Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕДАХОП ТАКТУ АМЭРЫКАНЦАЎ ПАЎПЛЫВАЎ НА ГАЛАСАВАНЬНЕ Ў ТУРЦЫІ

Віталь Цыганкоў, Прага

"Los Angeles Times" адзначае, што на рашэньне турэцкага парлямэнту не дазволіць высадку амэрыканскіх войскаў нэгатыўна паўплываў недахоп такту і неўспрымальнасьць амэрыканскіх палітыкаў. Напрыклад, у лютым віцэ-прызыдэнт ЗША Дык Чэйні заклікаў турэцкіх дэпутатаў на працягу некалькіх дзён разгледзець просьбу амэрыканцаў. Словы Чэйні былі сказаныя дакладана напярэдадні мусульманскага сьвята Байрам, калі туркі рыхтаваліся некалькі дзён частавацца і маліцца. Гэта і так дастаткова цяжка для Вашынгтона – пераканаць адну мусульманскую краіну далучыцца да вайны супраць другой, піша газэта. Аднак словы Чэйні ўдарылі па аголеным нэрву. Турэцкі прэм’ер-міністар Абдула Гул і так быў ня надта ахвочым прыхільнікам высадкі амэрыканскіх войскаў. Ягоны ўрад быў вымушаны выбіраць паміж магутным саюзьнікам ЗША і перакананьнямі туркаў, якія, паводле апытаньняў, не падтрымліваюць вайну з Іракам у прапорцыі чатыры да аднаго.

Амэрыканцы, аднак, спадзяваліся, што Турцыя ня можа дазволіць сабе адхіліць іхнюю просьбу. Яны пачалі аказваць ціск на Стамбул, зрабіўшы шэраг ультыматумаў, а пасьля спрабуючы проста купіць гэтую падтрымку. Аднак "Los Angeles Times" прыводзіць словы аднаго турэцкага чыноўніка, які сказаў журналісту, што амэрыканская адміністрацыя на самой справе ніколі ўсур’ёз не пераймалася сапраўднымі трывогамі Турцыі наконт наступстваў вайны ў Іраку.

“International Herald Tribune” піша пра арышт у Пакістане аднаго з ключавых дзеячоў Аль-Кайды Халіда-Шэйха Махамада, падазраванага ў плянаваньні тэракту 11 верасьня. На сёньняшні дзень гэта найбольшая яркая перамога ў барацьбе супраць тэрарыстычнай сеткі Аль-Кайда, якую ўзначальвае тэрарыст нумар адзін у сьвеце Усама Бін Лядэн. Гэта таксама самы прыкметны арышт у Пакістане, дзе ўжо было затрымана каля 400 падазраваных актывістаў Аль-Кайды. Большасьць зь іх перапраўленыя ў ЗША, што выклікае крытыку з боку праісламскіх палітычных сілаў у Пакістане. Прэсавы сакратар пакістанскага прэзыдэнта Мушарафа назваў арыштаванага Махамада галоўнай фігурай Аль-Кайды. “Махамад адзін з асноўных і важных намесьнікаў Усамы бін Лядэна, ключавы распрацоўшчык і натхняльнік нападу 11 верасьня”, – заявіў прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр. 37-гадовы Махамад, які знаходзіўся ў сьпісе самых шуканых ФБР асобаў, быў схоплены падчас суботняга рэйду пакістанскіх спэцслужбаў у меркаваным прыбежышчы тэрарыстаў каля гораду Равалпінды. Ягоны арышт наносіць моцны ўдар па апэрацыйных магчымасьцях тэрарыстычнай сеткі Аль-Кайды. “Гэта фантастычна”, – гэтак, паводле “International Herald Tribune”, адрэагаваў прэзыдэнт ЗША Буш, калі яму паведамілі пра арышт Мухамада.
XS
SM
MD
LG