Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ ПРАЙШЛА СУСТРЭЧА САКРАТАРОЎ РАДАЎ БЯСЬПЕКІ ПОЛЬШЧЫ, УКРАІНЫ, РАСЕІ ДЫ БЕЛАРУСІ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Сустрэча пачалася ўчора ўвечары, а ўжо сёньня кіраўнікі дэлегацыяў падпісалі агульную заяву. Сёньня ж адбылася прэсавая канфэрэнцыя па выніках сустрэчы для абмежаванага кола журналістаў.

Адкрыў прэс-канфэрэнцыю дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь Генадзь Нявыглас. Ён выказаў задаволенасьць з тае прычыны, што памкненьне Расеі, Польшчы, Украіны ды Беларусі навязаць рабочыя кантакты ў пляне вырашэньня згаданых праблемаў знайшла сваё адлюстраваньне ў сёняшняй сустрэчы на беларускай зямлі.

Дзяржсакратар Рады бясьпекі Расеі Ўладзімер Рушайла ў сваім выступе ў прыватнасьці сказаў:

(Рушайла: ) “Мы лічым за неабходнае – і падзяліліся гэтымі думкамі з калегамі – уніфікаваць нацыянальныя заканадаўствы датычна праяваў міжнароднага тэрарызму, у тым ліку – крымінальных і грамадзянскіх кодэксаў – па супрацьдзеяньні фінансавым фундатарам тэрарызму. Вызначыць канкрэтную праграму агульных захадаў у праўным і праваахоўным асяродзьдзі, уключна з прыняцьцём адзінага эўрапейскага ордэру на арышт асобаў, што абвінавачваюцца ў міжнародным тэрарызьме”.

Спадар Рушайла паведаміў таксама, што расейскі бок перадаў калегам сьпіс 15-ці арганізацыяў, якія Расея лічыць тэрарыстычнымі.

Першае пытаньне журналісты задалі кіраўніку польскай дэлегацыі Марэку Сіўцу. Пытаньне журналіста “Інтэрфаксу” тычылася стаўленьня афіцыйнай Варшавы да ірацкай крызы і магчымасьці разьмяшчэньня на польскай тэрыторыі амэрыканскіх войскаў. Спадар Сівец выказаўся ў тым пляне, што ў Польшчы няма аніводнага нармальнага чалавека, які б прагнуў вайны, але – мы рэалісты… Ірак не жадае адмовіцца ад зброі масавага зьнішчэньня і ў гэтым праблема. Аніводная рэзалюцыя ААН, якія прымаліся цягам апошніх васьмі гадоў, Іракам ня выкананая, і калі палітычныя захады не дадуць плёну, ваеннае ўзьдзеяньне могуць стаць адзіна магчымым варыянтам разьвязаньня праблемы. Спадар Сівец адкінуў таксама цьверджаньні пра магчымае разьмяшчэньне на тэрыторыі Польшчы іншаземных войскаў, заявіўшы, што такіх плянаў няма.

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Ўкраіны Яўген Марчук выказаўся за мірнае разьвязаньне ірацкага канфлікту, але пры гэтым паведаміў, што ў выпадку збройнага канфлікту Ўкраіна зьбіраецца паслаць у адну з суседніх зь Іракам краінаў адмысловы баталён радыяцыйна-хімічнай абароны. Баталён будзе выконваць выратавальныя функцыі, але для яго пасылкі трэба адпаведнае рашэньне парляманту.

Было зададзена таксама пытаньне, датычнае хвалі нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць празь Беларусь патрапіць на Захад. Адказваючы на яго, Уладзімер Рушайла сказаў, што гэта пытаньне абмяркоўвалася на сустрэчы, але яно вельмі складанае, пошук яго вырашэньня будзе працягнуты на наступнай сустрэчы “славянскай чацьвёркі”. Пры гэты Яўген Марчук выказаў засьцярогу, што з увядзеньнем візавага рэжыму на межах Польшчы зь Беларусьсю і Ўкраінаю апошнія могуць ператварыцца ў “накапляльнікі” нелегальных мігрантаў.

Бакі дамовіліся наступную рабочую сустрэчу правесьці ў польскім горадзе Кракаве.
XS
SM
MD
LG