Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 9-Й МЕНСКАЙ АКРУЗЕ ПЕРАЛІЧАЦЬ БЮЛЕТЭНІ


Уладзімер Глод, Менск

Галасы будуць пералічваць у панядзелак 10 сакавіка сябры акруговай камісіі ў прысутнасьці сакратара Цэнтарвыбаркаму Мікалая Лазавіка і прадстаўнікоў раённай і гарадзкой выбарчых камісіяў. Гэтага дамагліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Навасяд, Парфяновіч і Фралоў.

Згодна з папярэднімі зьвесткамі, дзявятая акруга стала адзінай з 55-ці сталічных, дзе ў першым туры выбары не адбыліся. Тут балятаваліся ўсяго два кандыдаты — Аляксандар Мельнікаў, які зьяўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Навасяда, і Васіль Букланаў — дырэктар тэхнічнае вучэльні. Паводле інфармацыі старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, агучанай 3 сакавіка, ніводзін з двух прэтэндэнтаў не атрымаў падтрымкі паловы выбаршчыкаў. А гэта, згодна з Выбарчым кодэксам, азначае, што ў акрузе мусяць быць прызначаныя новыя выбары.

Такі вэрдыкт стаў абсалютна нечаканым ня толькі для кандыдата Мельнікава, але й для трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — Уладзімера Навасяда, Уладзімера Парфяновіча і Валерыя Фралова. Справа ў тым, што яны скарысталіся сваім правам удзельнічаць пры падліку бюлетэняў, і 2 сакавіка нечакана для выбарчых камісіяў прыехалі на выбарчыя ўчасткі. Дэпутаты атрымалі копіі пратаколаў, згодна зь якімі Аляксандар Мельнікаў быў абраны дэпутатам Менскага гарсавету.

А ранкам наступнага дня акруговая камісія заявіла, што сп. Мельнікаву для перамогі не хапае 0,04% галасоў. Маўляў, пасьля таго, як усе вынікі былі падсумаваныя, і сябры камісіі разьехаліся па хатах, у кагосьці зь іх зьявіўся сумнеў: ці не памыліліся мы? Камісія вярнулася, зноўку пералічыла бюлетэні і ўбачыла памылку. Таму Аляксандра Мельнікава і не прызналі законна абраным дэпутатам.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў настаялі на тым, каб ўжо раённая камісія пералічыла бюлетэні. Аднак, калі яны зьявіліся ў Ленінскі раённы выканкам, дзе ў адмысловым пакоі захоўваліся бюлетэні, высьветлілася, што пячатка на дзьвярах пакою пашкоджаная невядомай асобай. Дэпутаты выклікалі раённага пракурора і міліцыянтаў, быў складзены адпаведны пратакол.

Менская гарадзкая камісія 5 сакавіка адмовілася даць дазвол на пералік бюлетэняў. І толькі Цэнтравыбаркам вырашыў, што пералік патрэбна зрабіць. Уладзімер Навасяд сказаў, што ён дамагаецца, каб у Беларусі ўрэшце рэшт быў створаны прэцэдэнт адказансьці сябраў выбарчае камісіі за свае дзеяньні.

(Навасяд: ) “Я ня ведаю, як гэта ўсё можна спыніць, як можна не дамагацца праўды. Пракуратуры неабходна завесьці крымінальную справу і падвесьці вынікі, вызначыць, хто вінаваты. Калі ёсьць адзін пратакол і ёсьць другі, трэба прымаць нейкія рашэньні. Я думаю, што ў гэтым сэнсе мы дапаможам знайсьці праўду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG