“Каля 26 тысячаў кандыдатаў на 24 тысячы дэпутацкіх месцаў. У большасьці акругаў выбары былі, яшчэ паводле савецкай тэрміналёгіі, “безальтэрнатыўныя”, – піша “Wyborcza” ды дадае, што нават у такіх выбарах, паводле Цэнтарвыбаркаму, узялі ўдзел 73% беларусаў. “Таму, што напамін пра неабходнасьць выкананьня свайго грамадзянскага абавязку беларусы атрымлівалі нават у вучнёўскіх дзёньніках сваіх дзяцей, а аж 20% выбарцаў прагаласавалі датэрмінова”, – адзначе польскі штодзёньнік. Паводле “Gazety Wyborczej”, мінулыя выбары мелі выключна фармальны характар, а ўласна мясцовыя рады ў Беларусі ня маюць нічога агульнага з самаўрадамі, якія існуюць, напрыклад у Польшчы ці Літве. “Рэальную ўладу на месцах маюць выканкамы, якія, па сутнасьці, ёсьць лякальнымі філіямі адміністрацыі прэзыдэнта”, – падсумоўвае “Wyborcza”.
Іншы аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” таксама піша пра безальтэрнатыўнасьць мінулых выбараў і татальны кантроль над выбарчым працэсам з боку выканаўчых уладаў. Газэта адзначае надзвычайную сьціпласьць агітацыйных кампаніяў кандыдатаў, якія маглі выдаць на агітацыю толькі зусм малыя дзяржаўныя грошы.
Для палякаў гэта сапраўды выглядае дзіўна, бо ў Польшчы мясцовыя выбары паводле напружанасьці барацьбы, грашовых выдаткаў і ўвогуле паводле важнасьці практычна не адрозьніваюцца ад выбараў парлямэнцкіх. Як і ў іншых дэмакратычных краінах, у Польшчы самаўрады насамрэч маюць вялікія паўнамоцтвы і вырашальны ўплыў на сытуацыю ў сваім рэгіёне.