Леанід Калугін ня будзе пакараны пазбаўленьнем волі. Пра гэта як пра вырашаны факт паведамляюць некаторыя крыніцы з дэпартаманту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, дзе вядзецца справа Калугіна, а таксама з пракуратуры, дзе яна нядаўна правяралася.
Паводле гэтых крыніцаў, пракуратура рэкамэндавала перакваліфікаваць дзеяньні Калугіна паводле больш мяккага артыкула. Калі раней ён падазраваўся ў злоўжываньні службовым становішчам, то цяпер гаворка йдзе толькі пра службовую нядбайнасьць. Між тым, паводле Крымінальнага кодэксу, гэтае злачынства мае тэрмін даўніны — два гады, і таму суд можа апраўдаць Калугіна, — сьцьвярджаюць крыніцы і не выключаюць, што з гэтай прычыны справа ўвогуле ня дойдзе да суду.
Сам Леанід Калугін пакуль устрымліваецца ад камэнтароў адносна далейшага лёсу, аднак ягоныя сябры не хаваюць, што ён стаў аптымістычней глядзець у будучыню.
Адвакат Калугіна Аляксандар Пыльчанка таксама не дае камэнтароў. Пры гэтым ён заўважае, што адпачатку абарона настойвала на тым, што дзеяньні Калугіна падпадаюць толькі пад гаспадарчы, а не пад Крымінальны кодэкс.
(Пыльчанка: ) “Прэтэнзіяў асабіста да Калугіна няма, яго не абвінавачваюць у тым, што ён нібыта нешта ўзяў для сябе, зрабіў на сваю карысьць. Магчыма, былі гаспадарчыя памылкі, і з гэтым трэба разабрацца ў гаспадарчым судзе. Але мы ад пачатку даказвалі, што ім ўсё рабілася выключна ў інтарэсах прадпрыемства”.
Адвакат спадзяецца, што справа Калугіна да суду ня дойдзе. Што да кіраўнікоў дэпартаманту фінансавых расьсьледаваньняў, дзе вядзецца справа Калугіна, то яны адмаўляюцца абмяркоўваць гэтую тэму з журналістамі.
Нагадаем, Леанід Калугін быў арыштаваны ў лістападзе 2001 году, неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх ён беспасьпяхова спрабаваў вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнта. Калугіна абвінавацілі ня толькі ў злоўжываньні службовым становішчам, але таксама ў фінансавых махінацыях з валютаю і падробцы дакумантаў, але потым гэтыя абвінавачваньні былі зьнятыя. Праз 2 месяцы зьняволеньня Леаніда Калугіна накіравалі на экспэртызу ў шпіталь у Навінкі, дзе ўтрымліваюць псіхічнахворых людзей. Аднак экспэртыза пацьвердзіла ягонае здароўе, і вязьня вярнулі ў менскі сьледчы ізалятар. З траўня мінулага году Калугін дома, пад падпіскаю пра нявыезд. Абвінавачваньні на свой адрас ён ня камэнтуе, але вядома, што ніводнае зь іх ён ніколі не прызнаваў.