Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВІЛІСЯ ДА СТАЛІНА БЕЛАРУСЫ?

Ганна Соусь, Менск

Імя Сталіна ў беларускай гісторыі назаўжды зьвязанае з паняцьцем “палітычныя рэпрэсіі”, а палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і сёньня. Гэтак мяркуе каардынатар грамадзкай ініцыятывы культуроляг Вацлаў Арэшка.

І сьведчаньнем таму тое, што адбываецца цяпер у Курапатах — месцы, дзе пахаваныя дзясяткі тысячаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. З надыходам вясны над урочышчам зноў навісла пагроза стаць аб’ектам будаўнічых работ. Сталін узьвёў рэпрэсіі супраць мільёнаў грамадзянаў у ранг дзяржаўнай палітыкі, якая праводзілася ў СССР больш за трыццаць гадоў і подых якой адчуваецца і ў Беларусі, — упэўнены Вацлаў Арэшка.

І як сьведчаньне гэтаму — сёньняшні нумар прэзыдэнцкай газэты “Советская Белоруссия” з партрэтам Сталіна і ягонай характарыстыкаю як “выбітнага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча СССР”.

Гісторык Ігар Кузьняцаў адзначае пэўную тэндэнцыю ў расейскіх і беларускіх сродках масавай інфармацыі — цяпер робіцца акцэнт на рэабілітацыю Сталіна. Прыкладам, нядаўна ў Расеі былі выдадзеныя 5-томнік “Сталініяда. 50 гадоў бяз Сталіна”, кнігі “Іосіф Грозны”, “Урокі жыцця і дзейнасьці Сталіна”, і ўсе гэтыя выданьні можна набыць у кнігарнях Беларусі.

У той жа час Ігар Кузьняцоў лічыць 2002 год своеасаблівым “прарывам” для беларускіх навукоўцаў і незалежных СМІ. Летась былі выдадзеныя 2 тамы “Індэксу рэпрэсаваных”, колькі выданьняў пра Курапаты, кніга Тацяны Процькі пра станаўленьне савецкай таталітарнай сыстэмы ў Беларусі.

Гісторык Віталь Скалабан прызнаецца, што быў у шоку, калі вывучыў артыкул, прысьвечаны Сталіну ў “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі”…

(Скалабан: ) “Шакаваны ня тым, што прыводзіцца цытата Чэрчыля пра Сталіна (тое, што Расеі вельмі пашанцавала, што такі быў лідэр у Расеі, як Сталін), а тым, што ў гэтым артыкуле абсалютна не прыводзяцца ніякія матэрыялы пра Беларусь. Калі не лічыць беларускімі матэрыяламі выданьне збору твораў Сталіна на беларускай мове… Ня трэба думаць, што Сталін — гэта там, недзе далёка. Сталін — тут, у Беларусі. Тое, што дзейнасьць Сталіна непасрэдна зьвязана зь Беларусьсю, гэта несумненна. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка зьявілася безпасярэдне пад кіраўніцтвам наркама справаў нацыянальнасьцяў Сталіна”.

Гісторык Віталь Скалабан гаворыць пра тое, што шумныя кампаніі ўслаўленьня Сталіна, якія ладзіліся ў Беларусі, былі выключна афіцыёзам. Прыкладам, стала вядома, што многія вядомыя беларусы масава адмаўляліся падпісаць у 1936 годзе вядомы ліст “Ад беларускага народу Сталіну”.

А як ставіліся да Сталіна шараговыя беларусы? Супрацоўніца інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Ірына Раманава, якая дасьледвала гэтае пытаньне ў Нацыянальным архіве Беларусі, прыводзіць гэткія прыклады.

(Раманава: ) “Ёсьць вялікая колькасьць частушак, якія былі выяўленыя спэцорганамі ў шэрагу раёнаў — Лепельскім, Бабруйскім, Любаньскім, Чэчэрскім ды іншых. У якасьці прыкладу прывядзем толькі некалькі зь іх: “Ленін грае на гармошку, Сталін скача гапака — хутка будзе ў калгасе па 100 грам на едака”. “Эх, яблачко, наліваецца, Троцкі Сталіна запрог і катаецца”, “Кагда Ленін умірал, Сталіну прыказываў — каб хлеба ўволю не даваў, сала не паказываў”. Прыкладна пра тое ж і аўтарскія вершы. “Сядзіт Сталін на лугу, грызе конскую нагу. Засталіся грыва, хвост — Сталін гоніць у калхоз”.

Гэта быў фрагмэнт выступу гісторыка Ірыны Раманавай на круглым стале, прысьвечаным 50-м угодкам сьмерці Сталіна, які наладзіла сёньня грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”.
XS
SM
MD
LG