Прапановы, агучаныя ўчора Леанідам Кучмам, прынамсі звонку адрозьніваюцца ад тых канстытуцыйных ператварэньняў, якія , напрыклад, адбываліся ў Беларусі ў 1996 годзе і ў Расеі ў 1993 годзе. Фармальна паводле праекту Кучмы шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта пераходзяць да парлямэнту і ўраду. Гаворыць кіраўнік навуковых праграмаў украінскага інстытуту “Адкрытая палітыка” Максім Стрыха.
(Стрыха: ) “У прапановах Кучмы ёсьць два безумоўныя пазытывы. Першы – абраньне ніжняй палаты парлямэнту паводле прапарцыйнага прынцыпу. І другі пазытыў – гэта мэханізм адказнага перад парлямэнтам ураду. Але прэзыдэнт хоча захаваць за сабою сілавікоў і вэртыкаль губэрнатараў. Такім чынам, гэта крок у правільным накірунку, але вельмі невялікі і непасьлядоўны, які пакідае за прэзыдэнтам шмат рычагоў, каб кантраляваць любы ўрад і блякаваць яго дзейнасьць, як па гарызанталі, дзякуючы захаваньню кантролю над сілавікамі, гэтак і па вэртыкалі, бо губэрнатары ізноў такі застаюцца за прэзыдэнтам”.
Сапраўды, фармаваньне ўраду парлямэнцкай большасьцю, а не прызначэньне яго прэзыдэнтам, цалкам прапарцыйная сыстэма абраньня ніжняй палаты – цалкам эўрапейскія палітычныя прынцыпы. Аднак прапановы Леаніда Кучмы ўтрымліваюць шэраг падводных камянёў.
Паводле шэрагу назіральнікаў, матывам канстытуцыйнай рэформы стала для Леаніда Кумчы ня столькі жаданьне дэмакратызаваць палітычную сыстэму краіны, колькі захаваць у ёй для сябе пачэснае месца. Паводле дзейнай канстытуцыі, у наступным годзе ўва Ўкраіне мусяць адбыцца прэзыдэнцкія выбары, у якіх Кучма ня можа браць удзелу. Аднак новая Канстытуцыя можа стварыць і новы адлік тэрмінаў прэзыдэнцтва. Ізноў гаворыць украінскі палітоляг Максім Стрыха.
(Стрыха: ) “Украіна – не Беларусь, і ўкраінскі парлямэнт – гэта не беларускі нацыянальны сход, палітычнае жыцьцё ва Ўкраіне мае пэўныя азнакі дэмакратыі. Але разам з тым Украіна надта далёка ад эўрапейскіх стандартаў дэмакратыі. Сыстэма ўлады можа быць ахарактарызаваныя як гіпэрпрэзыдэнцкая дзяржава з пэўнымі дэмакратычнымі рудымэнтамі. Калі пра палітычную рэформу гаворыць апазыцыя, яе мэта – прывесьці палітычную сыстэму да эўрапейскіх стандартаў, зрабіць немагчымымі тэндэнцыі аўтарытарызму, якія сёньня пануюць ва ўкраінскай палітыцы. Ініцыятыва прэзыдэнта, так выглядае, мае іншыя мэты. Кароткатэрміновую – адцягнуць увагу грамадзкасьці ад масавых акцыяў апазыцыі, прызначаных на 9 сакавіка. А больш далёкая – шляхам невялічкіх зьменаў забясьпечыць Кучму палітычную будучыню. На мой погляд, сэнс прапановы Кучмы – не ва ўсталяваньні парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі. Паўнамоцтвы прэзыдэнта і пасьля рэформы застануцца большыя, чым у клясычнай прэзыдэнцка-парлямэнцкай Францыі. Кучма хоча прабыць яшчэ некалькі гадоў прэзыдэнтам, што дае магчымасьць праект канстытуцыйных зьменаў, а пасьля адыходу ад улады сесьці ў крэсла пажыцьцёвага сэнатара”.
Варта дадаць, што ў адрозьненьні ад Беларусі ўкраінская Канстытуцыя можа быць зьмененая рашэньнем канстытуцыйнай большасьці парлямэнту.