Прыцягненьне людзей на папярэдняе галасаваньне ў Наваполацку набывала часам гратэскавыя формы. Зрэшты, усе факты парушэньняў выбарчага заканадаўства ўважліва фіксаваліся, а агульны маніторынг парушэньняў праводзіў праваабарончы цэнтар “Вясна”. Гаворыць прадстаўнік цэнтру Зьміцер Салаўёў:
(Салаўёў: ) “У горадзе Наваполацку меў месца вялікі прымус людзей да ўдзелу ў папярэднім галасаваньні. Прычым, гэта, у асноўным, адбывалася на дзяржаўных прадпрыемствах. Такіх, як “Палімір”, дзе людзей адпускалі на дзьве гадзіны раней дадому, і падганялі аўтобусы, якія развозілі іх па выбарчых участках.
Таксама вызначыўся Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе ў студэнцкіх інтэрнатах хадзілі выхавальнікі па паверхах і сілком гналі студэнтаў на папярэдняе галасаваньне, сьцьвярджаючы, што ў тых, хто не прагаласуе, будуць праблемы з пражываньнем у інтэрнатах.
Акрамя таго, я асабіста бачыў, як дырэктарка крамы “Дзьвіна” Маркевіч Іна Міхайлаўна хадзіла па гандлёвай залі (гэта адбывалася 1 сакавіка) і адзначала ў сшытку, хто з прадаўцоў прагаласаваў, а хто не. Тых, хто не прагаласаваў, яна прымушала ісьці галасаваць, кажучы наступнае: “2 сакавіка вы, а восьмай гадзіне, абавязаныя пайсьці прагаласаваць, і толькі тады ўжо зьявіцца на працу”. Калі я сказаў, што яна парушае правы работнікаў, яна ў грубай форме адказала: “А я жадаю, каб яны абавязкова прагаласавалі”.
У выніку на асобных участках дасягнутыя нечуваныя вынікі: адсотак папярэдне прагаласаваўшых сягнуў 30! Прычым, ён найбольш вялікі там, дзе балятуюцца сябры апазыцыйных партыяў. І толькі на ўчастку №21, дзе балятуецца сябар Партыі БНФ Васіль Главацкіх, прагаласавала датэрмінова ўсяго каля 13%. Гаворыць давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Руслан Вайцахоўскі:
(Вайцахоўскі: ) “На нашым участку №21 папярэдне прагаласавала 12,7% выбарцаў. У такой сытуацыі мы, давераныя асобы, вымушаныя былі ўсю ноч правесьці ля школы, дзе знаходзіцца ўчастак. Сачылі, каб ніхто сярод ночы не заходзіў у школу. Чаму мы мусілі гэта рабіць? Таму, што няма даверу ўладам”.