Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗКІ СУД У МЕНСКУ ЛІЧЫЦЬ ЗАТРЫМАНЬНЕ І ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКІ СУПРАЦОЎНІКАМІ КГБ ЗАКОННЫМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зьвярнуцца са скаргаю ў Менгарсуд Анатоль Лябедзька быў вымушаны пасьля таго, як 23 студзеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Валеры Есьман прыняў няпраўнае, на думку палітыка, рашэнье.

Судзьдзя палічыў, што спадар Лябедзька быў законна затрыманы супрацоўнікамі КГБ ў цывільным 5 лістапада ля будынку амбасады ЗША ў Менску і дастаўлены ў будынак КГБ. Паводле судовага рашэньня, абгрунтаваным было й вынесенае лідэру АГП папярэджаньне. Кагэбісты папярэджвалі Анатоля Лябедзьку, што ягоныя кантакты з заходнімі дыпляматамі, якія нібыта падазраюцца ў шпіянажы, атрыманьне ад заходніх структураў вялікіх сумаў грошай, а таксама навучаньне ў Цэнтры Маршала могуць прывесьці апазыцыйнага палітыка да крымінальнага злачынства — “здрады Радзіме”.

Лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі даводзіў 6 сакавіка калегіі Менгарсуду, што судзьдзя Есьман дзейнічаў незаконна. Ён не дасьледваў апэратыўныя матэрыялы КГБ, не прыняў да ўвагі доказы таго, што спадар Лябедзька ніколі не кантактаваў са шпіёнамі, ня меў доступу да сакрэтнай інфармацыі, і ніколі не атрымліваў ніякіх грошай ад замежных структураў і арганізацыяў.

Таму, на думку Анатоля Лябедзькі, рашэньне раённага суду мусіць быць адмененае, і справа мусіць быць накіравана на новы разгляд. Аднак гарадзкая калегія пад кіраўніцтвам судзьдзі Інны Лугінай вырашыла, што адмяняць рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі няма ніякіх падстваў. Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Лябедзька: ) “Сёньня тры жанчыны — тры асобы, якія то чырванелі, то адводзілі вочы — не захацелі быць судзьдзямі. Гэта людзі ў чорных мантыях, якія, на жаль, гэтаксама хворыя — як сама сыстэма ўлады. І праблемы гэтых людзей застануцца — калі сыйдзе Лукашэнка, калі адыйдзе гэтая сыстэма. Таму не было ніякіх ілюзіяў. Я наўмысна іду па гэтай лесьвіцы не спадзеючыся на станоўчы вынік сёньня. Але калі-небудзь будуць вывучаць і гэтыя матэрыялы. Людзі мусяць ведаць, якая была сыстэма — каб не засталіся потым у белых пальчатках тыя, хто выносіў такія прысуды і прымаў такія рашэньні”.

Анатоль Лябедзька будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG