Пасьля таго, як Польшча заявіла, што ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўразьвязу ўвядзе візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны ад 1 ліпеня 2003 году, афіцыйны Кіеў амаль адразу абвесьціў, што нягледзячы на гэта, палякі і надалей змогуць прыяжджаць ва Ўкраіну як і цяпер – бязь візаў.
Пазьней прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заявіў, што ўзамен на прыязны крок з боку Кіеву Варшава адмаўляецца ад спагнаньня грашовых пошлінаў за афармленьне візаў для грамадзянаў Украіны.
Гэткі варыянт, які атрымаў назоў “украінскі”, быў афіцыйна запрапанаваны таксама ўрадам Беларусі і Расеі. Гаворыць міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч.
(Цімашэвіч: ) “Калі б беларускія ўлады ня ўводзілі візаў для грамадзянаў Польшчы, дык грамадзяне Беларусі маглі б разьлічваць на бясплатныя польскія візы”.
Учора Расея адмовілася ад “украінскага варыянту” ды заявіла, што ад 1 ліпеня ўвядзе для палякаў візы. Адзінай краінай, якая пакуль ніяк не адрэагавала на польскія прапановы, застаецца Беларусь. Гаворыць прадстаўнік МЗС Польшчы Яраслаў Дрозд.
(Дрозд: ) “Беларусі бок азнаёміўся з гэтак званым “украінскім варыянтам”, які мы запрапанавалі ў часе адпаведных кансультацыяў. Так бы мовіць, на першы погляд падаецца, што Беларусь не прымае гэтага варынту, але магчыма, што ўсё яшчэ зьменіцца. Кансультацыі працягваюцца”.
Між тым ня толькі незалежныя экспэрты, але і простыя беларусы, якія часта прыяжджаюць у Польшчу, лічаць, што калі б беларускія ўлады пагадзіліся на “ўкраінскі варыянт”, то ад гэтага перадусім выйгралі б менавіта беларусы, бо толькі летась беларуска-польскую мяжу перасяклі каля 5 мільёнаў беларусаў – гэта непараўнальна больш, чым палякаў, і амаль у 5 разоў больш, чым, прыкладам, расейцаў.
Штодзённа тысячы беларусаў едуць у Польшу, каб набыць тут розныя тавары для продажу ў Беларусі ці больш танныя харчы для ўласнага спажываньня. Шмат хто зь беларусаў у Польшчы працуе, асабліва на будоўлях. Менавіта гэтыя людзі найбольш занепакоеныя стратай заробку, да якога можа прывесьці візавы рэжым.
Польскія адмыслоўцы падлічылі, што калі Беларусь адмовіцца ад “украінскага варыянту” і візы будуць уведзеныя на ўмовах узаемных аплатаў, дык рух на беларуска-польскай мяжы зьменшыцца сама мала ў 5 разоў.