Міністар культуры Леанід Гуляка заявіў, што ніколі не падпіша дакумэнты на прысваеньне ганаровага званьня Яўгену Крыжаноўскаму. Прычына ў тым, што ў адной з рэклямных мініятураў, паказаных Беларускім тэлебачаньнем, артыст расказваў анэкдот, у якім згадвалася імя павешанай фашыстамі савецкай партызанкі Зоі Касмадзям’янскай. Чыноўнік з абурэньнем казаў, што гэта ёсьць абразай ўсяго беларускага народу й гэты факт, маўляў, несумяшчальны са званьнем заслужанага артыста Беларусі. У сваю чаргу, спадар Крыжаноўскі заявіў, што міністар культуры наўмысна скажае факты. Гаворыць Яўген Крыжаноўскі:
(Крыжаноўскі: ) “Сюжэт такі: хворы чалавек прыходзіць да псыхіятра. Той пытаецца: на вяровачцы балтаецца на “з” называецца — што гэта? Чалавек адказвае: можа, Зоя Касмадзям’янская? Лекар кажа: не, гэта заварка. Вось такое было. Мы не зьбіраліся нікога абражаць, але гэта творчасьць, мы ўжо 15 гадоў весялім людзей і робім ім добры настрой. А Гуляка перадзёрнуў карты, каб знайсьці падставу адмовіць у званьні, бо ніколі й не зьбіраўся яго даваць”.
Паводле спадара Крыжаўноўскага, сапраўднай прычынай незадаволенасьці высокіх чыноўнікаў стаў ягоны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. А таксама тое, што міністар культуры ня можа дараваць “Хрыстафору” незалежную ад урадавых чыноўнікаў пазыцыю. Гаворыць Яўген Крыжаноўскі:
(Крыжаноўскі: ) “Гэта зьвязана з тым, што я ішоў на прэзыдэнцкую пасаду, што мае выказваньні ў недзяржаўных СМІ ня вельмі падабаюцца нашаму міністру. Тэатар “Хрыстафор” недзяржаўны, і нас ніколі не запрашаюць ні на якія дні гораду, ні на якія сьвяты таму, што мы маем свой твар, сваё бачаньне падзеяў, якія існуюць у нашай рэспубліцы й што мы проста чэсныя людзі”.
Паводле Яўгена Крыжаноўскага, у суседніх краінах, у прыватнасьці, Расеі, дзе часта гастралюе “Хрыстафор”, ідэалягічнай цэнзуры амаль не існуе, у адрозьненьне ад Беларусі, дзе апошнімі гадамі яна толькі ўзмацнілася, — кажа спадар Крыжаноўскі.
(Крыжаноўскі: ) “У нас нават Брэжнева — мы рабілі такую пародыю, дык “параілі” не рабіць. У нас ёсьць нумары, дзе Аляксандар Рыгоравіч выступае ў нумары, дзе мы сьмяемся з нашага парлямэнту. І быў выпадак, калі мяне выклікалі ў Міністэрства культуры, сказалі, што ёсьць “сыгналы”, як яны кажуць, каб мы зьнялі з рэпэртуару ўсё, што датычыць улады, прэзыдэнта й парлямэнта. І таму я думаю, што гэта ўсё мае ідэалягічныя карані”.
Спадар Крыжаноўскі кажа, што не баіцца чыноўніцкага перасьледу: на нядаўніх выбарах у мясцовыя саветы ён спрабаваў балятавацца кандыдатам у дэпутаты Менскага гарсавету. Аднак, паводле фармальных прычынаў быў зьняты з дыстанцыі яшчэ на самым яе пачатку. Тым ня менш, Яўген Крыжаноўскі кажа, што не зьбіраецца пакідаць Беларусь, а ўсе гэтыя падзеі не разахвоцілі, а толькі надалі яму жаданьня займацца палітыкай і надалей.