“Нас аддзяляе ўсяго некалькі дзён ад канчатковага вырашэньня пытаньня ў Радзе”, – сказаў Буш. – Што да пазыцыі ЗША, дык яна не зьмянілася – Ірак застаецца блізкай і нямінучай пагрозай для бясьпекі ЗША, а таму мусіць быць раззброены неадкладна. Пры гэтым ён упэўнены, што раззбраеньне магчымае толькі празь зьмену рэжыму. Джордж Буш сказаў, што захоп самаго Садама ня будзе вызначаць посьпех ці паразу ў вайне. “Садам мае выбар – або раззброіцца, або пакінуць краіну”, – сказаў Буш. Перамога будзе вызначацца двума фактарамі: зьменай рэжыму і раззбраеньнем. Што да магчымай не-падтрымкі новай рэзалюцыі Радай Бясьпекі, Буш сказаў: “Калі ЗША лічаць патрэбным дзейнічаць, дык мы будзем дзейнічаць. Нам ня трэба згода ці дазвол ААН”.
На працягу ўсяго выступу Джордж Буш вызначаў раззбраеньне Іраку як частку вайны з тэрарызмам. Шмат разоў было паўторана, што паколькі Ірак уяўляе непасрэдную пагрозу ЗША, задача прэзыдэнта – абараніць Амэрыку. Кошт бязьдзеяньня даражэйшы за кошт дзеяньня. Падчас прэс-канфэрэнцыі прагучэла фраза, якая фактычна азначае, што прэзыдэнт ужо прыняў канчатковае рашэньне. Ён сказаў: “Дыпляматыя з Іракам пацярпела паразу”. Зьнішчэньне Іракам ракет было названа маскарадам, каб адцягнуць час і ізноў увесьці ў зман сьвет.
Што да саміх вайсковых дзеяньняў і іх наступстваў для іракцаў, прэзыдэнт сказаў, што ў выпадку канфлікту, ЗША прыме на сябе ўсю адказнасьць за бясьпеку цывільнага насельніцтва і пастаўку гуманітарнай дапамогі. ЗША таксама, зазначыў Буш, дадуць магчымасьць інспэктарам і журналістам і ўсім замежным спэцыялістам пакінуць Ірак перад пачаткам дзеяньняў.
Шмат пытаньняў журналістаў было зьвязана з жорсткай апазыцыяй вайсковым дзеяньням многіх краін-саюзьніц ЗША, а таксама многіх шараговых грамадзян. Адзін з журналістаў нават прывёў у прыклад Віетнам, калі ЗША спрабавалі зьмяніць рэжым і казалі пра немінучую небясьпеку. У выніку – рэжым дагэтуль існуе, і Віетнам ніколі не атакаваў ЗША. У адказ на гэта Джордж Буш сказаў, што прэцэдэнты, пратэсты і апазыцыя не зьмянілі яго думкі. Ён разглядае Ірак як непасрэдную пагрозу і мае сваім абвязкам абараніць амэрыканскіх грамадзян перад тым, як Ірак перадасьць зброю масавага зьнішчэньня ў рукі тэрарыстам.
Нягледзячы на тое, што Джордж Буш шмат разоў паўтарыў, што ён спадзяецца пазьбегнуць вайны, фактычная выснова, якую можна зрабіць па выніках прэс-канфэрэнцыі – гэта тое, што адміністрацыя Белага Дому канчаткова вызначылася ў справе вайсковых дзеяньняў і часу іх пачатку.
Што да міжнароднай падтрымкі і санкцыі, дык было заяўлена, што калі вайсковыя дзеяньні распачнуцца, дык многія нязгодныя краіны далучацца да ЗША.