Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ДЗЯСЯТКІ БЕЛАРУСАЎ — ЗАКЛАДНІКАМІ РАСЕЙСКІХ ПРАЦАДАЎЦАЎ НА БАЎГАРСКАЙ ШЫПЦЫ


Ігар Карней, Менск

Папрацаваць на рэстаўрацыі Храму Нараджэньня Хрыстовага, збудаванага паводле загаду імпэратара Аляксандра ІІ у гонар загіблых у часе руска-турэцкай вайны салдатаў, беларусам прапанавала летась маскоўская "Балтыйская будаўнічая кампанія". Пэнсіянэр са Стоўбцаў Вячаслаў Валіцкі на прапанову адгукнуўся адразу. Кажа, што паводле ідэйных меркаваньняў — хацеў ушанаваць памяць загіблых на той вайне беларусаў.

(Валіцкі: ) "Там ляжаць тысячы — і беларусы, і расейцы, і палякі. На мармуровых плітах на сьценах залатымі літарамі напісана: зь віленскага беларускага палку — 70 чалавек, зь іншага — яшчэ столькі. Я – каталік, а там пераважна пахаваныя праваслаўныя, але ж гэта ня мае для мяне значэньня. Тым больш, гэта ня мела ніякага дачыненьня да працы. Але калі пачаліся маразы, я пачаў патрабаваць, каб нам выдалі дадатковае спэцадзеньне, бо мы мерзьлі наскрозь. Тым болей, сваім людзям вопратку ўжо выдавалі: яны сядзелі ля кастроў, сьпявалі песьні, а мы працавалі".

Мінулі тры месяцы працы, а пра заробкі ніхто з прадстаўнікоў "Балтыйскай будаўнічай кампаніі" так і не ўзгадаў. Тады пачаліся хваляваньні. Валіцкага калегі выправілі ў Менск, як ён кажа, уздымаць "грамадзкую думку".

(Валіцкі: ) "Хлопцы сабралі грошы — хто даляр даў, хто два, у кагосьці былі румынскія грошы, баўгарскія, хтосьці цыгарэтаў даў. І надта прасілі: ты, Слава, настырны, паспрабуй дастукацца да кіраўніцтва "Балтыйскай будаўнічай кампаніі", каб яе прадстаўнік Мікалай Васільеў па-чалавечы з намі разьлічыўся, каб не было такога прыгнёту — тым больш, што мы працуем на Храме. Узгадваю такі выпадак. Мой сябра застудзіў ногі, у яго забалеў зуб. А грошай на лячэньне няма (патрэбна $20). Якраз прыехаў Васільеў, і мы кажам: "Мікалай, дапамажы!" А той у адказ: “Я ня каса ўзаемадапамогі і не санітарка, а ад зубу яшчэ ніхто не падыхаў...” Зноў пайшлі па пакоях, па даляру скінуліся, хлапец вырваў зуб, і вырашылі праблему".

У Беларусі блуканьні Валіцкага па інстанцыях плёну ня мелі. Толькі і чуў: “Запрашала расейская кампанія — хай яна праблемы і вырашае”.

(Валіцкі: ) "Як ні працуй, хоць выкладзіся, — на што дамаўляўся, не атрымаеш... Я ўцёк. Бог зь імі, з маімі грашыма, хоць, натуральна, буду дамагацца свайго праз пракуратуру. Адзін прыклад. За візу баўгарская амбасада грошы не ўзяла: амбасадар сам сказаў, маўляў, разумею, што едзеце ў тым ліку і паводле маральных меркаваньняў. А нам брыгадзір кажа, што па 65 даляраў за нас заплацілі. Лепей бы тыя грошы ў бюджэт Баўгарыі пайшлі, бо краіна зусім не багатая, жывуць, як у нас, бядуюць".

Лёс беларусаў, якія застаюцца на Шыпцы, застаецца ў руках маскоўскай "Балтыйскай будаўнічай кампаніі". Тыя, хто вярнуўся дахаты бяз грошай, рыхтуюць дакумэнты, каб распачаць судовыя працэсы. А мой суразмоўца Вячаслаў Валіцкі з сумам кажа: "Няўжо на Шыпцы людзі змагаліся супраць прыгнёту дзеля таго, каб праз 125 гадоў трапіць у палон афэрыстаў, якія падманваюць людзей, хаваючыся за хрысьціянскімі каштоўнасьцямі?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG