Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ПІШУЦЬ ЗАЯВЫ НА ЎСТУПЛЕНЬНЕ Ў ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ПАРТЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) пасьля першага туру мела 13 дэпутатаў. А зараз іх ужо 16. Бюро Народнай грамады 6 сакавіка прыняло ў склад партыі дэпутатаў Верхнядзьвінскага раённага савету Людмілу Рудую і Паўла Івашчанку, а таксама дэпутата Белазерскага гарадзкога савету Натальлю Акаронку. Дарэчы, праз колькі дзён плянуецца папаўненьне партыі яшчэ адным дэпутатам, чыя адпаведная заява паступіла са спазьненьнем. Усе яны абіраліся як беспартыйныя кандыдаты.

Гаворыць лідэр партыі Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Чатыры нашых прыхільнікі ці, як я кажу, “партызаны”. Я быў вельмі супраць усіх “партызанаў”, але тым ня менш яны ўдзельнічалі ў выбарах, той-сёй прайшоў у дэпутаты. Яны не хавалі сваю партыйнасьць, на той час яны былі толькі нашымі прыхільнікамі”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя пакуль мае 7 дэпутатаў, але, як адзначыў старшыня партыі Анатоль Лябедзька, хутка іх будзе ўдвая больш. Заявы на прыём пішуць тыя дэпутаты, каму АГП дапамагала падчас першага туру выбарчай кампаніі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “У Рагачове адзін балятаваўся як беспартыйны, але ён ішоў пры нашай падтрымцы. І другі наш перамог. У нас два мандаты ўжо ёсьць там. Яшчэ ў нас прыкладна 6-7 чалавек у такой жа сытуацыі, як у Рагачове. Ёсьць верагоднасьць, я не хачу забягаць наперад, але ёсьць верагоднасьць, што ў двух гарадах мы зможам сфармаваць нават дэпутацкія групы свае”.

Спадар Лябедзька разьлічвае на посьпех у другім туры выбараў. Ён, дарэчы, пройдзе у розных рэгіёнах у розны час. Так вырашылі абласныя выбарчыя камісіі, якім дазволілі самастойна вызначыць даты правядзеньня другога туру. Раней за іншых — 11 сакавіка — прагаласуюць менчукі, якія будуць абіраць толькі двух дэпутатаў. Апошнімі — 16 сакавіка – прыдуць на выбарчыя ўчасткі жыхары Магілеўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG