Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ БОЛЬШ ЗА 1000 ЗАМЕЖНЫХ ГРАМАДЗЯНАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Больш як 1300 іншаземцаў пакараныя беларускімі судамі да розных тэрмінаў зьняволеньня. Яны адбываюць пакараньні амаль ва ўсіх беларускіх пэнітэнцыярных установах. Палова асуджаных замежнікаў — грамадзяне Расеі. Іх 668 чалавек. Наступнымі йдуць грамадзяне Ўкраіны і Азэрбайджану — адпаведна 238 і 78 чалавек. На беларускай “зоне” ёсьць прадстаўнікі і далёкіх экзатычных краінаў. Адзін грамадзянін Нігерыі, шэсьць — Камэруна, адзін — Кітая, адзін — Туніса. Чатыры віетнамцы разам адбываюць пакараньне за забойства. Месяц таму іх было сямёра, але трое ўжо адбылі пакараньне й выйшлі на волю. Астатнім сядзець яшчэ доўга.

Ніхто з асуджаных не карыстаюцца дадатковымі ільготамі. Яны адбываюць пакараньне, як і беларусы. Шмат каму даводзіцца цяжэй, чым мясцовым жыхарам, бо мала спадзяваньняў на сустрэчы са сваякамі і харчовыя ды рэчавыя перадачы.

Раней у Беларусі не было асуджаных беларускімі судамі замежных грамадзянаў. Іх дэпартавалі за межы краіны. Потым за злачынства, учыненае ўпершыню, іншаземцаў каралі пазбаўленьнем волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, што ў Менску. Пасьля распаду Савецкага Саюзу многія замежныя грамадзяне сталі жыць у Беларусі ды па колькі разоў трапляць у суды. Менавіта з гэтае прычыны зьмянілі заканадаўства і цяпер яны адбываюць пакараньне як і беларусы.

У калёніі ўзмоцненага рэжыму на ўтрыманьне аднаго вязьня выдаткоўваецца 102 тысячы рублёў штомесяц. Каля 60 тысячаў рублёў — на харчаваньне. Кормяць “зэкаў” тройчы на дзень. На ўсё прыкладна дзьве тысячы рублёў. У калёніях строгага і асаблівага рэжымаў — і таго меней. Акрамя харчоў, кожнаму асуджанаму выдаюць адзеньне і абутак. Прыкладна з разьліку 5000 рублёў на месяц (гэта два з паловаю амэрыканскія даляры). Такія нормы былі распрацаваныя яшчэ ў 1994 годзе.

У Камітэце выкананьня пакараньняў намесьнік кіраўніка Яўген Ждановіч распавёў Радыё Свабода:

(Ждановіч: ) “Трохразовае гарачае харчаваньне. Мяса? Ну, вы, зразумейце. Там жа не будзе такога, як, напрыклад, адбіўная. Усё вынікае з нормаў. Мяса парцыённае толькі для “дыетнікаў”. Астатнім?.. Катлета? Не, мяса будзе недзе ў катле. А так... Асуджаным усё даюць — і адзеньне, і абутак”.

Горш за ўсіх сябе адчуваюць прадстаўнікі Галяндыі, Бэльгіі і афрыканскіх краінаў. Да іх не прыяжджаюць родныя і ім ніколі не дасылаюць перадачаў. Апроч таго, яны пазбаўленыя магчымасьці паўнавартасных кантактаў з прычыны няведаньня мовы.
XS
SM
MD
LG