Двойчы герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў жыве на вэтэранскую пэнсію, палову якой вось ужо чатыры гады ў яго забіраюць на карысьць калгасу “Рассвет”. Бо судом было прызнана, што ён прычыніў “Рассвету” стратаў на некалькі тысячаў даляраў. Гэтае рашэньне грунтавалася на пазову “рассветаўцаў” да Старавойтава, пададзеным у 1998 годзе.
Але праз чатыры гады калгасьнікі перадумалі. Летась яны вырашылі адмовіцца ад грашовых прэтэнзіяў да былога старшыні, правялі агульны сход і накіравалі адпаведнае рашэньне ў Кіраўскі раённы суд да Надзеі Чмары, якая ў свой час і кіравала судом над Васілём Старавойтавым. Аднак Надзея Чмара вярнула дакумэнт без разгляду, спаслаўшыся на шэраг працэсуальных памылак.
Летась увосень “рассветаўцы” зноў правялі сход і зноў прагаласавалі за адмову ад прэтэнзіяў да Старавойтава. Нанова складзены дакумэнт праляжаў у Кіраўскім судзе у чаканьні разгляду колькі месяцаў, але зноў безвынікова. Нядаўна Старавойтава паінфармавалі, што й гэтая пастанова калгасьнікаў пакінутая без увагі. На меркаваньне судзьдзі, дакумэнт нібыта зноў складзены з памылкамі.
“Калі я паспрабаваў прыйсьці на прыём да судзьдзі, і высьветліць, што гэта за пымылкі, мне адмовілі”,— паведаміў Васіль Старавойтаў. Між тым, паводле яго словаў, у сёньняшнім “Рассвеце” працягваюцца парадкі, якія былі і за ягоным кіраваньнем і якія суд назваў “марнатраўствам калгасных сродкаў”…
(Старавойтаў: ) “Мне прысудзілі плаціць за тое, што камбайнэраў на жніве кармілі на калгасныя грошы, дык іх і цяпер кормяць гэтаксама… Што даваў грашовую дапамогу на пахаваньне памерлых калгаснікаў — дык і зараз гэтак, а як ня даць?.. Што карміў розных кантралёраў. Але й цяпер як прыяжджае “праверка”, хіба яны частуюцца за свае грошы?.. Карацей, ўсё засталося як было, толькі жыцьцё стала бяднейшае. Тое, што калгасьнікі хочуць адклікаць свой пазоў на мяне, азначае рэвізію судовага рашэньня. Мяркую, судзьдзя як раз гэтага і баіцца — што справа рассыпаецца”.
Нагадаем, Васіль Старавойтаў быў першым зь вядомых гаспадарнікаў, якіх асудзілі да зьняволеньня. Старавойтаў атрымаў 2 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Пасьля яго быў асуджаны былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў, потым экс-прэм’ер Міхал Чыгір. Цяпер на чарзе былыя дырэктары аб’яднаньня “Атлант” і МТЗ — Леанід Калугін ды Міхал Лявонаў.
Ва ўсіх выпадках перасьледу буйных гаспадарнікаў улады кажуць пра іхную карумпаванасьць, але ёсьць падставы лічыць, што гэта менавіта палітычны перасьлед. Васіль Старавойтаў, прыкладам, яшчэ напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў публічна выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка няздольны кіраваць дзяржаваю.