Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ШТО СЬВЕДЧАЦЬ ВЫНІКІ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт грамадзкага аб’яднаньня “Праўная ініцыятыва” Яўген Лабановіч і старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карніенка.

(Карбалевіч: ) “Мясцовыя выбары прайшлі ў поўнай адпаведнасьці з плянамі уладаў і прагнозамі экспэртаў. У адрозненьні ад выбараў 2000 году, няма гарадоў, дзе б яны не адбыліся з-за яўкі менш чым 50% выбаршчыкаў. У пераважнай большасьці акругаў выбары прайшлі ў адзін тур. Так што другі тур мала паўплывае на агульны палітычны малюнак выбараў.

Якія заўгодна выбары, нават тыя, якія адбываюцца ў недэмакратычных умовах, даюць шмат матэрыялу для аналізу стану грамадзтва, моцы ўлады, раскладу палітычных сілаў…

Найперш пад час любых выбараў адбываецца палітызацыя грамадзтва. У незалежнасьці ад жаданьня ўладаў пад час выбараў нават далёкія ад палітыкі людзі пачынаюць разважаць пра палітыку. Ці адбылася палітызацыя беларускага грамадзтва пад час мясцовых выбараў? Ці адсутнасьць альтэрнатывы ў большасьці акругаў не спрыяла гэтаму? Ці зразумелі людзі, што іх падманваюць? Ці яны прызвычаіліся да мэханічнага галасавньня ды ў іх нават не паўстае пытаньня пра адсутнасьць сапраўдага выбару? Ці большасьць лічыць нармальным, што іх сілаю гоняць на выбарчыя ўчасткі, прычым датэрмінова?..”

(Лабановіч: ) “Мясцовыя выбары традыцыйна ў Беларусі ў вялікай ступені зьяўляюцца апалітычнымі. І пад час гэтых выбараў шмат якія кандыдаты рабілі выгляд, што яны ня маюць ніякіх дачыненьняў да палітыкі. Але ўжо падчас выбарчае кампаніі адбыліся зьмены ў грамадзкай думцы. Я магу меркаваць на прыкладзе той акругі, у якой сам балятаваўся кандыдатам. У тых акругах, дзе йшлі парадстаўнікі апазыцыі, людзі пачалі разглядаць гэтыя выбары як палітычны акт. І калі ў шэрагу акругаў апазыцыйных кандыдатаў, якія перамагалі, перад самымі выбарамі зьнялі — там адбылася рэзкая палітызацыя грамадзкае думкі. Інакш кажучы, палітызацыю кампаніі забясьпечваў удзел апазыцыі”.

(Карніенка: ) “Нечага асаблівага, нечаканага для мяне падчас гэтых выбараў я не заўважыў. Дзесьці з 2001 году назіраецца рост апазыцыйных настрояў у грамадзтве. Гэта такое агульнае палітычнае тло, якое афарбоўвала палітычную кампанію. Але гэта зусім не азначае, што аўтаматычна ўзмацняецца аўтарытэт апазыцыйных партыяў. Мне здаецца, што людзі пакуль ня бачаць зразумелай ім палітычнай альтэрнатывы.

Яшчэ адным чыньнікам гэтай выбарчай кампаніі было ўзмацненьне страху. Адная справа, калі гоняць на выбары сталага чалавека, які памятае сталінізм. І для яго гэта звыкла і ня вельмі абразьліва. Іншая справа, калі рэктар гоніць на выбары студэнтаў. І яны згаджаюцца з такім сваім становішчам.

Калі падагульняць, можна адзначыць прызвычаяньне насельніцтва да аўтарытарнай грамадзка-палітычнай мадэлі нашае дзяржавы. Гэта вельмі дрэнны чыньнік для апазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “Выбарчая машына ўладаў, адладжаная да аўтаматызму, працуе бяз збояў і арыентаваная на канчатковы вынік? Ці было нешта новае ў тактыцы ўладаў? Ці ёсьць нейкія слабасьці, якія б можна было выкарыстаць апазыцыі? Выбары ўмацавалі рэжым, ён атрымаў новую легітымнасьць ці выбары аніяк не паўплывалі на ягоную моц?”

(Лабановіч: ) “На пачатку гэтай кампаніі ўлады самі паверылі ў тое, пра што сьцьвярджалі дзяржаўныя СМІ: апазыцыя слабая і не карыстаецца падтрымкаю народу; можна правесьці больш-менш дэмакратычныя выбары зь мінімальным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу і перамагчы. Але ўжо напрыканцы кампаніі, за 3–4 дні да дня выбараў улады зразумелі памылку і пачалі ліхаманкава здымаць небясьпечных для сябе кандыдатаў. Так, у Менску былі зьнятыя тры сябры АГП і адна прадстаўніца БСДП НГ.

Сёньня з раніцы я ўжо паразмаўляў з прадстаўнікамі многіх партыяў і зь Менску, і зь іншых гарадоў і зрабіў наступную выснову: гэтая кампанія ў частцы падліку галасоў і абвяшчэньня вынікаў выбараў была на некалькі ступеней больш брудная, чым нават выбары ў палату прадстаўнікоў 2000 году і прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Я на свае вочы бачыў, як бюлютэні аднаго кандыдата перакладваюцца на карысьць другога кандыдата!.. І робіцца гэта без усялякага сумневу, гледзячы ў вочы, не саромеючыся і не баючыся аніякай адказнасьці”.

(Карніенка: ) “Безмоўна, адметнасьцю гэтай выбарчай кампаніі было бязьмежнае нахабства “вэртыкалі”. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка абвесьціў, што сацыяльнай апораю ўлады мусяць стаць маладзёвая арганізацыя, прафсаюзы і мясцовыя саветы. І вось зараз гэтая стратэгія рэалізуецца. Падчас выбараў многія мясцовыя кіраўнікі вырашылі скарыстаць іх для ўмацаваньня сваіх пазыцыяў.

Зразумела, ёсьць і яшчэ будуць збоі ў функцыянаваньні выканаўчае “вэртыкалі”. І будуць выбраныя людзі, непажаданыя для ўлады. Але галоўная тэндэнцыя відавочная. Улада імкнецца пабудаваць добра вядомую і зразумелую ёй сыстэму выбараў, якая існавала ў СССР да 1985 году. Гэтая мадэль лічыцца ідэальнай — патрэбна, каб існаваў нейкі дэмакратычны фасад у выглядзе прадстаўнічых органаў і выбараў. Таму што гэтак робіцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Улады кажуць: “калі ласка, але па нашых правілах”. У Гомельскай вобласьці 7 раённых саветаў абіраліся на безальтэрнатыўнай аснове.

Нейкую ролю згуляў і фінансава-эканамічны чыньнік. Лукашэнка сказаў кіраўнікам мясцовае “вэртыкалі”: другі тур — за кошт мясцовых бюджэтаў. Адначасна гэта гучала як пагроза. Калі вы, умоўна кажучы, ня зробіце так, як трэба, вашая дзейнасьць будзе ацэньвацца адпаведна, у тым ліку і паводле гэтага паказьніку.

У Гомельскай вобласьці ёсьць тры прыклады, калі моцныя кандыдаты былі зьнятыя з выбарчай кампаніі ў самым яе канцы. Мне падаецца, гэта памылкі ўладаў. Таму што як раз у гэтых акругах ёсьць магчымасьць умацаваць аўтарытэт апазыцыйных структураў”.

(Карбалевіч: ) “Апазыцыя зноў прайграла. Ва ўсялякім разе, ня выйграла. І гэтая параза (або неперамога) была прагназаваная. А ці быў у яе нейкі шанец? Ці былі нейкія прынцыповыя хібы і заганы ў тактыцы апазыцыі? Што яна магла б зрабіць, але не зрабіла? Наогул, ці магчыма ў Беларусі гэтак званая “рэвалюцыя выбарчых скрыняў”?”

(Лабановіч: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў я прыйшоў да высновы, што ў Беларусі “рэвалюцыя выбарчых скрыняў” немагчымая. І зьмяніць існуючую ўладу ў бліжэйшыя гады таксама немагчыма. З гэтага зусім не вынікае, што з аўтарытарнаю ўладаю не патрэбна змагацца. Але выбары не прывядуць да зьмены ўлады.

Выбары паказалі, што апазыцыя да гэтых выбараў падрыхтаваная лепш, чым улада. Апазыцыйныя кандыдаты працавалі значна лепш, чым кандыдаты ад улады. Каб прыйсьці да такой высновы, дастаткова проста ўзяць у рукі любую ўлётку апазыцыйнага кандыдата і кандыдата “вэртыкалі”. Апазыцыя валодае больш сучаснымі выбарчымі тэхналёгіямі. У яе больш валантэраў, якія працуюць прафэсійна. Тыя лічбы вынікаў выбараў, якія ў мяне ёсьць, сьведчаць пра тое, што нават тыя апазыцыйныя кандыдаты, якія не праводзілі ніякай кампаніі, набіралі каля 20% галасоў проста за брэнд апазыцыйнай партыі.

Таму можна зрабіць такія высновы. Кампанія апазыцыйных кандыдатаў была арганізавана нядрэнна. А канчатковыя вынікі былі вядомыя за 2–3 месяцы. Паводле маёй інфармацыі, усе 52 дэпутаты (з 55-ці), якія выбраныя пасьля першага туру, з таго сьпісу, які быў зацьверджаны ўладаю яшчэ два месяцы назад”.

(Карніенка: ) “У мяне трохі іншая ацэнка дзеяньняў апазыцыі. Я лічу, што ўвогуле гэтыя выбары апазыцыяй былі праваленыя. Тая невялікая колькасьць кандыдатаў, якія былі вылучаныя апазыцыяй, ня сьведчыць пра яе моц.

Якая галоўная мэта гэтых выбараў, паводле канцэпцыі апазыцыйных партыяў? Усе казалі пра падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў, камунікацыю з насельніцтвам, прапаганду сваіх ідэяў. Але мне здаецца, што інфармацыйнага прарыву не адбылося. Таму мэта й ня выкананая.

Праца з насельніцтвам — добрая задача, але гэтага мала. Мне здаецца, мэтаю гэтай кампаніі з боку апазыцыі магла бы быць гэткая: зьмяненьне правілаў гульні. Калі немагчыма ўжо зьмяніць дзейнае недэмакратычнае заканадаўства, трэба было дамагацца пасьлядоўнага выкананьня таго дрэннага заканадаўства, якое існуе. Памылка была ў тым, што апазыцыя пагадзілася ўдзельнічаць ў гэтых выбарах фактычна на любых умовах. І калі ацэньваць гэтыя мясцовыя выбары як этап падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў, то такой падрыхтоўкі не адбылося”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мясцовыя выбары не зафіксавалі нейкіх значных зрухаў а ні ў грамадзтве, а ні ў палітыцы ўладаў, а ні ў тактыцы апазыцыі. Выбары прадэманстравалі кансэрвацыю грамадзка-палітычнай сытуацыі. Калі казаць пра апазыцыю, то патрэбны сур’ёзныя карэктывы ў яе тактыку і стратэгію”.
XS
SM
MD
LG