Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ “КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ” ЎВАСАБЛЯЕ МАДЭЛЬ КАНФЭДЭРАЦЫІ


Сяргей Навумчык, Прага

Калі праводзіць гістарычныя паралелі, дык гэты Акт, у тым выглядзе, як ён надрукаваны сёньня, вяртае нас у сытуацыю 1990 – першай паловы 1991 года. Нават не пасьляжнівеньскага пэрыяду 1991-га, калі беларуская Канстытуцыя і законы атрымалі вяршынства над саюзнымі (а ў сьнежні зьнік і Саюз).

Першае і галоўнае – Акт, а канкрэтна артыкул 58, прадугледжвае вяршынства “саюзнай” Канстытуцыі над нацыянальнымі Канстытуцыямі – у нашым выпадку над беларускай. Тое ж тычыцца і заканадаўства.

Другое – гэта абраньне агульнага парлямэнту з заканадаўчымі і прадстаўнічымі функцыямі (артыкул 40).

Трэцяе – гэта юрыдычнае замацаваньне адзінай грашовай сыстэмы (артыкул 6). Нават калі Менску і ўдалося б стварыць яшчэ адзін, уласны эмісійны цэнтар – бюджэтную палітыку будзе вызначаць Масква.

Чацьвертае – стварэньне так званай рэгіянальнай вайсковай групоўкі, якая можа цалкам паглынуць беларускае войска.

Пятае – агульная памежная сыстэма (артыкул 32).

Шостае – агульнае грамадзянства. Грамадзяне Расеі і Беларусі аўтаматычна робяцца грамадзянамі Саюзнай дзяржавы. Прычым спыненьне грамадзянства Саюзнай дзяржавы магчымае толькі пры ўмове спыненьня грамадзянства суб’екта Саюзнай дзяржавы. Расшыфруем: калі вы, грамадзянін Беларусі, не жадаеце нічога супольнага мець з Саюзнай дзяржавай, з Масквой – вы павінны адмовіцца ад беларускага грамадзянства. У супрацьлеглым выпадку на тэрыторыі Расеі вас будуць лічыць “сваім” грамадзянінам.

І нарэшце – артыкул 8 вызначае ў якасьці працоўнай мовы “саюзнай дзяржавы” расейскую мову. Заўважу, што фраза “беларуская мова” ў тэксьце Акту нідзе не сустракаецца.

Артыкул 3 прадугледжвае захаваньне сяброўства Беларусі ў ААН, але прыгадаем, што і ў савецкія часы Беларусь была чальцом ААН.

Такім чынам, фактычна прапануецца мадэль канфэдэрацыі. Яшчэ не фэдэрацыі, але ўжо – не аб’яднаньня, якое захоўвае ўсе атрыбуты незалежнай дзяржавы. Гэта вяртаньне ў сытуацыю ліпеня 1990 – жніўня 1991 году, калі Беларусь мела Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, але над гэтым сувэрэнітэтам дзейнічалі саюзныя законы і саюзная канстытуцыя, якія прымаліся ў Маскве.
XS
SM
MD
LG