Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЕРШЫ З ШУФЛЯДЫ”. СУСТРЭЧА ЗЬ ІРЫНАЙ БАГДАНОВІЧ


Валянціна Аксак, Менск

(Аксак: ) “1985 год — першая паэтычныя кніга Ірыны Багдановіч “Чаравікі маленства” і абарона кандыдацкае дысэртацыі. 1989 год — другая паэтычная кніга “Фрэскі”, чатырохтысячны наклад якое разыходзіцца за некалькі тыдняў, і цэлы шэраг літаратуразнаўчых публікацыяў, у якіх маладая дасьледчыца рэанімуе з кадэбісцкага нябыту дзясяткі выбітных беларускіх літаратараў 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. 1993 год — трэцяя паэтычная кніга “Вялікдзень”, асобныя вершы якое хочацца назваць найлепшымі ўзорамі айчыннае мініатурнае лірыкі. І пасьля такіх вось перлінаў любоўна-інтымнае лірыкі — ужо дзесяць гадоў — толькі навуковыя публікацыі ды ніводнае паэтычнае кнігі…

Ірына, няўжо праца ў акадэмічным інстытуце літаратуры так зьнішчальна паўплывала на тваю паэтычную Музу?”

(Багдановіч: ) “Паўплывала, бяспрэчна. Але ня ў тым сэнсе, пра які ты кажаш. Дасьледчыцкая праца дапамагае мне ў рэалізацыі паэтычных задумаў. Хаця я, можа, крыху пасыўная ў іхнай публікацыі. У 1998 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” меўся выйсьці мой “Сармацкі альбом”. Але ня выйшаў. Гэтую кнігу склалі вершы сярэдзіны 90-х. Гэта быў час стаяньня на пляцы, калі вырашаўся лёс нашае Бацькаўшчыны, калі мы верылі, што йдзем у Эўропу і мы прыйдзем у Эўропу. Гэтыя вершы нясуць у сабе патасны настрой таго часу…

* * *
Адкуль такая ўладная журба,
Што пераможна стукаецца ў дзьверы?
Кароль разьбіты, кажа варажба,
І разышліся ўсе яго жаўнеры.
І каралеўства, кінутае ў вір
Дзяльбы, натоўпу і блазенства ўлады,
Пакінуў нават колішні кумір,
Што справу так і не давёў да ладу.
Але дарэмна марш па каралю
Хаўтурны гралі змучаныя сурмы.
Кароль жывы! І я яго люблю,
Хоць каралёў любіць занятак сумны.
Як на далоні ў іх дзяржавы лёс
Ляжыць прывабнай і адзінай цацкай,
І толькі зрэдку воляю нябёс
Заўжды чаканы і заўжды зьнянацку
К табе ці зь явы, ці магічных кроз
Ён завітае постацьцю сармацкай.
Але адкуль усё ж настрой такі?..
Не выпадае плакаць. Лепш маліцца.
Кароль зьбірае зноў свае палкі!
І дай нам Бог цяпер не памыліцца.

(Аксак: ) “Чаму такая назва — “Сармацкі альбом”? У жаночай паэзіі яна выглядае крыху дзіўна. Бо, як вядома, нашчадкамі сарматаў лічыла сябе шляхта Вялікага Княства Літоўскага. Мужчыны–шляхцюкі. Ці ты мяркуеш, што сёньняшнія беларусы ўжо ня здатныя званьня духоўных пераемнікаў нашых сярэднявечных мужчынаў? Тых, крэда якіх, паводле Ўладзімера Караткевіча, гучала наступных чынам: “жыцьцё — Айчыне, сэрца — жанчыне, гонар — нікому”.

(Багдановіч: ) “Выдатныя словы. І вось менавіта такі караткевічавы зьмест сармацтва я і хацела падкрэсьліць… Шляхецкі сармацкі гонар — адно з найвышэйшых праяваў годнасьці асобы ў Рэчы Паспалітай… Прачытаю трыпціх, які напісаўся пад уражаньнем геральдычных выяваў на магілеўскай кафлі XVII стагодзьдзя…

* * *
Сімвалам даўніх часоў —
Кафлі сармацкай выява:
Ўздыблены звонам падкоў
Вершнік, павернуты ўправа.
Бегам раз’ятраны конь.
Што яго змусіць спыніцца?!
Меч урастае ў далонь,
Вершнік да вежы імчыцца.
І разьвінаецца даль.
А за плячыма — айчына.
Зможаны будзе маскаль
Мечам шляхецкага сына.
Вежу мінае ваяк,
Толькі свабоды падданы:
Зможаны будзе прусак,
Будзе і швэд зваяваны.
Кожны, хто прыйдзе з вайной,
Будзе адрынуты ўпарта
Рыцарам з кафлі старой,
Моцным намётам дрыкганта.

* * *
Годны імчыцца ваяк,
Толькі свабоды падданы…
Дзе ты, Краіна мая?
Дзе тваіх рыцараў станы:
Багнаю соймавых зьвяг,
Попелам войн і паўстаньняў
Йшла ты ў сьмяротны свой шлях,
Варты высокіх паданьняў.
Здраджана столькі разоў
Выгляд згубіла арліны.
Вершнік ля брамы дазор
Свой неадменны пакінуў.
Сумны, зьнявераны люд
Стаў сябе клікаць тутэйшым.
Дзе ты, сармацкі наш кут,
Дзе твае замкі і вежы?
Рэшта сармацкай крыві
Б’ецца ў шалёныя скроні.
Вершнік імчыцца “на вы”,
Меч вырастае з далоні.

* * *
Сёньня музэйны рэлікт —
Кафлі разьбітай выява,
Быццам апошні вэрдыкт
Нашай шляхетнай дзяржавы.
Як не ўпадзе небакрай,
Не абмаскаляцца храмы,
Вернецца годнасьць у Край,
Вернецца рыцар да брамы.
Будзе шляхетны кароль
Правіць у згодзе з сэнатам,
Будзе айчыны сымболь
З годнай “Пагоняю” ўзьняты.
Будзе сармацкі пасад
Новы ў душы збудаваны,
Што, як стагодзьдзі назад, —
Толькі свабоды падданы.
Попелам даўніх часоў,
Кафлі адроджанай глінай.
Звонам забытых падкоў
Стукае ў сэрца айчына.

(Аксак: ) “Ірына, “Сармацкі альбом” — чацьвертая твая паэтычная кніга, якая так ніяк ня можа вось ужо паўдзясяткі гадоў патрапіць да чытачоў. Ці ўплывае гэта на твой творчы стан?”

(Багдановіч: ) “Калі я ўзгадваю, што зборнік да гэтага часу ня выдадзены, то мне балюча… Але час мінае і пішуцца новыя вершы. Іх сабралася ўжо цэлая кніга, якую я назвала “Прыватныя рымляне”.

(Аксак: ) ““Прыватныя рымляне”? Якая цікавая назва. Адкуль?”

(Багдановіч: ) “Караткевіч мне дапамог… Нас калісьці прывучылі думаць, што прыватнае жыцьцё чалавека нічога ня вартае ў параўнаньні зь вялікім лёсам дзяржавы і ўсяго народа, што чалавек — гэта толькі “вінцік” у вялізнай машыне прагрэсу або толькі парушынка на бітым шляху. Гэтыя абагульненыя абстракцыі навісалі над кожным, абясцэньваючы асабістае чалавечае “я”, падаўляючы яго аўтарытарным дзяржаўным “мы”…

Нашыя цудоўныя паэты–рамантыкі Адам Міцкевіч, Ян Чачот,Тамаш Зан адкрылі новы сьвет мастацкіх каштоўнасьцяў — гэта вартасьці прыватнага жыцьця ва ўсіх ягоных праявах. Яны пісалі вершы ў гонар сваіх імянінаў, прыезду сяброў і гэтым служылі свайму духоўнаму брацтву…

Незабыўны Ўладзімер Караткевіч калісьці пісаў у сваіх запісных кніжках пасьля наведваньня сваёй старэнькае цёткі: “Ідзе і памірае эпоха. Ня тая, пра якую б’юць у хлусьлівыя барабаны, а памірае нашая праўдзівая Прыватная гісторыя. Ідзе, бедная, на сьметнік у мільёнаў разам з іхнымі сьмехам і сьлязьмі. І ў гэтым сэнс пісьменьніка. Ён ня толькі за Цэзараў гаворыць. Ён — дрэнна ці добра — гаворыць за ўсіх радавых, прыватных рымлянаў, якія самі пра сябе нічога не маглі сказаць і так і паміралі нямыя…”

Варшаўскі цягнік

1
Няма вады. Цягнік сапе.
Няма айчыны нашай славы.
Тут выпадкова мы ў купэ,
І едзем проста да Варшавы.
Грукоча правільна цягнік
У такт сяброўскае размовы,
Што гэты незвычайны міг
Нам Бог паслаў невыпадкова.
Даўно знаёмыя: на груд
Дзён адраджэнцкіх склалі руны.
Мы зараз лёс да лёсу тут.
І ў гэтым ёсьць гульня Фартуны.

2
“Спадарыня, ці помніце Варшаву?
Той ветраны і ліставейны блюз,
Паміж размовай стынучую каву,
Калег забытых зьдзіўлены хаўрус?..”
Здаецца, ўсё змагла б аддаць за права
Аднойчы зноў пачуць над галавой:
“Спадарыня, ці помніце Варшаву?
Спадарыня, ці добра Вам са мной?..”

(Аксак: ) “Ірына, нашая сустрэча з табою адбываецца ў часе падрыхтоўкі да ўсебеларускага зьезду інтэлігенцыі. Як ты лічыш, ці можа інтэлігенцыя зьмяніць нешта ў бок дэмакратызацыі сучаснага беларускага грамадзтва?”

(Багдановіч: ) “Я думаю, што можа… так. Але трэба, каб у тых, хто рэальна ўплывае на сытуацыю, зьявілася жаданьне прыслухацца да інтэлігенцыі… У нас вельмі складаная сытуацыя, вельмі… І, канечне, трэба быць непапраўным аптымістам, каб думаць, што інтэлігенцыя сказала, слова, кінутае ў глебу, узрасло прыгожаю кветкай і ўсё… Трэба прыкласьці яшчэ шмат-шмат намаганьняў, каб узгадаваць гэтую кветку. І трэба інтэлігенцыі, якая зьбярэцца на зьезд, быць гатоваю да сытуацыі, калі яе не пачуюць…”

Жалейка

У краіне хрумскат лёду,
Хоць маёвы дзень квітнее,
Зоркі ў хмарах, пошук броду,
Змрок і вечная надзея.
Ужо цяпер ня надта ёмка
Словы патасныя траціць —
Беларусь, як незнаёмка,
На парозе ў роднай хаце.
Хто з задумлівых адкажа,
Дык пра што жалейка грала!
Дзень да дню турботу вяжа,
Доўжыць сон, што сьніў Купала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG