Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ І БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ ПАВІНШАВАЛІ МІЛІЦЫЯНТАЎ З ПРАФЭСІЙНЫМ СЬВЯТАМ


Ганна Соусь, Менск

26-гадовага лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца міліцыянты затрымлівалі каля 40 разоў, 15 разоў ён адбываў арышт за кратамі. І таму невыпадкова, што яго адразу пазнавалі ва ўсіх раённых упраўленьнях міліцыі. Сёньня Павал і ягоныя паплечнікі віншавалі міліцыянтаў зь іхным прафэсійным сьвятам і прэзэнтавалі ім кнігу зь бібліятэкі Радыё Свабода “Дарога праз Курапаты”, а таксама іншую літаратуру.

Вось як гэта адбывалася ў Першамайскім упраўленьні міліцыі, у кабінэце начальніка Аляксандра Пархомчыка:

(Cевярынец: ) “Добры, дзень. Хацелі б вас павіншаваць са сьвятам. Хочам вам уручыць падарункі”.

(Пархомчык: ) “Ну, што прынесьлі?”

(Севярынец: ) “Мы прынесьлі вам зварот ад беларускай моладзі й кнігі. Я думаю, што яны вам будуць цікавыя. Недалёка ад вас знаходзіцца ўрочышча Курапаты, гэтая кніга пра тое, як беларуская моладзь абараняла Курапаты”.

(Пархомчык: ) “Ёсьць такая…”

(Севярынец: ) “А гэтая кніга пра тое, што ёсьць Курапаты, гэта вам, а можа й намесьніку. І агляд “Кроніка парушэньняў правоў чалавека ў 2002 годзе”. Таксама, я думаю, будзе каштоўна вам пачытаць. Да таго ж мы нагадваем вам, што 25 сакавіка спаўняецца 85 гадоў дзяржаўнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзякуй Богу, не ваююць нашыя супрацоўнікі міліцыі ў Чачэніі. І мы спадзяемся, што вы разумееце, чаму беларуская моладзь мае такі незалежніцкі настрой і змагаецца за незалежнасьць”.

(Пархомчык: ) “Мы ўсё разумеем, мы таксама за незалежнасьць”.

Сёньня супрацоўнікі гэтага аддзяленьня атрымалі ў падарунак ад моладзі й каляндарыкі Радыё Свабода.

Сярод тых, хто віншаваў міліцыянтаў са сьвятам, — сябар Беларускай Партыі Свабоды Васіль Парфянкоў, адзін з самых актыўных удзельнікаў доўгатэрміновай вахты памяці ў Курапатах.

(Парфянкоў: ) “Тое, што мяне неаднаразова затрымлівалі, то гэта праца ў іх такая. У іх ёсьць загад, і яны яго выконваюць. Яны людзі паднявольныя. І да таго ж, бадай, адна з самых зацікаўленых групаў беларускага народу за незалежнасьць. Таму што ніхто зь іх ня хоча ехаць у Чачэнію, калі мы зьяднаемся з Расеяй. А сёньня павіншавалі іх, растлумачылі крышку, за што мы стаім”.

Адрозна ад Першамайскага ўпраўленьня міліцыі, у Савецкім упраўленьні, чые міліцыянты бралі актыўны ўдзел у разгоне курапацкага лягеру, хлопцаў сустрэлі насьцярожана і нават не пусьцілі бліжэй прапускнога пункту. А вось намесьнік начальніка Менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка асабіста запрасіў Паўла Севярынца ў свой кабінэт, прыняў падарункі й падзякаваў за віншаваньне.

Атрымалі кнігі й каляндарыкі й супрацоўнікі Інфармацына-аналітычнага цэнтру менскай міліцыі, яны паабяцалі распаўсюдзіць гэтую літаратуру па раённых упраўленьнях гораду.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Мэта сёньняшняй акцыі — шчыра павіншаваць беларускую міліцыю з днём менавіта беларускай незалежнай міліцыі. Міліцыя — гэта 120 тысяч нашых суайчыньнікаў, у большасьці, нават нашых аднагодкаў. І таму такі вось падарунак ад той моладзі, якая змагаецца за незалежнасьць, вельмі знакавы ў такі дзень. Таму што празь некалькі тыдняў спаўняецца 85 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі, будзе шэсьце на Дзень Волі. І мы вельмі хацелі бы, каб міліцыя зразумела, што незалежнасьць — найпершая каштоўнасьць для яе”.

Падчас сёньняшніх віншаваньняў затрыманых не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG