцыі, ты лічыш, павінныя быць”.

(Трухановіч: ) “Так! Здаровыя амбіцыі, я й не саромеюся гэтага слова. У мяне ёсьць уласныя амбіцыі, і менавіта амбіцыі гэтыя зрабілі тое, што вы вось бачыце на гэтым дыску”.

(Падбярэскі: ) “Я вось на што зьвярнуў увагу. У тэкстах, зьмешчаных на вокладцы альбому, ёсьць згадка пра Віктара Смольскага, які ў свой час напэўна ўплываў на цябе як гітарыста. Цяпер, відаць, вучацца ўжо ў цябе, маладзейшыя. Што ты наогул можаш сказаць пра беларускую гітарную школу?”

(Трухановіч: ) “Беларуская школа была, ёсьць і застаецца адной зь лепшых на постсавецкай прасторы. Зьяжджаюць жа музыкі, не пакідаючы па сабе, акрамя запісаў, тут нічога. А на іхнае месца няспынна прыходзяць новыя. Я вось ужо бачу зь ліку маладых 20-гадовых хлопцаў таленавітых выканаўцаў. А што да Віктара Смольскага, дык мы зь ім сапраўды сябруем, і ён для мяне зьяўляецца добрым прыкладам, як трэба йсьці наперад, пераадольваць цяжкасьці, як рабіць кар’еру”.

(Падбярэскі: ) “А што адносна тваёй кар’еры як настаўніка?”

(Трухановіч: ) “Вучні ёсьць. Уладзімер Пятровіч Угольнік прапанаваў мне працаваць ва Ўнівэрсытэце культуры ў студыі, я ўжо зьяўляюся кіраўніком студыі пры Ўнівэрсытэце культуры. А ў бліжэйшыя пяць гадоў я хачу стварыць уласную гітарную школу”.

(Падбярэскі: ) “У якім жа выглядзе?”.

(Трухановіч: ) “Першапачаткова ў друкаваным. Распрацаваць мэтодыку. А потым ужо, засноўваючыся на гэтай мэтодыцы, мы ўжо зможам рабіць усё: і відэаматэрыялы, і аўдыёматэрыялы”.

(Падбярэскі: ) “У свой час твой сольны праект група “Sam Gray” абапіраўся на музыку кантры. У альбоме “Нараджэньне таямніцы” ёсьць п’еса “Купальская”. Чым для цябе наогул зьяўляецца народная музыка, як яна ўплывае на тое, што ты робіш?”

(Трухановіч: ) “Вось менавіта “Палац” і паўплываў на тое, што зьявілася такая п’еса, як “Купальская”. У адрозьненьне ад “Крамы” гэта наогул зусім іншая музыка. Мне заўсёды даводзіцца варыцца ў народнай беларускай мэлёдыцы. І я ўжо пачаў знаходзіць нейкія пасажыкі на гітары, такія незвычайныя, якія я ніколі не ўвасобіў бы ў “Краме”. Калі слухаеш “Купальскую” ўважліва, то гэта можна заўважыць”.

(Падбярэскі: ) “Купальская” чым зьвярнула на сябе ўвагу? Мне падаўся такім даволі нецікавым, стандартным уступ. А потым… Потым раптам, калі тэма пачынае ўжо разьвівацца, музыка пачынае гучаць цалкам па-іншаму. Што ты наогул чакаеш ад гэтага канцэрта?”

(Трухановіч: ) “Чакаю, што ён паспрыяе нейкім зьменам у нашым шоў-бізнэсе, што ў Беларусі айчынныя гітарысты пачнуць сьмялей ствараць інструмэнтальную музыку, бо гітарыстаў шмат, аднак вось хто зь іх выдае такую музыку? Угольнік, Сьпіцын з Чармэнам нешта робяць, і ўсё!”

(Падбярэскі: ) “Я зычу табе ўсялякіх посьпехаў на выкладчыцкай ніве і, сапраўды, каб у цябе ўсё атрымалася на канцэрце 9 сакавіка”.

(Трухановіч: ) “Я зраблю ўсё магчымае, каб гэты канцэрт атрымаўся. Гэта добра, калі музыкі хвалююцца. Значыць, канцэрт будзе добры”.

(Падбярэскі: ) “Такім чынам, той, хто хоча для сябе адкрыць таямніцу інструмэнтальнага гітарнага жанру, мусіць паслухаць кампакт-дыск Сержука Трухановіча і наведаць гэты канцэрт. Дзякуй табе за гутарку, і да новых сустрэчаў. Спадзяюся, не ў апошні раз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG