Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ РАЗЬВІВАЦЬ СВАЕ БРОВАРЫ БЕЗ ДАПАМОГІ РАСЕІ


Юры Сьвірко, Менск

Прэзыдыюм Савету Міністраў у аўторак абмеркаваў структурную перабудову піваварнай галіны. Паводле прэм’ера Генадзя Навіцкага, прапанаваныя якасна новыя падыходы да яе разьвіцьця — акцыянаваныя беларускія бровары мусяць перадаць пакеты сваіх акцыяў банкам. Для бальшыні піўзаводаў такім інвэстарам стане “Прыёрбанк”, які, паводле ўрадоўцаў, сам захацеў фінансаваць разьвіцьцё беларускай піваварнай прамысловасьці.

Нагадаю, што нядаўна палову акцыяў самога “Прыёрбанку” набыў аўстрыйскі “Райфайзэнбанк”. Можна сьцьвярджаць, што беларускае піва будзе больш аўстрыйскім, чым расейскім — нягледзячы на ўсе праекты кшталту перадачы менскага бровара “Крыніца” расейскай кампаніі “Балтыка”.

Выступаючы на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну, першы віцэ-прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Аляксей Рубец распавёў, што ўсе беларускія піўзаводы падзеляць на пяць групаў. Першая будзе складацца са згаданай “Крыніцы”, “Берасьцейскага піва”, бровара “Дзеднава”, Слуцкага піўзаводу, а таксама магілёўскага прадпрыемства. Усе яны перададуць частку сваіх акцыяў, што належаць дзяржаве, у карыстаньне “Прыёрбанку”. Цягам двух гадоў гэты банк мяркуе інвэставаць у рэканструкцыю бровараў каля 60 мільёнаў даляраў. Перададзеныя “Прыёрбанку” бровары будуць вырабляць каля 60% усяго піва Беларусі, ці 345 мільёнаў літраў на год.

Іншыя групы бровараў банкаўскай падтрымкі мець ня будуць. “Лідзкае піва” й менскі завод “Аліварыя”, якія дзяржаўнай долі ня маюць, будуць разьвівацца коштам уласных сродкаў, паведаміла агенцтва БелТА. А бровары Віцебскай вобласьці, Горадні й Маладэчна пакуль увогуле неакцыянаваныя.

Асаблівае месца ў піваварнай галіне зойме фірма “Белсолад”, якая будзе цалкам забясьпечваць бровары соладам і ячменем. Прычым з кожным годам гэта будзе ўсё больш беларуская, мясцовая сыравіна.

Савет Міністраў разьлічвае на тэхнічнае пераўзбраеньне піўзаводаў, паляпшэньне якасьці напояў і зьяўленьне новых гандлёвых марак. Да перабудовы бровараў могуць далучыцца таксама іншыя банкі. Прэм’ер Генадзь Навіцкі даручыў распрацаваць плян разьвіцьця галіны цягам месяца, але на 20 сакавіка прызначаны візыт Аляксандра Лукашэнкі на менскі піўзавод “Крыніца”, таму канчатковы плян будзе сфармуляваны там.

Адметна, што пра ўдзел расейскай кампаніі “Балтыка” ў рэканструкцыі “Крыніцы” на саўмінаўскім паседжаньні не згадвалася. Таксама абышлі ўвагай нядаўні зварот саюзу расейскіх півавараў з пратэстам супраць шматлікіх абмежаваньняў на імпарт піва з Расеі ў Беларусь. Затое беларускі ўрад абяцае сваім броварам ільготы на імпарт абсталяваньня, а таксама нулявы акцыз на безалькагольнае піва ды зьменшаны падатак на даданую вартасьць.

Гэтыя рашэньні стануць новым адказам на просьбы кіраўніцтва Расеі даць расейскім вытворцам піва магчымасьць рэалізоўваць сваю прадукцыю ў Беларусі. На гэтым тле прэм’ер-міністар Навіцкі будзе сустракацца ў сераду ў Маскве са сваім расейскім калегам Міхаілам Касьянавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG