Беларускі бок прапанаваў стварыць замест адзінага эмісійнага цэнтру наднацыянальную структуру ў Смаленску, якая будзе выпускаць саюзныя грошы. Перамовы прайшлі за зачыненымі дзьвярыма, але, паводле маскоўскай газэты “Коммерсантъ”, нават калі функцыі эмісійнага цэнтру будзе выконваць Цэнтрабанк Расеі, дык беларускі Нацбанк патрабуе квоты памерам 3% на выпуск расейскіх рублёў у абарачэньне. Мова йдзе пра безнаяўныя рублі — друкаваць купюры ў Беларусі не зьбіраюцца. Таксама нічога ня кажуць пра зьмену сымболікі на грошах — на іх застануцца расейскія карцінкі.
Беларуская дэлегацыя прапанавала расейскаму прэм’еру Міхаілу Касьянаву й кіраўніку Цэнтральнага банку Расеі Сяргею Ігнацьеву абмеркаваць пэрспэктывы стварэньня валютнага саюзу чатырх краін — з далучэньнем Украіны і Казахстану. Аднак, паводле маскоўскіх крыніцаў, дыскусія хутка зайшла ў тупік, бо расейскае кіраўніцтва паставілася да гэтых прапановаў без энтузыязму. Дэпартамант урадавай інфармацыі абмежаваўся наступным паведамленьнем пра перамовы зь беларускай дэлегацыяй: “Падчас сустрэчы адбыўся абмен думкамі па шырокім коле пытаньняў, зьвязаным з выкананьнем дамоўленасьцяў пра фармаваньне адзінай эканамічнай прасторы”. Нічога афіцыйна не паведамляецца пра тое, ці абмеркавалі кіраўнікі ўрадаў Расеі й Беларусі піўную вайну паміж дзьвюма краінамі, хаця гэтая вайна напярэдадні сустрэчы дасягнула свайго піку: беларускі ўрад адмовіўся ад расейскіх інвэстыцыяў у піваварную галіну, а расейская кампанія “Балтыка” зьвярнулася ў менскі суд з пазовам пра банкруцтва бровару “Крыніца”.
На сустрэчы ў Маскве абмяркоўвалася акцыянаваньне прадпрыемства “Белтрансгаз”, на базе якога да 1 ліпеня паводле міжурадавага пагадненьня мусіць быць створанае беларуска-расейскае супольнае прадпрыемства, аднак пытаньне пра кантрольны пакет акцыяў пакуль ня вырашылі. Менск хоча пакінуць за сабой 50% і яшчэ адну акцыю. Прэм’ер Навіцкі запэўніў свайго калегу спадара Касьянава, што ўжо ў гэтым месяцы рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтрансгаз” будзе пераўтворанае ў адкрытае акцыянэрнае таварыства.
А Міхаіл Касьянаў паабяцаў, што ўжо з наступнага году Расея будзе кампэнсаваць беларускаму бюджэту страты, якія атрымліваюцца ў выніку своеасаблівага зьбіраньня падатку на даданую вартасьць. Расея гандлюе зь Беларусьсю так, як не гандлюе з усімі іншымі краінамі, і не зьбірае гэты падатак паводле прынцыпу краіны прызначэньня тавараў. Таму Масква абяцае Менску штогод каля 140 мільёнаў даляраў кампэнсацыі.