Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРШ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ” І ДЗЕНЬ ВОЛІ – 2003: РАЗАМ ЦІ ПААСОБКУ?


Віталь Тарас, Прага

На 12 сакавіка прызначаны “Народны марш “За лепшае жыцьцё”. У падтрымку гэтай акцыі ў Менску выступілі некаторыя кіраўнікі апазыцыйных партыяў. Аднак аб’яднаньне “Гарадзенская ініцыятыва”, у якую ўваходзяць многія рэгіянальныя арганізацыі, у тым ліку партыйныя, заклікала засяродзіць намаганьні апазыцыі на традыцыйнай акцыі ў Дзень волі – 25 сакавіка. На чым палягаюць рознагалосьсі ў стане апазыцыі? Ці здольныя дэмакратычныя сілы ў цэнтры і рэгіёнах каардынаваць свае дзеяньні? І якая мэта можа сёньня аб’яднаць дэмакратычныя сілы? Над гэтым спрачаюцца ўдзельнікі чарговага “Праскага акцэнту” – сябра сойму БНФ, сакратар “Гарадзенскай ініцыятывы” прафэсар Алесь Астроўскі і актывіст Хартыі–97, адзін з арганізатараў Маршу “За лепшае жыцьцё” Зьміцер Бандарэнка зь Менску.

20 лютага ў Менскі гарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзеньне 12 сакавіка “Народнага маршу “За лепшае жыцьцё” (так яго называюць самі арганізатары). Заяўкі падалі актывісты грамадзянскай ініцыятывы Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў і каардынатар руху “Зубр” Уладзімер Кобец. Плянуецца, што марш пройдзе пад лёзунгамі “Хопіць рабаваць людзей!”, “Панізіць квартплату і камуналку!”, “Падвысіць зарплаты, пэнсіі і стыпэндыі!”, “Спыніць ціск на прадпрымальнікаў” і гэтак далей. І вось група прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў Горадні зьвярнулася да апазыцыі з заклікам адмовіцца ад правядзеньня некаторых вулічных акцыяў – у прыватнасьці, ад маршу 12 сакавіка – і засяродзіцца на традыцыйнай сьвяточнай маніфэстацыі на Дзень волі. Пры гэтым выказваецца меркаваньне, што правядзеньне акцыі пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі “створыць у часткі насельніцтва ўражаньне, што патрабаваньне незалежнасьці й дэмакратыі і патрабаваньне годнага жыцьця – гэта розныя, не зьвязаныя паміж сабой рэчы”.

У мяне адразу першае пытаньне да вас, сп. Бандарэнка, як аднаго з арганізатараў маршу – ці няма тут насамрэч нейкай супярэчнасьці паміж эканамічнымі лёзунгамі і пытаньнем незалежнасьці Беларусі. Бо 25 сакавіка 1918 году, Дзень утварэньня БНР, ёсьць як бы сапраўды сакральнай датай у беларускай гісторыі?

(Бандарэнка: ) “Я ня думаю, што тут ёсць супярэчнасьць, таму што народны марш будзе праводзіцца 12 сакавіка, а сьвяткаваньне 85-х угодкаў БНР будзе праходзіць пазьней. На жаль, на сёньняшні момант яшчэ невядомыя дакладная дата і месца правядзеньня гэтай масавай акцыі ў Менску. Гэта проста будзе ў розны час, і я ня бачу тут супярэчнасьці”.

(Астроўскі: ) “Сумненьні тут узьнікаюць па шэрагу праблемаў. З боку арганізацыйна-палітычнага, гэтае пытаньне зьвязанае з расьцярушваньнем, расьцягваньнем рэсурсаў, якіх у апазыцыі і так няшмат. Гэта значыць, што дзьве акцыі, якія адбудуцца зь інтэрвалам у найлепшым выпадку ў два тыдні, пацягнуць у розныя бакі – і матэрыяльныя рэсурсы, і псыхалягічныя, і інтэлектуальныя, і арганізацыйныя. І вельмі рэзка павялічваецца рызыка, што ніводная з акцыяў ня будзе пасьяпховай – дастаткова масавай, каб мець эфэктыўны ўплыў на грамадзкае жыцьцё.

Але гэта яшчэ адносна другаснае пытаньне. Мы шмат гадоў жывем у такой сытуацыі, калі назіраецца няўзгодненасьць дзеяньняў апазыцыі. Мы бачым, і ў сваёй заяве зьвярнулі ўвагу менавіта на ідэалягічны бок справы, ці ідэалягічна-псыхалягічны. Справа ў тым, што зараз у грамадзтве, якое ўжо дзявяты год жыве ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі, нарастае натуральным чынам (ня столькі дзякуючы ўплыву апазыцыі ці нейкай там агітацыйнай дзейнасьці, а натуральным чынам) разуменьне вельмі істотнай рэчы. Што і незалежнасьць Беларусі, і дэмакратыя на Беларусі, беларуская мова, культура, гісторыя, з аднаго боку, і з другога боку – узровень матэрыяльнага дабрабыту ёсьць рэчы зьвязаныя. Тыя краіны, якія захавалі і ўмацавалі незалежнасьць, разьвіваюць дэмакратыю – у іх ужо зьнікла пытаньне пра захаваньне ўласнай нацыянальнай культуры. Краіны Балтыі дэманструюць абсалютна процілеглыя працэсы. У іх узровень дабрабыту расьце з кожным годам, стабільнасьць расьце, упэўненасць у жыцьці. Людзі гэтую інфармацыю атрымліваюць, і ў іх натуральным чынам у падсьвядомасьці фармуецца ўяўленьне, што гэтыя рэчы зьвязаныя.

І вось менавіта з пазыцый тых расейскіх, імпэрскіх сілаў, імпэрскай бюракратыі гэтыя псыхалягічныя зьмены ў масавай грамадзкай сьвядомасьці зьяўляюцца для іх самымі небясьпечнымі. Таму паспрабаваць падзяліць – давайце будзем змагацца за добрыя заробкі, маўляў, і давайце зробім такую добрую апазыцыю, якая сапраўды будзе змагацца за вырашэньне канкрэтных, блізкіх праблем, жыцьцёвых для масы людзей. Гэта маўляў, будзе добрая апазыцыя. Ну, і няхай будзе такая ідэалістычная, абстрактная нейкая апазыцыя, якая, быццам бы, павінна змагацца за неістотныя каштоўнасьці – незалежнасьць, дэмакратыю і г. д. Вось гэты ідэалягічны, псыхалягічны раскол, які ўносіцца такімі дзьвюма акцыямі , заплянаванымі на сакавік – яны менавіта так і задуманыя”.

(Тарас: ) “Сп. Бандарэнка, было паведамленьне аб тым, што да арганізатараў маршу далучыліся намесьнік старышныі БНФ Юры Хадыка, мастак Аляксей Марачкін, паэт Генадзь Бураўкін, іншыя вядомыя людзі. У выпадку са спадаром Хадыкам – гэта ягонае індывідуальнае рашэньне?”

(Бандарэнка: ) “У нас адбылася размова зь Юрасём Хадыкам, і ён сказаў, што рашэньне было прынятае ва ўправе і што, безумоўна, фронт далучаецца да гэтай акцыі. Я хацеў сказаць, што і сп. Бураўкін, і сп. Марачкін казалі, што няма супярэчнасьці паміж сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі і палітычнымі. Для мяне асабіста таксама няма супярэчнасьці. Скажам, летась былі дзьве акцыі – 24 сакавіка праводзіўся Дзень волі ў Менску і 19 красавіка – марш пратэсту “Так жыць нельга!”. Ну, скажам, я за 24-га адседзеў суткі арышту, атрымаў штраф за гэтую акцыю, а потым яшчэ 15 сутак за19-га красавіка. Што рабіць? Трэба і за гэта змагацца, і за тое”.

(Астроўскі: ) “Уся гэтая інфармацыя для мяне важная тым, што будзе прадмет для ўнутрыпартыйнай дыскусыі на гэтую тэму. Мой пункт гледжаньня я, канечне, не памяняў. Думаю, і іншыя не памяняюць – мае сябры, якія падпісаліся пад зваротам”.

(Тарас: ) “Увогуле, сакавік традыцыйна ў апошнія гады ёсьць месяцам, калі апазыцыя звычайна актывізуе сваю дзейнасьць, што выліваецца ў нейкія вулічныя акцыі – іншы раз больш масавыя, іншы раз, часьцей, нешматлюдныя. Але нязьменна, кожнага разу частка апазыцыі робціь стаўку на якую-небудзь адну акцыю, а частка застаецца прыхільніцай Дня волі як галоўнага дня дзеяньняў. У чым, на ваш погляд, прычына такой вось традыцыі, ці нязьменнасьці палітычнага пэйзажу? Бо відавочна, што адзінства дзеяньняў у шэрагах апазыцыі заўсёды больш эфэктыўнае і здольнае прыцягнуць больш народу, чым яўная, можна нават сказаць, дэманстратыўная, адсутнасьць такога адзінства”.

(Бандарэнка: ) “Ведаеце, штодня мы атрымваем інфармацыю, як да правядзеньня народнага маршу далучаюцца людзі і структуры. Для нас было вельмі прыемна, што далучыліся, скажам, Асацыяцыя шматдзетных бацькоў Менскай вобласьці і шэрагу раёнаў Менску, далучыліся прадстаўнікі так званай “палаты” генэрал Фралоў і спадар Парфяновіч. Людзі, быццам бы, сталі ў апазыцыю да ўлады, і яны хочуць праявіць сябе, паказаць, што яны таксама бароняць інтарэсы людзей. Вы ўжо згадвалі шэраг асобаў, скажам, нацыянальна-дэмакратычнага лягеру. Вядуцца размовы з прафсаюзамі, думаю, што яны далучацца. Былі размовы са сп. Статкевічам, ён абяцаў падтрымку. Я ведаю, што гатовыя падтрымаць марш тыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, якіх незаконна зьнялі з дыстанцыі. І мне здаецца, што зараз, як такі сьнежны ком, ідзе далучэньне да акцыі. І хацеў бы яшчэ нагадаць, што ўдалося аб’яднацца дробным прадпрымальнікам, якія таксама мелі пэўныя перашкоды ў стасунках памж сабой, але ж сёньня ўсе асноўныя прадпрымальніцкія структуры далучыліся. І ўжо гэтых людзей мы зможам сагітаваць, накіраваць на сьвяткаваньне. Мне здаецца, немагчыма ўсё-ткі, растлумачыць людзям, якім чынам сьвяткаваньне 85-х угодкаў БНР можа вырашыць іх сацыяльныя пытаньні – скажам, праблему высокіх камунальных плацяжоў?”

(Тарас: ) “Сп. Астроўскі, на вашу думку, унутрыпартыйная дыскусія, пра якую вы гаварылі – наколькі яна можа быць карыснай ў сёньняшняй сытуацыі? Ці не замінае яна, напрыклад, спробам аб’яднаць намаганьні апазыцыі?”

(Астроўскі: ) “Я проста хачу зьвянуць увагу – і гэта прадмет сапраўды абмеркаваньня для ўнутрыпартыйнай дыскусіі і ўвогуле ўсяе апазыцыі – што мы ставім на мэце нашай дзейнасьці? Ці мэтай нашай дзейнасьці зьяўляецца правядзеньне штогадовых восеньскіх ці веснавых акцыяў? Або мэтай нашай дзейнасьці павінныя быць вынікі. Паколькі шматгадовае змаганьне не дае відавочных вынікаў і праводзіцца ў своесаблівых абстрактных формах, трэба ставіць пытаньне аб тым, што змаганьне апазыцыі за лепшае жыцьцё беларускага грамадзтва павінна быць падпарадкаванае пэўным прынцыпам.

Нешта павінна быць вышэй, па-над апазыцыяй: тое, чаму яна павінна служыць. На адзін з гэтых відавочных прынцыпаў вы зьвярнулі ўвагу ў сваім пытаньні – гэта адзінства. Гэтае адзінства праяўляецца і ў тым, што апазыцыя рэальна стварае адзіны плян дзеяньняў, узгадняе яго і выступае перад грамадзтвам як адзіная сіла. Зараз грамадзтва такую альтэрнатыўную сілу чакае, і вельмі шмат што залежыць ад паводзінаў апазыцыі. Калі яна будзе дэманстраваць сябе як расьцярушаная, расколатая сіла, грамадзтва ня зьверне ўвагу на апазыцыю – яно будзе зноў цярпець, унутры яго будзе назапашвацца злосьць, але яна ня будзе мець ніякага канструктыўнага выйсьця. Зусім іншая сытуацыя, калі апазыцыя выступае адзіным фронтам, усё робіць узгоднена, унтры яе няма супярэчнасьцяў. Для гэтага апазыцыя павінна падпарадкавацца нейкім агульным прынцыпам”.

(Тарас: ) “Сп. Бандарэнка, на вашу думку, ці можна практычна выпрацаваць нейкія агульныя прынцыпы? Вельі цяжка ўявіць поўнае адзінства паміж рознымі партыямі, якія даволі часта зыходзяць з розных прынцыпаў, але выступаюць супраць, скажам, цяперашняй улады. Ці лічыце вы, што можна выпрацаваць нейкія агульныя калі ня прынцыпы, дык правілы гульні, так бы мовіць?”

(Бандарэнка: ) “Я хацеў бы аддзяліць прынцыпы ад агульнага плянаваньня. Прынцыпы, на якіх яднаецца і дзейнічае апазыцыя, аднолькавыя – гэта незалежнасьць, дэмакратыя і рынак. Яны даўно вызначаныя. А ўжо агульны плян як выпрацаваць – гэта трохі больш складанае пытаньне. Яшчэ раз хачу сказаць: дзьве вядучыя партыі – АГП і БНФ – падтрымалі народны марш. Далучыліся прадпрымальнікі. Гатовыя далучыца сацыял-дэмакратычныя партыі да правядзеньня маршу. Чамусьці частка людзей з адной партыі – рэгіянальная структура, выступіла супраць. Для мяне наагул гэта дзіўна: чаму, скажам, рэгіянальная структура не каардынуе дзейнасьць з цэнтрам? І гэтая ж структура зараз кажа пра стварэньне нейкай альтэрнатыўнай сілы. Створаны агульнанацыянальны камітэт, у які ўвайшлі ўсе прадстаўнікі, улучна нават з дэпутатамі так званай палаты, па годным сьвяткаваньні 85-х угодкаў БНР. Ніякіх супярэчнасьцяў няма. Мы напачатку адпрацоўваем сацыяльныя лёзунгі, сацыяльную праблематыку, якая блізкая і зразумелая кожнаму чалавеку, і ўжо больш актыўная частка, безумоўна, ідзе і сьвяткуе Дзень волі. Нармальная хваля. Так было шмат гадоў – так было ў 96-м , у 97-м гадах. На маю думку, усё нармальна”.

(Астроўскі: ) “Вось, бачыце, разуменьне, што лічыць нармальным, у нас адрозьніваецца . У сп. Зьміцера нармальна – гэта як у 96-м годзе, так? А зараз 2003. Сем год прайшло, і гэта “ўсё нармальна”. Г. зн, будзем змагацца, і вынік будзе, як кажуць, “як заўсёды”. Ведаеце, можа быць, у Менску сваё бачаньне – знутры Менскай кальцавой дарогі, а мы глядзім на ўсю праблематыку ўсё-ткі неяк звонку. І нас гэты варынят – “як заўсёды”, ну, зусім не задавальняе.

Вельмі цяжка жыць у правінцыі людзям, а тым больш тым, хто належыць да апазыцыі. Мы чакаем станоўчых зьменаў. Бязь Менску, без арганізаваных дзеяньняў у Менску, без салідарных дзеяньняў, без адзінства той часткі апазыцыі, якая дзейнічае ў сталіцы, немагчыма дачакацца гэтых зьменаў. Нам патрэбны вынік. Мы ўжо дзявяты год жывем у гэтых умовах. Дык колькі яшчэ чакаць? І нам, напрыклад, відавочна, што акцыя павінна адбыцца адна, што гэтая акцыя павінна прадэманстраваць грамадзтву, што ўся апазыцыя адзіная – прынамсі, у стратэгічным пляне разумее будучыню Беларусі, мае вобраз Беларусі ў выглядзе незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы зь беларускай культурай, з рынкавай эканомікай, з правамі чалавека, якія адпавядаюць сучаснаму ўзроўню цывілізацыі. Вось гэтага мы чакаем, і мы дакладна ведаем, што дзьве акцыі – яны разьбіваюць сілы апазыцыі, яны дэзарыентуюць грамадзтва, і мы лічым гэта вельмі непрыемным”.

(Тарас: ) “Паколькі нашая размова адбываецца напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, да месца будзе задацца пытаньнем – а якімі мусяць быць суадносіны паміж выбарчай актыўнасьцю партыяў, непасрэднай працай з электаратам і мітынговай актыўнасьцю, ці вулічнай дэмакратыяй, як часам гавораць? Што, на ваш погляд, больш дзейснае і эфэктыўнае ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі?”

(Астроўскі: ) “Мне асабіста відавочна, што значна больш істотную ролю адыгрываюць размовы зь людзьмі, інфармаваньне грамадзтва аб тых падзеях, якія ёсьць, стварэньне ў грамадзтве неабходнага сьветагляду масавага, які б стаў базай для станоўчых пераўтварэньняў у нашым грамадзка-палітычным жыцьці. Вулічныя акцыі – гэта толькі дадатак, дапаможная канструкцыя. Ну і, натуральна, паколькі ў сёньняшніх умовах доступ да грамадзтва рэальна адкрыты толькі падчас выбараў, я заклікаў у свой час і працягваю заклікаць выкарыстаць магчымасьць выбарчай сытуацыі менавіта для таго, каб даходзіць да грамадзтва з тлумачэньнем той сытуацыі, якая ёсьць сёньня ў Беларусі, і якой яна павінна быць у будучым, і што для гэтага кожны грамадзянін павінен зрабіць. Для мяне гэта галоўнае, нумар адзін. А ўсе масавыя вулічныя акцыі, канечне, пад нумарам два – толькі як дадатковыя”.

(Бандарэнка: ) “Ведаеце, Беларусь не зьяўляецца ўнікальнай краінай. І скажам, дыктатура, працягваецца доўгі час. Ну, напрыклад, Мілошавіч кіраваў краінай 12 год. У нас ёсьць шанец усё-ткі сытуацыю ў Беларусі зьмяніць раней. Атрымаецца ці не – гэта ўжо іншае пытаньне. Безумоўна, пры дыктатуры выбары не зьяўляюцца вольнымі, і таму можна вырашыць сытуацыю, вывесьці краіну на шлях дэмакратыі толькі пры спалучэньні дзьвюх гэтых рэчаў – выкарыстаньня выбараў (бліжэйшыя, я думаю, будуць у 2004 годзе) і спалучэньне вулічных акцыяў. Без вулічных акцыяў выбары будуць проста сфальшаваныя і ніякага выніку ня будзе. Ну, а для таго, каб на выбарах перамагаць і людзей на вуліцу выводзіць, трэба з гэтымі людзьмі працаваць. Трэба выкарыстоўваць любыя крыніцы данясеньня да іх альтэрнатыўнай інфармацыі, трэба хадзіць па кватэрах, трэба змагацца за незалежныя СМІ, трэба змагацца празь Інтэрнэт, ну, і трэба рабіць усё тое, што рабілі нашыя калегі ў дэмакратычным змаганьні ў Сэрбіі, у Польшчы ў свой час, у Чэхіі і Славаччыне”.

(Тарас: ) “У гэтым пытаньні, выглядае, ўсё-ткі пазыцыі суразмоўцаў у чымсьці блізкія. Але калі паспрабаваць падсумаваць агульны зьмест нашай размовы, дык высьвятляецца, што гаварыць пра нейкую агульную праграму дэмакратычных партыяў або рухаў на цяперашні момант не выпадае. Праграма дзеяньняў – гэта асобная тэма для гутаркі. Але ж лёзунгі, зразумелыя людзям, здольныя іх неяк мабілізаваць, могуць быць і агульнымі. І вось на вашу думку – што гэта за лёзунгі? Іншымі словамі, пад якім лёзунгам вы пагадзіліся б ісьці разам?”

(Астроўскі: ) “Ну, калі бы вы прапанавалі некалькі лёзунгаў, я б выбраў зь іх адзін – на мой погляд, лепшы, і тады можна было б весьці гаворку на гэтую тэму. Я думаю, што гэта могуць быць лёзунгі кшталту: “Беларуская дзяржава – наша самая галоўная каштоўнасьць!” ці “Незалежнасць Беларусі – гэта наш будучы дабрабыт!”, “Беларусь – наш агульны дом”.

(Бандарэнка: ) “Я, па-першае, нязгодны абсалютна з такім падсумаваньнем. Я яшчэ раз хачу сказаць, што кіраўніцтва БНФ заявіла аб падтрымцы акцыі “Народны марш”, гэтаксама як аргкамітэт “Народнага маршу” будзе прымаць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні 25 сакавіка. Агульная праграма на гэтыя акцыі распрацаваная, яна рэалізуецца. Безумоўна, ёсьць пытаньне дысцыпліны сяброў асобнай партыі. Безумоўна, адзін лёзунг, пад якім мы хадзілі са спадаром Алесем на ўсе акцыі – гэта лёзунг “Жыве Беларусь!” Ці гэта сацыяльна-эканамічная, ці іншая акцыя, лёзунг “Жыве Беларусь!” гучыць паўсюль, і ён будзе гучэць таксама 12 сакавіка ў Менску і будзе гучаць 25 ці 23 сакавіка па ўсёй краіне”.

(Астроўскі: ) “У мяне вельмі кароткі дадатак. Усё пакажа час. Калі мы будзем мець пасьля такіх гучных прыгатаваньняў вынік “як заўсёды”, дык я думаю, тыя, хто нас слухаюць, потым зробяць адпаведныя высновы, калі яны яшчэ зараз іх не зрабілі”.

(Бандарэнка: ) “Мне здаецца, трэба быць шчырым перад самім сабой, каб ты мог людзям са спакойным сумленьнем глядзець у вочы. Вось гэта самае галоўнае. І трэба змагацца за свабоду, а формы змаганьня могуць быць самыя розныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG