Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬГА ЗАВАДЗКАЯ ПАДАЛА Ў СУД НА ПРАКУРАТУРУ БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Маці зьніклага апэратара ОРТ Вольга Завадзкая сьцьвярджае, што паводле закону яна мае права азнаёміцца з усімі рашэньнямі адносна справы, у якой прызнаная пацярпелай. Калі ёй стала вядома, што справу пра зьнікненьне яе сына прыпынілі, яна зьвярнулася ў пракуратуру, каб ёй прадаставілі копію пастановы. Аднак сьледчы Іван Бранчаль адмовіўся. Ён трактуе закон зусім інакш і кажа, што не абавязаны прадстаўляць копію сваёй пастановы, дастаткова і таго, што пацярпелую паінфармавалі.

Вольга Завадзкая мяркуе, што спрэчку трэба вырашыць. Яна падала пазоў на пракуратуру Беларусі ў Цэнтральны суд Менску.

(Завадзкая: ) “Гэта проста зьдзек, інакш не назавеш. Мяркую, яны таму адмаўляюць даць гэты дакумант, бо зь яго будзе бачна, што сьледзтва проста змарнавала час. Але мы праз суд паспрабуем дамагчыся, каб усё ж далі гэтую копію, і сталі вядомыя сапраўдныя прычыны прыпыненьня справы”.

Вышуковая справа Зьмітра Завадзкага была вылучаная з агульнай справы супроць групоўкі былога спэцназаўца Ігнатовіча яшчэ ў 2001 годзе. Пасьля суду над Ігнатовічам пракуратура неаднаразова заяўляла, што пошукі Завадзкага ня спыненыя, расьсьледваньне працягваецца… Але неўзабаве стала вядома, што насамрэч справаю Завадзкага ніхто не займаецца, яна нерухома ляжыць у генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Пасьля скаргаў сваякоў і шэрагу грамадзкіх акцыяў пратэсту летась увосень пракуратура аднавіла расьсьледаваньне. Былі праведзеныя допыты сваякоў зьніклага апэратара, апытаныя некаторыя іншыя сьведкі. Але гэта была толькі імітацыя дзеяньняў, — лічыць юрыдычны прадстаўнік інтарэсаў Вольгі Завадзкай Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “І гэта расьсьледаваньне было хутка прыпыненае, бо пракуратура і не зьбіралася яго весьці. Яны дзеянічалі паводле прынцыпу: вы хацелі сьледзтва — вось атрымайце і маўчыце. Цяпер мы бачым, што скаргі на сьледчых да іхнага кіраўніцтва безсэнсоўныя, і будзем дзейнічаць праз суд. А калі суд прызнае, што сьледчыя ня правыя, запатрабуем сатысфакцыі”.

Між тым, законам не прадугледжаная крымінальная адказнасьць сьледчых за свае памылкі. Іх магчыма пакараць або ў службовым парадку, або кампэнсацыяй за маральную шкоду праз грамадзянскі пазоў. Аднак у сучаснай гісторыі Беларусі пакуль невядомыя такія выпадкі што да гучных крымінальных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG