Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРНАЛІСТЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ВАЙНЫ

Гутарыў Віталь Цыганкоў

(Сіновіц: ) “Амэрыканскія ваенныя наладзілі прэсавы цэнтар у гатэлі “Хілтан” і ўвогуле даволі добра супрацоўнічаюць і даюць інфармацыю журналістам. Яны нават паведамляюць, дзе і калі адбываюцца вучэньні амэрыканскага кантынгенту. Галоўную стратэгічную мэту амэрыканскіх вайскоўцаў зараз можна вызначыць словам “улучанасьць”, “укараненьне” журналістаў. Гэта азначае, што карэспандэнты на самой справе пойдуць разам з войскамі на поле бітвы і павінны быць гатовыя да гэтага. Адмысловы працэс падрыхтоўкі журналістаў павінен быў пачацца яшчэ тыдзень таму, аднак быў перанесены з-за рашэньня турэцкага парлямэнту не дазволіць высадку амэрыканскіх войскаў у Турэччыне. Прадстаўнікі прэсы павінны атрымаць мэдычныя прышчэпкі ад антраксу, таксама нам паведамілі, што абаронныя сродкі ад хімічнай і бактэрыялягічнай зброі і газавыя маскі ўсё яшчэ не дастаўленыя. Цынічныя журналісты, аднак, падазраюць, што гэты перанос зьвязаны з тым, што ўвесь плян ваеннай апэрацыяі зараз пераносіцца і перапрацоўваецца з-за галасаваньня ў Турэччыне. Нас запэўніваюць, што, тым ня менш, гэтыя дзеяньні па “ўлучэньні” журналістаў адбудуцца на працягу тыдня альбо двух. Аднак большасьць журналістаў падазраюць, што рэальная прычына адкладаньня гэтага працэсу – неабходнасьць завершыць перадыслякацыю і высадку новых амэрыканскіх войскаў убаку ад вачэй міжнародных мэдыяў”.

(Цыганкоў: ) “За апошнія месяцы ў Кувэйце адбылося некалькі ўзброеных нападаў на амэрыканскіх вайскоўцаў. Ці адчуваеце вы сябе ў бясьпецы там як амэрыканец і як журналіст?”

(Сіновіц: ) “Сапраўды, у апошнія месяцы адбылося некалькі нападаў на амэрыканцаў. Аднак у цэлым у Кувэйце існуе магутная падтрымка ваеннай апэрацыі супраць Іраку з боку кувэйцкага народу і ўраду. Людзі ў Кувэйце памятаюць усе тыя жахлівыя рэчы, якія адбыліся зь іхнай краінай у жніўні 1991, калі Садам акупаваў Кувэйт. Многія з кувэйтцаў былі вывезеныя ў Ірак і дасюль не вярнуліся, загінуўшы там. Сярод кувэйтцаў вельмі моцныя пачуцьці супраць рэжыма Садама Хусэйна, мы бачылі дзясяткі амэрыканскіх і брытанскіх сьцягоў на дамах кувэйтцаў у дзень незалежнасьці і вызваленьня. Так што мой адказ на вашае пытаньне – не, я не адчуваю сябе ў небясьпецы ў гэтай краіне. Сапраўды, былі адзінкавыя напады на амэрыканцаў, і дарэчы, як сказаў мне ў інтэрвію міністар унутраных справаў Кувэйту, да арганізацыі гэтых тэрактаў прыклалі руку ірацкія спэцслужбы, якія працуюць унутры Кувэйту. Але ў цэлым, у Афганістане, напрыклад, працаваць заходнім журналістам было нашмат болей складана”.
XS
SM
MD
LG