Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСЫ БАЯЦЦА СТАЦЬ БЕСПРАЦОЎНЫМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Для апытаньня я выбраў раён Менскага трактарнага заводу — рабочыя кварталы, дзе жывуць пераважна малазабясьпечаныя людзі, што працуюць на буйных прадпрыемствах. І вось якія атрымаў адказы:

(Работніца Трактарнага заводу: ) “Ёсьць пакуль праца. Я працую ў ліцейным цэху №1. Аддзел кадраў выдаў загад — скараціць жанчын, якія працуюць на цяжкім участку. Мне мала засталося працаваць у гарачай сетцы дык вось і баюся страціць працу”.

(Малады мужчына: ) “Цяпер маю працу, а пяць месяцаў быў у пошуках. Добрую працу было вельмі цяжка знайсьці”.

(Спадарыня: ) “Цяпер маладым людзям з вышэйшай адукацыяй, зь сярэдняй спэцыяльнай вельмі цяжка знайсьці працу”.

(Спадар: ) “Так я працую, але й раней працаваў. Думаю, што ў гэтай справе ў мяне ня будзе ніякіх праблемаў. А працую я вось тут на Трактарным заводзе ўжо 33 гады. І ведаю, і чакаю, што будзе лепей”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да таго, што так імкліва ў Беларусі расьце ўзровень беспрацоўя?”

(Спадар: ) “У нас яшчэ ёсьць людзі, якія ня хочуць працаваць. Вось ведаеце, нашая моладзь часам робіць нешта няладнае, а працаваць ня хоча”.

(Працаўнік Трактарнага заводу: ) “Не, страціць не баюся. Можа чалавек знайсьці працу, працоўных месцаў хапае. Так што, думаю нічога страшнага няма. Людзі, што ня хочуць працаваць, дык яны й ня робяць. Таму й застаюцца бяз працы”.

(Спадарыня: ) “Я – настаўніца пачатковых клясаў і страціла працу нядаўна, калі пайшла ў дэкрэт. Месца маёй працы не захавалася, таму з праблемаю беспрацоўя я сутыкнулася рэальна. Я страціла месца з-за аб’ектыўных прычынаў – бо нарадзіла дзіця ва ўмовах, калі падае нараджальнасьць. Вельмі дрэнна, што расьце беспрацоўе, але, спадзяюся, што я працу знайду”.

(Дзяўчына: ) “Я не працую, бо цяпер вучуся ва ўнівэрсытэце. Хвалююся, бо вучуся на эканаміста. Ведаю, што эканамістаў цяпер вельмі шмат і таму хвалююся, што не знайду сабе месца”.

(Дворнік: ) “Вось хаджу, мятлой мяту… Рабіць трэба. Хто хоча, той працу знойдзе. А хто няхоча – няхай ля крамы стаяць”.

(Студэнтка: ) “Зараз я не працую, бо вучуся ў пэдагагічным каледжы. Вельмі трывожная сытуацыя. Я будучая настаўніца і хвалююся, што мне можа не хапіць месца. Хацелася, каб дзяржава больш сур’ёзна займалася гэтай праблемаю. Каб стварала новыя працоўныя месцы, нават, можа, і не зусім па маёй спэцыяльнасьці”.

Я апытаў некалькі дзясяткаў чалавек, і пераважная бальшыня гэтых людзей баіцца, што ў любы дзень кожны зь іх можа стаць беспрацоўным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG