У Гомельскай жаночай калёніі ўтрымліваюць больш за дзьве тысячы жанчын. Яны адбываюць пакараньне ў двух рэжымах утрыманьня — агульным і строгім. Напярэдадні 8 сакавіка жанчыны–вязьні рыхтуюць адмысловую сьвяточную праграму. Пра гэта распавяла Радыё “Свабода” намесьніца начальніка калёніі ў выхаваўчай працы Маргарыта Зінкевіч:
(Зінкевіч: ) “У нас заўсёды ўсё ідзе паводле пляну. Адзначаем усе сьвяты. Сёньня будзе вечар расейскага рамансу. Потым будзе віктарына і конкурс “А, ну, дзяўчаты!”. Апроч таго, выстава твораў і літаратурна-мастацкая кампазыцыя “Зь любоўю да жанчыны”. У нас жанчыны раскрываюць свае таленты. У дзень 8 сакавіка ніякімі ільготамі жанчыны не карыстаюцца. Законам гэта не прадугледжана. Заканадаўца не падзяляе вязьняў на “моцны” і “слабы” пол. Прывілеі ёсьць толькі для мацярок-карміцеляк і цяжарных жанчын”.
Маргарыта Зінкевіч паведаміла, што мужчыны з Гомельскай гарадзкой управы міліцыі ў гэты дзень прыяжджаюць у жаночую калёнію, каб павіншаваць сваіх калегаў-жанчын са сьвятам.
Уласта Аляксюк сядзела ў сьледчым ізалятары, а потым у гомельскай калёніі і не па чутках ведае, як там сьвяткуюць жанчыны.
(Аляксюк: ) “Замкнёная прастора камэры ў СІЗА — гэта іншая сытуацыя. Там жанчына яшчэ не прызвычаілася да няволі. Яна яшчэ ў стрэсавым стане і спадзяецца, што пасьля суду яе адпусьцяць на волю. Там яна ня сочыць за сваім выглядам. Калі ж жанчына трапляе ў калёнію, яна пачынае мяняцца. Там усе прыгажуні. І сьвяты таксама адзначаюць. Напярэдадні 8 сакавіка рыхтуюць адна адной падарункі. Часьцей за ўсё тое — гэтак званая “марачка” — вышытая насоўка. Са згушчонкі рыхтуюць кулінарныя шэдэўры. З малака — марозіва ды шмат чаго... У калёніі ў жанчыне прачынаецца жанчына. Ёй патрэбна фарбаваць вусны, твар... Жанчына жадае скінуць зь сябе тыя рэчы, якія былі на ёй падчас знаходжаньня ў сьледчым ізалятары, і апрануцца больш прыстойна. Яна пачынае перашываць адзеньне, падганяць яго пад сваю фігуру. Часам ідуць на парушэньні — кароцяць спадніцы й робяць разрэзы. Жанчыне хочацца сэксу. Калі гэта становіцца праблемаю, то там ёсьць гэтак званыя “каблы”. Гэта жанчыны, якія выконваюць ролю мужчыны. Ну, калі жанчына выходзіць на волю, яна забывае пра гэта. Гэта ня так, як на мужчынскіх зонах... Самае горшае, што мужы кідаюць сваіх жонак. Жанчыны ўсё ж больш адданыя... Ды й грамадзтва адрынае гэтых жанчын. Кажуць: “О-о, сядзела...” На працу не бяруць, бо сядзела, дома няма, бо сядзела, сям’і няма, бо сядзела... І жанчына вяртаецца зноў на зону. Там яе разумеюць”.
Адміністрацыя жаночай калёніі пацьвердзіла расповед Уласты Аляксюк. Больш за палову сёняшніх вязьняў–жанчын трапляе ў калёнію па два й болей разоў.