Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД ПРЫПЫНІЎ РАЗГЛЯД СПРАВЫ ПРА ПЛАТНЫЯ ПАСЛУГІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫХ МЭДЫЧНЫХ УСТАНОВАХ


Юры Сьвірко, Менск

У панядзелак Канстытуцыйны суд зьбіраўся заслухаць справу пра платныя мэдычныя паслугі. Паводле Канстытуцыі, грамадзянам “гарантуецца права на ахову здароўя, улучна зь бясплатным лячэньнем у дзяржаўных установах аховы здароўя". На падставе гэтага артыкулу дэпутаты палаты прадстаўнікоў вырашылі абскардзіць закон "Аб ахове здароўя", які дазваляе платныя паслугі ў дзяржаўных мэдычных установах, а таксама адпаведныя ўрадавыя пастановы. Больш за палову ўсіх дэпутатаў прагаласавалі за такі зварот у суд. Аднак праз паўгадзіны пасьля пачатку паседжаньня старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч агучыў рашэньне:

(Васілевіч: ) “Вытворчасьць па гэтай справе прыпыніць”.

Справу прыпынілі пасьля хадайніцтва Савету Міністраў, які паведаміў, што мае патрэбу ў дадатковым вывучэньні матэрыялаў гэтай справы і да таго ж плянуе неўзабаве разгледзець на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну пытаньне наконт мэдычнай дапамогі й платных паслугаў насельніцтву.

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч і Валеры Фралоў, якія прыйшлі на паседжаньне, пагадзіліся з хадайніцтвам ураду. Гэта тлумачылася таксама тым, што яны ня мелі з сабой даверанасьці, якую мусіў падпісаць сьпікер палаты Вадзім Папоў. Дэпутат Фралоў заявіў, што той зьехаў зь візытам у Лібію й дакумэнт не падпісаў.

(Фралоў: ) “Прычыны нам абсалютна незразумелыя, таму што чыркнуць подпіс цягам 3 дзён, калі ляжала падрыхтаваная папера... Я ня ведаю, якія праблемы, якія цяжкасьці не дазволілі яму падпісаць. Усё ж такі маю адчуваньне, што хочуць нам стварыць дадатковыя цяжкасьці, падгадзіць – з прычыны нашай пэўнай пазыцыі”.

А вось якую ацэнку даў сытуацыі калега спадара Фралова па дэпутацкай групе "Рэспубліка" Ўладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Шчыра скажу: спужаліся. Спужаўся й Папоў, спужаўся й Савет Міністраў. Я спадзяюся на тое, што Савет Міністраў прыме пастанову, якая скасоўвае ўсе так званыя платныя паслугі, то бок мэдычную дапамогу, якая антыканстытуцыйна аказваецца нашым грамадзянам, і наступнае паседжаньне Канстытуцыйнага суду будзе праведзенае дакладна й зразумела: у нашай краіне мэдычнай платнай дапамогі няма”.

Дэпутат Фралоў удакладніў, што мова йдзе пра дзяржаўныя мэдычныя ўстановы, куды зьвяртаюцца тыя людзі, якія грошай на прыватную мэдыцыну ня маюць.

(Фралоў: ) “Вось у Валодзі Парфяновіча ёсьць ліст аднаго заслужанага ляўрэата дзяржаўнае прэміі імя Астроўскага, пісьменьніка, які з болем піша, колькі яго спрабавалі прымусіць заплаціць – недзе тысячу даляраў за апэрацыю на сэрцы або 4 мільёны рублёў зь нечым. У нас людзі такіх грошай і ня бачылі”.

Дэпутаты групы "Рэспубліка" зазначаюць, што каля тысячы даляраў каштуюць адны суткі ў нумары на гарналыжным курорце, дзе зараз адпачывае Аляксандар Лукашэнка. На пытаньне, калі Саўмін скасуе свае пастановы наконт платнай дзяржаўнай мэдыцыны, Уладзімер Парфяновіч адказаў:

(Парфяновіч: ) “Можа, пачакаюць, пакуль прэзыдэнт вернецца з камандзіроўкі ды адменіць сваё жаданьне на 30 адсоткаў аказваць мэдычныя платныя паслугі. Гэта ж усё пайшло ад прэзыдэнта – увесь гэты рух”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG