Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮРАВІЧЫ


Зьміцер Бартосік, Юравічы

У любой краіне ёсьць такія месцы, дзе павінен пабываць кожны чалавек, які лічыць сябе патрыётам. Мястэчка Юравічы належыць менавіта да такіх знакавых месцаў. І хай гэты пункт не ігуруе ў турыстычных праспэктах, на маю думку, Юравічы павінны стаяць у адным шэрагу зь Нясьвіжам, Будславам і Туравам. Бо менавіта тут знаходзіцца найстаражытнейшая са знойдзеных на тэрыторыі Беларусі стаянка першабытнага чалавека, якой трыццаць тысяч гадоў. Менавіта Юравічы некалькі стагодзьдзяў былі месцам паломніцтва сярод хрысьціян розных канфэсіяў, бо тут знаходзіўся цудадзейны абраз Маткі Боскай Юравіцкай. А яшчэ мястэчка вядомае кожнаму беларусу з раману Івана Мележа "Людзі на балоце". У рамане Юравічы – цэнтар цывілізацыі, рамесьніцтва і гандлю. Памятаеце?

"На плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі – крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і каапэрацыі, было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людзкім возеры, здавалася, танулі, паказваючы адно дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы".

Сёньня на тым месцы, дзе калісьці гудзеў кірмаш, пусты і ціхі, абкружаны местачковымі дамкамі, зарослы травою пляц. Нічога не нагадвае тых часінаў, апісаных Іванам Мележам. Мала, дарэчы, хто ведае, што сам клясык беларускай літаратуры пры пэўных абставінах мог стаць клясыкам літаратуры чэскай. Пра гэта распавядае колішні дырэктар Юравіцкай школы, вядомы археоляг Уладзімер Ісаенка.

(Ісаенка: ) "Было мястэчка напалову габрэйскае. Былі каталікі, якія жылі каля сабору, каля Езуіцкай місіі. Было ў свой час, як я потым даведаўся, сваё валасное кіраўніцтва. І быў цуд з цудаў, калі я даведаўся, што недзе ў 1870-х гадах валасным старшынёй быў Ігнацій Мележ, а ў 1890-х гадах – Фёдар Мележ, прадзед і дзед вядомага беларускага пісьменьніка, песьняра Палесься, Івана Паўлавіча Мележа. Гэта было вельмі дзіўнае адкрыцьцё фактычна. Ня толькі для мяне, але і для беларускага літаратуразнаўства таксама. І ўрэшце аказалася, што я выканаў запаветную мару самога пісьменьніка. Пісьменьнік у апошнія гады свайго жыцьця марыў прасачыць гісторыю сваіх продкаў. І гэтую высакародную місію прыйшлося выканаць мне. Зараз я ведаю, што вельмі цудоўную жанчыну знайшоў Фёдар Мележ на Палесьсі, у Глінішчах. А сам род Мележаў паходзіць з Чэхаславакіі. Вось так чэскі род і беларускі род парадніліся. У выніку беларускае мастацтва ўзбагацілася выдатным чалавекам".

Ацалелыя муры езуіцкага касьцёла працягваюць уражваць. Перш-наперш сваімі памерамі. Храм і ў зьнявечаным выглядзе не саступае ў велічы ні менскай катэдры, ні полацкай Сафіі. Паводле легенды, гадоў зь пяцьсот таму айцы-езуіты везьлі зь Кіева ў Кракаў ікону на тройцы коней. Але калі даехалі да Юравіч, коні сталі. Вырашылі заначаваць. А ікону павесілі на дрэва. Раніцай да айцоў прыйшла мясцовая жыхарка і паведаміла, што сьніла жанчыну зь дзіцём. Жанчына тая, а была гэта дзева Марыя, загадала пабудаваць для яе драўляную капліцу. Вестка пра зьяўленьне Маткі боскай абляцела ваколіцы, і ў пачатку васямнаццатага стагодзьдзя паўстаў велічны барокавы касьцёл езуітаў і калегіюм. Пасьля паўстаньня 1863 года комплекс перайшоў у рукі Расейскай праваслаўнай царквы. Па-над касьцёлам узьняліся дванаццаць "цыбулін". Цудатворная ікона была вывезеная ў Кракаў, дзе і знаходзіцца па сёньня ў касьцёле Сьвятой Барбары. А Юравіцкі Нотр-Дам не перажыў сталінскай барацьбы з рэлігіяй, часткова разабраны дзеля калгасных кароўнікаў. Сёньня ў сьценах калегіюма дзейнічае праваслаўны Сьвята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр. Першая сустрэтая мною манашка паставілася да чалавека з дыктафонам досыць негасьцінна.

(Манашка: ) "Я не могу, нету благословления у меня. А без благословления ни фотографировать, ничего ни в коем случае... Я могу Вас провести в часовню, открыть. Вход тоже платный у нас. Потому, что мы восстанавливаем монастырь. Трудно, вы сами знаете, только могу Вам часовенку показать. Чтоб вы приложились к Юровической иконе Божей матери, царице небесной, заступнице нашей усердной. И все лишь. А рассказать без благославления и без настоятельницы – я даже слова лишнего не могу сказать".

Паколькі настаяцельніцы знайсьці не ўдалося, а ў храмы па таксе не хадзіў ніколі, я вырашыў пакінуць у спакоі служак рускай царквы і пагутарыць з цывільнымі людзьмі. Першая ж сустрэтая мною юравічанка, кабета сярэдняга веку, з ахвотаю падзялілся сваімі клопатамі.

(Сялянка: ) "Сьвята сёньня, дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Нашых работнікаў сельскай гаспадаркі пакрыўдзілі сёньня. У нас быў калгас Леніна, нядаўна яго аб'ядналі з калгасам суседнім "50 гадоў БССР". І там цэнтар калгаса зрабілі ў вёсцы Бярозаўка. Там сёньня сяьвята, а нашых ніхто не запрасіў, не палічылі іх членамі калгаса. Нават аб'явы нідзе не павесілі. Яны сёньня там сьвяткуюць, а нашы калгасьнікі ўпершыню за ўсю гісторыю сваёй працы не адчуваюць гэтага сьвята”.

(Карэспандэнт: ) “Павінна ж быць нешта, што радуе?”

(Стэльмак: ) “Радуюць дзеці свае. У кожнага свае радасьці, свае горасьці. Мяне асабіста радуе адзін сын, другі сын. Адзін паступіў вучыцца, другі закончыў, вось і ўсе радасьці ў жыцьці..."

Ня ведаю, як з мамантамі ды каменьнямі, а вось з пачуцьцём густу у людзей каменнага веку праблем ня было. Прыгажэйшага месца для лягера ў ваколіцах не знайсьці. Высачэзная гара, зь якой адкрываецца прыгожы від на пойму Прыпяці. Там, дзе калісьці жылі першабытныя людзі, сёньня ўлюбёнае месца для гульняў юравіцкай дзятвы.

(Карэспандэнт: ) “Ува што больш за ўсё любіце гуляцца?”

(Хлопчык: ) “У футбол, увалейбол, у лапту”.

(Карэспандэнт: ) “І вам падабаецца вашая вёска?”

(Хлопчык: ) “Так. Тут можна гуляцца, і пясчанка ў нас е, і рака. Прыпяць – о! Там цеплаходы плаваюць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто-небудзь плаваў?”

(Хлопчык: ) “Я на маторцы плаваў у Ірландыі, за граніцай”.

(Карэспандэнт: ) “А што ты там рабіў?”

(Хлопчык: ) “Адпачываў, тамака мяне вызвалі Том, Мэры, ну гаспадары Максіміны, майго брата”.

(Карэспандэнт: ) “А куды-небудзь хочаце зьяжджаць, калі вырасьцеце?”

(Хлопчык: ) “Я хачу зьехаць у Ірляндыю, туды, дзе адпачываў. У Англію, далей адсюль. Тут нецікава”.

(Іншы хлопчык: ) “А я жыў тут. Тут лепш. Тут і рыбу ловяць, і на лодках можна плаваць".

Падчас шпацыру па Юравічах, мяне не пакідала дзіўнае ўражаньне, быццам адна ўлада пакінула мястэчка нядаўна, а іншая яшчэ не прыйшла. Тут ёсьць дзіцячы садок, пошта, Дом культуры і нават аптэка. Але ўсё наглуха зачынена. Можа, толькі старыя камяніцы памятаюць той легендарны, апісаны Мележам, час. Калі на гэтых вуліцах не панавала мёртвая цішыня. На жаль, тое шумнае рамесьніцкае, кірмашовае мястэчка цяпер можна ўявіць толькі дзякуючы сваёй фантазіі. Апавядае Ўладзімер Ісаенка:

(Ісаенка: ) "Любое мястэчка пачынаецца з кірмашу, з вольнага гандлю. Прычым цікава, што мясцовыя адміністрацыйныя органы павінны былі забясьпечваць бясьпеку ўсіх гандляроў. Каб іх не абакралі, каб правільна гандлявалі, каб іх ніхто не ашукаў. Гэта была выдатная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага. Заўжды ў гэтых мястэчках, дзе праводзіліся кірмашы, былі лаўкі. Там былі свае гандляры, звыкла гэта былі габрэйскія гандляры. Але ў іх лаўках былі тавары вельмі разнастайныя. Да гэтага часу людзі ўспамінаюць, што ў тых лаўках, якія былі ў Юравічах, былі тавары і з Варшавы, і з Кракава, і з Лодзі, і з Караляўца, і з Кіева. Прыпяць злучала паміж сабою насельніцтва вялізарнага рэгіёну. І ўсе прадукты працы гэтага рэгіёну так ці інакш траплялі на паліцы гэтых лавак. Ну і канечне, звычаі былі цікавыя. Іншы раз тавары давалі ў пазыку, з аплатай празь некалькі месяцаў. Калі паміралі ўладальнікі лавак, ладзілі вялікія памінкі, раздавалі тавары бедным. Гэта быў цэлы свой пласт, пласт гандляроў, пласт дзеячоў..."

Той пласт ужо ня вернеш. А чым жывуць сёньняшнія насельнікі Юравіч, нашчадкі Мележавых герояў, якія пераехалі сюды з навакольных вёсак? Спытаюся пра культурны адпачынак у прыгожай маладзіцы ля клюбу.

(Маладзіца: ) "Дыскатэка канечне ў нас ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А кіно круцяць?”

(Маладзіца: ) "Часам. Апошнім часам ня круцяць, таму што ніхто ня ходзіць. Можа, месяц назад. Я ня помню, я па тэлевізары дома пагляджу фільм”.

(Карэспандэнт: ) “А ці прыяжджаюць нейкія артысты?”

(Маладзіца: ) "Не, не прыяжджаюць. Вось гэта кепска. Наша моладзь едзе ў іншую вёску, у Бярозаўку. Нават гаварылі – з Калінкавіч была відэадыскатэка ў Бярозаўцы, а што ў нас нельга?"

У адрозьненьне ад ачага культуры, шпіталь у Юравічах працуе напоўніцу. Па вясковых мерках немалы, у два паверхі цагляны будынак. Як мне патлумачылі санітаркі, на першым паверсе нядаўна адкрылі дом састарэлых. Я пацікавіўся, колькі такіх людзей зараз.

(Санітарка: ) "Сямнаццаць зараз, а па ўсёй ведамасьці дваццаць будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта добра?”

(Санітарка: ) “Вельмі добра. Для іх жа, канечне. Дзе той бабцы старай кудысьці... А тут і паесьці, і адзетая, і памытая".

Сваім працоўным месцам, дарэчы, кабеты вельмі даражаць. Бо...

(Другая санітарка: ) "А дзе тут можна? Ні работы няма... Столькі зараз безработных. Добра, што бальніца адна існуе, школа. Усё. Больша ж няма нідзе прыстроіцца на работу. Столькі калхозьнікаў. Куды ім ісьці на работу? Я якая ў калхозе зарплата за месяц? Шаснаццаць, дваццаць тысяч? Дык пражыві сёньня, пракармі сям'ю".

На юравіцкай вуліцы мяне вельмі зацікавіў стары джэнтльмэн. На тле вясковых хатаў сівы прыгожы стары ў добрым паліто і капелюшы выглядаў досыць экзатычна. Як высьветлілася, стары франт – выкладчык матэматыкі ў юравіцкай школе. Сам ён родам з Расеі, а ў Юравічах жыве з 1945 году, узяўшы шлюб зь беларускай.

(Настаўнік: ) "У Юравічах маслазавод быў, і цагельня была, і карзінная арцель. З лазы плялі мэблю. А народу было... Выбарцаў больш за тысячу, а цяпер усіх разам менш за тысячу. Вы ж ехалі па вёсцы. Пустыя дамы, зарослыя ўсялякім бур'яном двары..."

Нашую размову перарвала настаўнікава жонка.

(Жонка: ) "У турму захацеў? Вось там за клубам знаходзіцца будынак дзіцячага садка. Пабудавалі, пажылі там пару гадоў. А цяпер дзетсад пераехаў у будынак інтэрнату. Таму, што хапае плошчы і тут. А гэты дзетсад разьбіраюць па цаглінцы. Дык калі б разабралі і выкарысталі на патрэбу Юравіч, гэта было б вельмі добра. А то лазьні няма, людзям памыцца няма дзе".

Блукаючы па бясконца доўгай юравіцкай вуліцы, я пастаянна адчуваў на сабе погляд бабулек, якія, здаецца, толькі на ноч пакідаюць свае прызбы. Пра што ж можна гаварыць зь дня ў дзень?

(Бабкі на прызьбе: ) "Той пэнсіі мала далі, а той затрымліваюць, а той яшчэ што-небудзь. Вось так размовы і вядом такія вось. Пра дзяцей сама болей душа баліць. Хочацца памагці дзецям. Чакаеш, чакаеш тую пэнсію. Атрымаць ды дзецям што-небудзь аддзяліць. У іх зарабаткаў няма. У мяне ўнук адзін работае, яна ў дэкрэтным, двое дзетачак. Ну трэба ж памагці. Сам не зьясі, дык аддасі. А што рабіць? Вось такое жыцьцё наша. Ня так, як за граніцай людзі жывуць. Там пэнсіянэры, гавораць, прыходзяць раніцай у кафэ, сядзяць і сьнедаюць, і вячэраюць, і абедаюць. А пасьля дамой ідуць. Не гатуюць і пачуваюцца цудоўна..."

А яшчэ ў Юравічах уразіў археалягічна-прыродазнаўчы музэй у школе. Калекцыі, сабранай вучнямі ў ваколіцах мястэчка, можа пазайздросьціць любая падобная ўстанова ў горадзе. Прынамсі, колькасьць мамантавых костак сьведчыць пра тое, што харчовай праблемы людзі, што жылі тут трыццаць тысяч гадоў таму, ня ведалі. У адрозьненьне ад сёньняшніх. А калекцыя чучал, сярод якіх нават маецца зубр, яскрава гаворыць, што яшчэ нядаўна ў мястэчку ня ведалі праблемаў з грашыма.

Як складзецца лёс старажытнага мястэчка ў найбліжэйшым тысячагодьдзі, ня ведае ніхто. А каб здагадацца, што чакае калгасны пасёлак Юравічы ў найбліжэйшай пэрспэктыве, калі адыдзе найстарэйшае пакаленьне, ня трэба быць празорцам. Аднак спадар Ісаенка не падзяляе майго пэсімізму:

(Ісаенка: ) "Зараз, калі я зьяўляюся ў Юравічах, кожны раз параўноўваеш тое, што ёсьць, з тым, што было. Усё менш хат населеных, усё меншымі робяцца сем'і, у некаторых дабротных дамах жыве адзін-два чалавекі старыя. Якія зь вялікім цяжарам апрацоўваюць свой прысядзібны ўчастак. Дзеці якіх перасяліліся ў гарады і рэдка прыяжджаюць да сваіх родзічаў. Іншы раз і адчуваеш сябе ў вельмі непрыемнай ролі. Стараліся выкладаць дзецям, як мага лепей. І зараз узьнікла адчуваньне, што ты быў насосам. Насосам, які адкачваў таленавітую, працавітую сельскую моладзь у гарады. І выйшла так, што мы адкачалі моладзь зь мястэчак, зь вёсак квітнеючых у гарады. А ў гарадах іх рабочая сіла аказалася непатрэбнай. Трэба шукаць выйсьце з гэтага становішча. Толькі ў прадуманых, накіраваных, шматгадовых рэформах. Каб зьвярнуць людзей, можа, унукаў тых, хто зьехаў, у вёску. Каб гэта вёска заквітнела новым жыцьцём. Каб унукі на новым узроўні ўзьнялі вёску. Каб у іх былі участкі гектараў па 30-50. Каб яны змаглі разгарнуць там добрую вытворчасьць. І каб яны, галоўнае, ведалі, што яны працуюць на сваёй зямлі. На зямлі сваіх дзядоў і прадзедаў..."

Спадар Уладзімер верыць у выратаваньне Юравіч дзякуючы прывабнасьці ўласнай зямлі, якая павінна юрыдычна належыць таму, хто на ёй працуе. Бо ў тое, што сярод беларусаў зусім не засталося людзей, ахвочых да працы на сваёй уласнай зямлі, спадар Уладзімер ня верыць зусім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG