Самыя непрадказальныя вынiкi галасаваньня атрымалiся ў Белаазёрску, дзе незалежныя кандыдаты стварылi напярэдаднi выбараў дэмакратычную каалiцыю. Але зараз мясцовы гарсавет – адзiны на Берасьцейшчыне, якi не сфармаваны: тут абрана менш за палову дэпутатаў. Вось як камэнтуе выбары ў гэтым горадзе кiраўнiк мясцовага цэнтру рэгiянальнага супрацоўнiцтва Юрась Губарэвiч.
(Губарэвiч: ) "Я ацэньваю iх вельмi станоўча: у 12 акругах, дзе выбары адбылiся (з 25 усiх наяўных), былi абраныя сем чалавек, якiя прытрымлiваюцца дэмакратычных поглядаў. Нас гэта вельмi ўсьцешыла i я лiчу, што гэта вельмi добры вынiк для Белаазёрску".
Зь iншых вынiкаў галасаваньня варта адзначыць перамогу сябра БНФ Уладзiмера Малея на выбарах у Маларыцкi райсавет. Ад апазыцыйнай камунiстычнай партыi дэпутатамi ўвогуле па Берасьцейшчыне абраныя 12 чалавек (з iх васьмёра – у Камянцы).
У Берасьцейскi абласны савет у першым туры абрана 55 дэпутатаў – выключна асобы, якiя карысталiся падтрымкай уладаў. Яшчэ ў трох акругах будзе праведзены другi тур, i сярод тых, хто працягвае барацьбу, – два прадстаўнiкi “Народнай Грамады”. Па тры сябры гэтай партыi выйшлi ў другi тур падчас выбараў у гарадзкiя саветы Берасьця i Пiнску.
У абласной выбарчай камiсii працягваюць сьцвярджаць, што сур'ёзных парушэньняў падчас галасаваньня не было. Мiж тым, дадзеныя назiральнiкаў сьведчаць, што ў некаторых акругах такiх парушэньняў зафiксавана шмат. Так, Берасьцейскае аддзяленьне Беларускага Гельсынкскага камiтэту дамагаецца адмены вынiкаў галасаваньня на ўчастку, што месьцiўся ў абласным шпiталi. Вось што распавёў Iгар Карабейнiкаў, якi назiраў за выбарамi на гэтым участку:
(Карабейнiкаў: ) "З шасьцi соцень хворых толькi 80 прагаласавалі на самім участку. Астатнiя – у пераносных скрынях, да якiх назiральнiкам падысьцi не дазволiлi. Пабочным асобам зь лiку мэдпэрсаналу выдавалi на рукi 20-30 бюлетэняў за межамi ўчастку. Вынiковы пратакол запаўняўся алоўкам, а вынiкi падлiку не агучвалiся. На мой погляд, гэта – ня выбары, а пародыя на выбары. А дакладней – выбарчы фарс".
Некаторыя кандыдаты таксама заяўляюць пра намер абскардзiць вынiкi выбараў у судзе, бо лiчаць, што парушэньнi iстотна паўплывалi на вынiкi галасаваньня.