Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ: БАРАЦЬБА ЗА ТРОН”


Віталь Тарас, Прага

Некаторыя людзі спрабуюць вызначаць будучыню паводле кававай гушчы. Але каб з дапамогай мыльных бурбалак! Між тым, мыльная пена сталася свайго роду ключом для разуменьня сэнсу таямнічага ваеннага дакумэнту, піша тыднёвік “Newsweek”. Гэты дакумэнт, які мае адносіны да КНДР, быў апублікаваны сёлета ў лютым у Паўднёвай Карэі. На 16 старонках гэтага дакумэнту высокапаважаная жанчына, якую называюць ня йнакш як Вялікая Маці, дэманструе свой бязьмежны клопат да паўночнакарэйскага войска. Яна зазначае, што краіна апынулася ў “складанай” сытуацыі й пытаецца ў байцоў -- ці хапае ім мыла? У дакумэнце гэтую жанчыну называюць “самай адданай з адданых, хто прысьвяціў сваё жыцьё вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, вялікаму правадыру КНДР Кім Чэн Іру”.

У падтэксьце гэтага дакумэнту хаваецца барацьба за ўладу ў Паўночнай Карэі. Аналітыкі лічаць, што Вялікая Маці – гэта жонка Кім Чэн Іра. У яго было дзьве альбо тры жонкі – у залежнасьці ад таго, як лічыць. З кантэксту вынікае, што размова ідзе пра некага, хто жыве зараз. Значыць, гэта ня тая жанчына, што нарадзіла старэйшага сына Кіма – былая актрыса, якая летась памерла ў ссылцы ў Маскве. Кім Чэн Ір такім чынам падвысіў статус маці малодшага сына – былой выканаўцы народных танцаў Ко Ён Ху. Выглядае, што ён рыхтуе свайго 22-гадовага Кім Ён Чола да ўступленьня ва ўладу ў апошняй у сьвеце дыктатуры сталінскага кшталту.

Старэйшы брат Кім Ён Чола – Кім Ён Нам, некаторы час вучыўся ў элітнай школе ў Маскве, але яму там не спадабаліся, як паведамлялася, “надта брудныя туалеты”. Потым ён вучыўся два гады ў міжнароднай школе ў Жэнэве, скончыў Унівэрсытэт імя Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, пасьля заняў высокі пост у Карэйскай Народнай Арміі. Верагодна, Кім Ён Нам усталяваў сувязі з высокапастаўленымі генэраламі.

Пэўны час Кім Ён Нам быў адзіным, хто мог замяніць свайго бацьку. Аднак два гады таму ён быў затрыманы пры спробе нелегальна ўехаць у Японію, у Дыснэйлэнд, прычым паводле дамініканскага пашпарту. Разам зь ім былі затрыманыя дзьве жанчыны і хлопчык (верагодна, гэта былі жонка, няня й сын). Нашчадка дыктатара, на якім быў ролекс, усыпаны брыльянтамі, і ў якога было поўна валюты, выпусьцілі праз тры дні. У гэты час Кім Чэн Ір прымаў вялікую дэлегацыю Эўрапейскага Зьвязу, і здарэньне выклікала моцнае замяшаньне ў Пхеньяне.

Апошнім часам зьявіліся чуткі аб узмацненьні ролі малодшага сына паўночнакарэйскага дыктатара – Кім Ён Чола. Амаль ніхто яго ніколі ня бачыў на людзях. Практычна, па-за межамі КНДР быў апублікаваны толькі адзін ягоны фатаздымак, зроблены ўяшчэ ў 1994 годзе. На ім 13-гадовы падлетак зьняты на прагулцы разам зь іншымі вучнямі Міжнароднай школы ў швайцарскім Бэрне. Мабыць,у адрозьненьне ад старэйшага брата, якога некаторыя экспэрты лічаць арыентаваным на Захад, на Кіма-малодшага робяць стаўку камуністы-фундамэнталісты. Магчыма, пацьверджаньнем гэтаму можа служыць і нядаўняе прызначэньне Ён Чола на важную пасаду ў дэпартамэнце інфармацыі, які адказвае за партыйную прапаганду ў войску.

Аднак, гісторыя паказвае, што посьпех у барацьбе за абсалютную ўладу бывае зьменлівы – нагадвае на заканчэньне артыкулу “Newsweek”. Шэсьцьсот гадоў таму карэйскі ваяр, які заснаваў дынастыю Часон, зрабіў памылку, калі перадаў свой трон сыну ад другой жонкі перад тым, як пайсьці ў адстаўку. Першы сын імпэратара сабраў войскі і жорстка расправіўся са сваім зводным братам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG