Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК “ПРЫПЯЦКІ”


Ягор Маёрчык, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”

Нацыянальнаму парку “Прыпяцкі”, які падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, карціць пашырыць свае тэрыторыі на 50 тысяч гектараў. Прэзыдэнцкія службы хочуць забраць частку Жыткавіцкага раёну. Супраць выступаюць мясцовыя паляўнічыя ў тым ліку й Аляксандар Пісараў.

(Пісараў: ) “Яны хочуць адабраць у нас паляўнічыя тэрыторыі й пакінуць нас з голымі дарогамі, на асфальце. “Я мяркую, што на карысьць гэта ня пойдзе. Рака ўжо даўно іхная. Яны яе невадамі ўсю выцадзілі. Лес ужо забіралі. Вось так: кінуў капялюш, дзе зьвер ёсьць, тую зямлю й забралі. Кажуць, што браканьеры шмат зьнішчаюць зьвера й рыбы. Запаведнік больш вынішчае й рыбы, і зьвера. На тых тэрыторыях, якія хочуць у нас забраць, жывёлаў больш, чым у Нацыянальным парку. Бо ўся жывёла ад іх проста разьбеглася. Там шмат адбывалася загонных паляваньняў, ледзь ня штодня”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы зьбіраецеся рабіць, каб нейкім чынам абараніць свае тэрыторыі і свае правы?”

(Пісараў: ) “Куды ні кінься — каменны мур. Толькі людзі могуць супрацьстаяць запаведніку. Людзі вельмі злыя. Нашая паляўнічая гаспадарка будзе змагацца зь імі да канца: будзем судзіцца. А большасьць — кіне паляваньне і займецца браканьерствам”.

За некалькі дзён паляўнічыя сабралі 3 тысячы подпісаў супраць пашырэньня Нацыянальнага парку. Гэта не спыніла Жыткавіцкі райвыканкам, і ён падтрымаў прапанову Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Застаўся апошні крок: рашэньне мусіць ухваліць новы склад раённага савету народных дэпутатаў, які зьбярэцца на сваё паседжаньне хутка пасьля мясцовых выбараў.

У Беларусі сустрэць прадстаўніка ўладнай вэртыкалі, не задаволеннага дзеяньнямі свайго начальства, а тым больш калі яна з шэрагу чыноўнікаў, якія беспасярэдне прадстаўляюць адміністрацыю кіраўніка дзяржавы — амаль неверагодна. Старшыню Тураўскага пасялковага савету Мікалая Арцюшку ў гэтым сэнсе можна лічыць выключэньнем. Тут я патлумачу, што сядзіба Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” знаходзіцца менавіта ў гэтым населеным пункце.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца ў штодзённым жыцьці мястэчка, што тут знаходзіцца Нацыянальны парк? Гэта людзям дапамагае, ці не дапамагае?”

(Арцюшка: ) “Адчуваецца. Вельмі нэгатыўна. Практычна нічым не дапамагае, а толькі можа абвострыць праблемы Турава. Зараз зямлю адбіраюць, і нічога не застаецца. Нашыя рыбакі стагодзьдзямі лавілі рыбу ў Прыпяці, а цяпер гэтага рабіць нельга”.

Я скіроўваюся ў Нацыянальны парк. Першы прыпынак — вёска Азяраны. Вольга Кулеш яшчэ памятае час, калі лясы ды палі, прылеглыя да Прыпяці, яшчэ не былі асабліва ахоўванымі тэрыторыямі.

(Карэспандэнт: ) “Як зьмянілася жыцьцё пасьля таго, як тут зьявіўся Нацыянальны парк?”

(Кулеш: ) “Горш людзям стала. А што ж яны забаранілі ў лес хадзіць? Мы тут нарадзіліся! Мы тут жылі. Наш лес. Нашыя бацькі яго і садзілі, той лес, а яны не пускаюць. Па канавах ды па лесе тулімся. Сем кілямэтраў несла тыя ягады, хавалася па лесе, па дарозе не йшла. А як выйшла на дарогу, яны ў мяне адабралі іх”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат разоў вас так лавілі?”

(Кулеш: ) “Лавілі! Страхоцьцё ўсё гэта!!! Раней забаранялі. Цяпер ужо ня так. Людзі сталі лес паліць. Пабачылі, што людзей не адолеюць. Гады два, як дазволілі”.

(Карэспандэнт: ) “А што з паляваньнем ды рыбалоўствам? Ці дазваляюць рыбу лавіць і паляваць?”

(Кулеш: ) “Рыбалоўства таксама забараняюць: штрафуюць, сеткі забіраюць”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, што ловяць паляўнічых ды рыбакоў, гэта ж не перашкаджае, яны ўсё адно робяць сваю справу?”

(Кулеш: ) “Вядома, украдкі”.

(Карэспандэнт: ) “Як шмат людзей рыбу ловяць, паляваньнем займаюцца?”

(Кулеш: ) “Уся вёска”.

(Карэспандэнт: ) “Дык атрымліваецца, што ўсе жыхары як браканьеры…”

(Кулеш: ) “Ну… не браканьеры, але ўсё роўна ўкрадкі ходзяць і вудзяць рыбу сеткамі”.

Пра гаспадарчую дзейнасьць Нацыянальнага парку можна распавядаць доўга. Але далёка не заўсёды ёсьць магчымасьць згадаць канкрэтныя лічбы. Прычына ў тым, што сынонімам слова “грошы” тут зьяўляецца такі панятак як “камэрцыйная тайна”. Яна тычыцца ўсяго: групавых экскурсіяў для турыстаў, гэтак званых “санітарных вырубак” векавых дубраваў, гандлю драўнінай. А яшчэ яна зьвязаная з манаполіяй. У навакольных вёсках парку належаць амаль усе крамы. Нават харчовыя.

Але дакладна вядома, такая паслуга як валютныя паляваньні трымае адно зь першых месцаў паводле прыбытковасьці. На шматлікіх Інтэрнэт-старонках, якія распавядаюць пра элітарнае баўленьне часу, пазначана, што кошты на такія забавы ў кожным выпадку абмяркоўваюцца пэрсанальна. Часам яны перавышаюць 1 тысячу эўра за адну вандроўку. Ва ўсялякім разе, так цьвердзяць мясцовыя паляўнічыя.

На тэрыторыі Нацыянальнага парку пабудавана некалькі сядзібаў для адпачынкаў. Я вырашаю наведаць тую, што знаходзіцца ў закінутай вёсцы Хлупінская Буда.

Заблукаў у незнаёмай мясцовасьці. Каб запытацца пра дарогу, заходжу ў хату, якая першай кінулася ў вочы. У размове з гаспадыняй Зінаідай Чыжык высьвятляецца, што ейны дом у 1999 годзе на нейкі час пераўтварыўся ў штаб абароны кіраўніка Беларусі, калі той наведваў пацярпелыя ад паводкі раёны.

(Чыжык: ) “Прыяжджаў да нас Лукашэнка. І тут міліцыянт сядзеў адзін на вуліцы, вартаваў, каб яго не забілі”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнку?”

(Чыжык: ) “Ага. Такі маладзюсенькі міліцыянэрчык! Стаіць увесь дзень праз таго Лукашэнку. Яму загадалі, але есьці ніхто яму ня дасьць! Беднае тое дзіця!! Я яму кажу: хадзі ў хату, паесьці! “Не, бабушка, нельга мне. Трэба стаяць”. Шкада яго было. Адна жанчынка зрабіла з дошак плыт і плыве, хоча Лукашэнку пабачыць, і сабакі за ёй блёхаюць. А яны вось сюды й прыехала. Паставіла свой плыт тут, сабачка зьлез, і пайшлі яны разам да Лукашэнкі. Падышла ды кажа: “Прэзыдэнт, слухайце, у нас масла няма. Калі ласка”. А ён: “Бабушка, ня трэба масла есьці, у цябе будзе “абжырэньне” сэрца”. О то, Баклаіха пабачыла Лукашэнку! Чорт цябе бяры: “У мяне масла ё!” А другая жанчына кажа: “У нас цукру няма”. “Бабушка, ня трэба цукар есьці, дыябэт будзе”. Казаў: “Дошак я вам дам, людзей прышлю, каб прабудавалі ўсё”. І нічога — ні дошак ня даў, ні людзей. І да пабачэньня, жыві як хочаш”.


* * *
Зараз я знаходжуся ў самым цэнтры Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Гэта колькі соцень мэтраў ад хутару Хлупінская Буда. Я сяджу ў драўлянай вежы, зь якой звычайна паляўнічыя адстрэльваюць дзікоў і ваўкоў. Вежа ўяўляе сабой будку, якая ўзьнятая на дзясятак мэтраў, мае тры байніцы й фактычна адсюль прастрэльваецца любая кропка наваколіцы. Перада мной на некалькі дзясяткаў мэтраў поле, якое зьяўляецца своеасаблівым цірам. Лясьнічыя адмыслова падкормліваюць жывёлаў працяглы час. І аднойчы іх тут будзе падпільноўваць паляўнічы са стэльбай.

Побач са мной знаходзіцца колішні супрацоўнік Нацыянальнага парку Міхал Козел:

(Козел: ) “Лясьнікі забіраюць з логава ваўчыцы ваўчанятаў. І пэўны час выкормліваюць у няволі. А ўтрымліваюцца яны ў вельмі жахлівых умовах. Я быў сьведкам, калі ваўчаняты працяглы час жылі непасрэдна ў канторы Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” пад пажарнай лесьвіцай. Іншы вывадак трымалі ў боксе гаражу. Калі ваўчаняты вырастаюць, падстаўляюцца пад стрэльбу паляўнічага. Ён лічыць, што палюе на сапраўднага воўка, які нейкім чынам зьявіўся ў дадзены момант у дадзеным месцы. Такія дзеяньні натуральныя, каб зрабіць паляваньне сапраўдным і ўзяць тую валюту, якую іншаземныя паляўнічыя плацяць. Гэта жах, бо адбываецца менавіта ў Нацыянальным парку!”

Дзясятак двухпавярховых катэджаў з гаспадарчымі пабудовамі й лазьня. Менавіта так у праекце выглядае паляўнічая кропка ў Хлупінскай Будзе. Але з усяго пералічанага давялі да ладу толькі чатыры домікі. У перапынках паміж заездамі турыстаў са стрэльбамі на гаспадарцы застаецца вартаўнік.

Малады хлопец адмовіўся гаварыць пры мікрафоне. Адкрыта прызнаўся, што баіцца сказаць чаго залішняга. Зразумець яго можна: на новым месцы толькі месяц і ўжо атрымлівае 90 тысяч заробку, а раней працаваў у калгасе, дзе плацілі ў чатыры разы меней.

Згубіць працу ў Нацыянальным парку вельмі проста. Як доказ — гісторыя Івана Паклонскага. Аднойчы ён усяго толькі няправільна адказаў на тэлефанаваньне.

(Паклонскі: ) “Дырэктар Нацыянальнага парку Бамбіза перавёў усю “кантору” ў Ляскавічы. З Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта тэлефануюць і тэлефануюць: “Дайце тэлефон, дайце тэлефон”. Мне гэта надакучыла, я ім і сказаў: “Шукайце ў Ляскавічах”.

(Карэспандэнт: ) “У Нацыянальным парку якая атмасфэра, як людзі пачуваюцца?”

(Паклонскі: ) “Ня вельмі добра. Дырэктар абяцаў залатыя горы й рэкі, поўныя віна. А пасьля пайшла карусэль: хто не закладвае сваіх таварышаў, таго маглі й звольніць, а хто закладваў — той працуе добра. Тое, што там адбываецца, гэта не на карысьць Нацыянальнага парку і не на ягоны росквіт. Міжсобку такія размовы вядуцца, а каб сказаць наўпрост, усе баяцца, бо можна страціць працу”.

Я вельмі хацеў пачуць афіцыйны камэнтар кіраўніцтва Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” й ягонага дырэктара Сьцяпана Бамбізы.

Чаму забіраюць тэрыторыі ў паляўнічых?

Чаму тутэйшаму насельніцтву не дазваляюць лавіць рыбу на ўласны стол?

Чаму навуковым супрацоўнікам, якія мелі свой пункт погляду на падзеі ў Парку, не падоўжылі кантракты?

Чаму сьпілаваныя дрэвы гніюць пад сьнегам? Чаму бракаваныя паркетныя дошкі, вырабленыя зь іх, употай спальваюць у кар’ерах? Чаму іх не прадаюць жыхырам навакольных вёсак, якія вымушаныя езьдзіць па дровы за дзясяткі кілямэтраў ў Калінкавіцкі раён?

Я некалькі дзён паляваў за спадаром Бамбізам па тэлефоне. Калі я ўрэшце яго злавіў, ён, выслухаўшы пытаньні, кінуў слухаўку.

У такой сытуацыі прыйдзецца задаволіцца толькі меркаваньнем колішняй супрацоўніцы навуковага аддзелу Інны Зенінай. У свой час яе звольнілі за ўдзел у пікеце з нагоды ўтварэньня БНР. І за тое, што яна падпісала зварот у абарону ад пілаваньня Белавескай пушчы, на чале якой, дарэчы, стаіць Мікалай Бамбіза — гэта колішні дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, брат цяперашняга кіраўніка.

(Зеніна: ) “Яны парушаюць закон пра асабліва ахоўваныя прыродныя тэрыторыі. Нацыянальны парк страчвае ўсё больш і больш у вачах грамадзкасьці як прыродаахоўная ўстанова. Нацыянальны парк, ён усё болей мае рэпутацыцю нейкай гаспадарчай адзінкі, якая досыць жорстка эксплюатуе прыроду. Гэта жорсткае гаспадараньне, накіраванае на прыбытак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG