Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГКАМІТЭТ МАРШУ ПРАТЭСТУ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ” РАЗЬЛІЧВАЕ ВЫВЕСЬЦІ НА ВУЛІЦЫ БОЛЬШ ЗА 5000 ЧАЛАВЕК

Любоў Лунёва, Менск

(Гразнова: ) “Колькі людзей выйдзе? Тут ёсьць фактары, якія спрыяюць і, якія нэгатыўна ўзьдзейнічаюць на колькасьць людзей. Спрыяюць, па-першае, галеча, па-другое, намер Лукашэнкі абрацца на трэці тэрмін і, па-трэцяе, сацыяльныя лёзунгі, якія зразумелыя простым людзям. Не спрыяе, па-першае, нашы старыя стэрэатыпы паводзінаў, па-другое, тактыка ўладаў на запалохваньне людзей, калі па тэлевізіі паказваюць хроніку разгонаў дэманстрацыяў амонаўцамі, па-трэццяе, адсутнасьць сталых грамадзкіх структураў па ўсёй краіне. Але, усё адно ў акцыі возьме ўдзел большая колькасьць людзей, чым за апошнія два гады. Ну, самы мінімум, я разьлічваю — недзе каля пяці тысячаў чалавек, але можа быць і болей”.

Сябры моладзевага руху “Зубр” апошнія два тыдні вядуць інфармацыйную кампанію ў рэгіёнах і ў беларускай сталіцы. Сёньня ўранку ля буйных менскіх прадпрыемстваў яны раздавалі газэты і ўлёткі з заклікам удзельнічаць у акцыі 12 сакавіка. Каардынатар руху “Зубр” Цімафей Дранчук распавёў Радыё Свабода:

(Дранчук: ) ““Зубр” распаўсюдзіў каля пяцідзесяці тысячаў інфармацыйных матэрыялаў толькі на менскіх рынках і таксама сярод рабочых. Бальшыня рабочых добра ставіцца да нашага руху і прыязна ставяцца да нас. Яны ахвотна бяруць нашы газэты й налепкі. Абяцаюць прыйсьці на акцыю. Можна адзначыць і новую рэакцыю з боку праваахоўных органаў. Нягледзячы на тое, што цягам апошніх тыдняў міліцыянты затрымлівалі колькі дзясяткаў сяброў “Зубру”, іх адпускалі, а інфармацыйныя матэрыялы часьцей за ўсё вярталі. Гэта сьведчыць на тое, што міліцыянты станоўча ставяцца да нашых патрабаваньняў. Апошнія дні бывалі такія выпадкі, калі міліцыянты сустракалі чалавека з налепкамі й прасілі даць ім некалькі сабе, каб расклеіць у пад’езьдзе”.

У рэгіёнах напярэдадні маючай адбыцца акцыі заплянаванае правядзеньне лякальных акцыяў. Іх удзельнікі 12 сакавіка далучацца да маршу “За лепшае жыцьцё” ў беларускай сталіцы.

Супрацоўнікі міліцыі Заводзкага раёну Менску сёньня ўранку затрымалі пяцёх чалавек за распаўсюд улётак, але праз гадзіну юнакоў адпусьцілі. Сябры моладзевага руху “Зубр” паведамілі, што ўлёткавая кампанія будзе працягвацца да 12 сакавіка, дня правядзеньня Маршу “За лепшае жыцьцё”.
XS
SM
MD
LG